Ніва № 31 (2516), 1 жніўня 2004 г.

Моладзь. Перспектывы

Сакрат ЯНОВІЧ

Моладзь — гэта працяг нацыі, а нацыя — гэта асобны лёс. Можна сказаць: якая нацыя, такая і яе моладзь. Хоць гэта не зусім так, не цалкам, калі не забывацца на тое, што нішто не стаіць на месцы. Кожнае наступнае пакаленне ў нечым іншае. Усё болей развітае. Такі закон жыцця.

Беларуская меншасць у Польшчы асаблівая тым, што ўяўляе сабою не толькі нацыянальную культуру, але і нацыянальную тэрыторыю як частку рэгіёна Падляшша. Яе лёс не толькі ўсяпольскі ў сваіх параметрах, але і спецыфічна рэгіянальны. Як кампанент славутае Усходняе Сцяны. Тае гаспадарчае паласы Польшчы, якая характарызуецца самым нізкім даходам на душу насельніцтва і, натуральна, цывілізацыйнай адсталасцю.

Трэба адначасна зазначыць, што польскія беларусы як перыферыйнае ваколле ўсебеларускага этнасу, ад дня 1 траўня апынуліся ў Еўрасаюзе, побач з падобнымі беларускімі меншасцямі ў Літве ды Латвіі.

Нам, беларусам тут, уваход у Еўропу значыць выхад у шырэйшы ад польскага кантэкст існавання. Эканамічнае значэнне Беласточчыны ў рамках польскай дзяржавы ўсяго крыху большае за нулявое. Дэфіцытнае ваяводства. Зусім іншай акажацца сітуацыя Беластоцкага краю як найдалей на ўсход высунутага рубяжа Еўрапейскага Саюза. Наша дзікая прырода і пушчы набудуць унікальную каштоўнасць у заходняй індустрыі турызму, адпачынку, біялагічнага аднаўлення чалавека. Пераўтворымся ў еўрапейскі закутак курортаў; самой Польшчы, як бачым, хапае Татраў і Сопату. Разам з тым, наша зыходнае становішча на шляху ўсходняга транзіту выкліча неабходнасць інвестыцый тут у кантынентальным руху тавараў. Карацей кажучы: будзем патрэбнымі не адной толькі Польшчы. Гэта важная канстатацыя.

Ведаючы маруднасць гісторыі, усё гаворанае датычыць не столькі цяперашняга часу, колькі будучага менавіта. Еўрапейскія перспектывы — замест толькі польскіх — трэба бачыць як перспектывы пакаленню, што ўваходзіць у жыццё. Пакаленню, што перастае быць сялянскім, робячыся інтэлігенцкім. Эпоха плуга і фабрыкі канчаецца, прадукцыя перастае быць праблемаю (адсюль і беспрацоўе). Свет ідзе ў напрамку прапорцый 80:20, што тлумачыцца — дзеля функцыянавання ды разгортвання эканомікі дастаткова дваццаці працэнтаў папуляцыі; у развітай гаспадарцы восемдзесят працэнтаў зарабляе на хлеб у паслугах, шырока зразуметых. Знаходзімся ўсяго на парозе землетрусных змен.

Знікае стэрэатып беларускай нацыянальнай меншасці як сялянскай, вясковай, грамадзянска другасортнай. Знікае і сама вёска як постфеадальная структура, пераарыентоўваючыся ў аграрную таварнасць. Гэтая з’ява на Захадзе даўно адбылася.

Часамі дыскутуем: хто беларус, а хто ўжо не. Дзе беларуская моладзь, а дзе небеларуская? У гэтым выпадку такая дыскусія не мае грунту, бо гаворым пра лёс, усім аднолькавы на нашай нацыянальнай тэрыторыі. Прыкладам кажучы: гайнаўскі касцельны паляк у сваіх жыццёвых перспектывах з’яўляецца такім жа беларусам як і той, хто ахрышчаны ў царкве. Эканоміка не залежыць ад нацыянальнасці, поле родзіць кожнаму, хто дбайны.

Раздумваючы пра лёс, нацыянальнасць чалавека несумненна мае значэнне ў сэнсе ментальнасці, адносін да іншых і да свету. Той жа гайнаўскі паляк хутчэй пашукае сабе лепшага хлеба ў глыбі Польшчы, чым свядомы беларус, якому не ўсё роўна, у якім месцы жыць. Хоць той і той будуць мець падобныя праблемы з адаптаваннем сябе ў шчыра польскае асяроддзе; гайнаўскі паляк ментальна, філасофіяй быту выдасць сябе непалякам, нягледзячы на патрыятычна-касцельную заядласць. Гэта так: якая глеба, такая і расліна на ёй.

Каб зразумець нешта капітальнае, трэба паглядзець на тое, што ўжо здарылася, і на прычыны таго. Самае галоўнае — сталіся мы Усходняй Сцяною, эканамічна лішняй Польшчы, нізкапрадуктыўнай паласою, якая апускаецца ў дэмаграфічную катастрофу, у краіну мігрантаў і эмігрантаў. У даваенны час гэта быў парог Крэсаў, шматлюднасць якіх, наогул вясковая, утрымлівалася дзякуючы доўгай стагнацыі цэнтраў польскае эканомікі (зрух да лепшага праявіўся не раней 1938 г.). Закаркоўвала страта традыцыйных расійскіх рынкаў збыту.

Усходняя Сцяна ўзнікла маментальна, на працягу ўсяго папярэдняй дэкады дзевяностых гадоў, калі змяніўся грамадска-палітычны лад у дзяржаве, пачалася рынкавая гаспадарка. Ва ўмовах Польскай Народнай Рэспублікі рахунак і даход лічыліся нечым другарадным пасля сацыяльнай палітыкі, апякунскай, у адпаведнасці з якою дзяржава намагалася насыціць паасобныя тэрыторыі-рэгіёны вытворчымі структурамі, не азіраючыся вельмі на рацыянальнае абгрунтаванне такіх пачынанняў ды іх кошт. Гарантаваная работа, уключна да мястэчак, і гарантаваная плата, хоць невысокая, на мяжы сацыяльнага мінімуму. Так было.

Новая рэальнасць выклікала перш за ўсё банкруцтва сацыяльна арыентаванай сістэмы, у якой беспрацоўе лічылася цяжкім грэхам, нечым палітычна недапушчальным. Сутнасць Усходняе Сцяны ў тым, што эканамічныя структуры ў сваёй пераважнасці ўзніклі на ёй штучна менавіта, вытвараючы ў эфекце непраўдападобнае потым беспрацоўе; у вяскова-местачковай правінцыі практычна 40-50 працэнтаў. Эвентуальнае ўліванне цяпер капіталу ў гэту зруйнаваную тэрыторыю абсалютна нерэальнае з-за адсутнасці адносных кадраў, мігруючых нават не ў Беласток, таксама пусцеючы. Задзейнічаў пыласос дынамічных цэнтраў за Віслаю.

Рэдка ў якіх фірмах спадзяюцца на моладзь, калі дарослых поўна без работы і заробку. Што можа актуальна рабіць на перспектыву малады беларус ці беларусападобенец? Вучыцца, канчаць факультэты, дабівацца дыпломаў. Гэта ўмова агульнапольская і, нават, агульнаеўрапейская, калі не забываць, што ў Польшчы самы нізкі, у параўнанні з Захадам — адсотак людзей з вышэйшай адукацыяй (7 працэнтаў). Дэфініяваць новую сітуацыю цяперашнім часам можна наступна: не табе даюць работу, але ты сам ствараеш сабе работу.

Беластоцкая эканоміка шмат у чым каланіяльная, грунтуецца на сыравінных рэсурсах і таннай рабочай сіле. Праблема, фактычна, адна тут: збыт. Скутак ад таго — энергічны юнак або дзяўчына, замест заўсёды рызыкоўнага замужжа, бярэцца за яшчэ рызыкоўнейшы нейкі бізнес. Як я бачу, гараць на бізнесе не тыя, хто ім заняўся, але тыя, хто хоча адразу, хутка, многа. Шырокагорлыя бізнесоўцы.

Нам будзе надта цяжка, бо ўсе мы дзеці сваіх бацькоў з вёскі, у якой рызыка была ад Бога (пагода!). І мы, аднак, дзеці сацыялізму, у якім улада клапацілася, каб ніхто не памёр ад голаду. Сёння дазволена такая роскаш... Разам з тым наш гарадскі рынак надта манатонны, неразвіты, на ўзроўні патрэб класічнай вёскі (Беласток, Гайнаўка, Бельск — сялянскія гарады). Працэс гарадызацыі рэдукаваў вёску да неабавязковага дадатку гораду, з перспектывай на цывілізацыйны рудымент — не: Беласток плюс вёска, але: Беласток плюс пушча.

Афрыканізацыя Усходняе Сцяны абумоўлівае яе будучыню, якую складаюць два элементы: сыравіна плюс турызм. Трэці элемент — транзіт, будзе залежыць ад рэляцый: Еўрасаюз — Усход. Можна спадзявацца на спекуляцыйны капітал у сувязях з Беларуссю, партнёрства бедных з беднымі, якое яшчэ нядаўнім часам запаўняла „базары”. Невыпадкова ідзе гаворка ў матэрыяльным, эканамічным плане; інтэлектуальныя паслугі ў асяроддзях сялянскага паходжання мала запатрабаваныя (напрыклад, не разбагацееш на продажы кніжак).

Беручы за падставу лёс чалавека і грамадства, ва ўсходнесценным Беластоцкім краі ўсе да апошняга беларусы, хоць далёка не ўсе аб тым ведаюць. Гэтая аб’ектыўная беларусізацыя фіналізуецца трывалай адрознасцю ад завісленскай Польшчы. Папярэдняя інтэграцыя з ёю была выклікана ідэалагічнымі патрэбамі, надта інтэнсіўнымі ў эпоху Герка. Ненатуральнасць тае інтэграцыі хутка праявілася ад моманту ліквідацыі ідэалагічнай дамінанты, уводжання ў эканамічнае жыццё проста законаў эканомікі, іх вярхоўнасці над палітыкай.

Перыферыйная патрэбнасць краіне ў прыналежнасці да яе Беластоцкага краю радыкальна зменіцца на вялікі пазітыў з прыходам сюды Еўрапейскага Саюза. Гэтая меншасная тэрыторыя пачне функцыянаваць ужо ў кантынентальным кантэксце, якому паспрыяе перш за ўсё ліквідацыя мытных бар’ер, а таксама свабода руху насельніцтва. Падвойная частковасць — частка Польшчы, частка Еўропы — пераўтворыць нашу „сценнасць” у важны рэгіён на прасторы ад Буга і Белавежы да Ла-Манша. Рэалізуецца тое, вядома, няхутка, аднак пры жыцці сучаснага маладога пакалення.

Лепшая будучыня чакае толькі добра адукаваных маладых, здольных стацца партнёрамі заходняму чалавеку. Толькі іх, валодаючых мовамі ды універсітэцкімі ведамі. Не ніжэй. Без пашырэння вышэйшай адукацыі мы будзем Еўропе неграмі, каланіяльным людам. Заходні чалавек часта высокаадукаваны, а наш чалавек не заўсёды хаця б з „матураю”. Якое ж тады можа быць партнёрства, напрыклад, між французскім інжынерам і польскім матурыстам? Толькі такое, як калісьці між фабрыкантам і рабочым (сярод рабочых былі яшчэ і чорнарабочыя, без кваліфікацый прынамсі мінімальных, такія „ні чытаці — ні пісаці”).

Таму, гаворачы пра перспектывы маладым, гаворым пра высокую адукацыю. Іначай толькі паўторым лёс бацькоў.