Ніва № 30 (2515), 25 ліпеня 2004 г.

Міжнацыянальнае жыццё

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

У пачатку ліпеня Беласток наведала Рабочая Група няўрадавых арганізацый Садружнасці Незалежных Дзяржаў па прадухіленню і ўрэгуляванню канфліктаў. Група займалася, у першую чаргу, высвятленнем міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, якія склаліся на тэрыторыі Падляшскага ваяводства.

Не сакрэт, што цяперашняя сітуацыя ў вышэйзгаданым аспекце на тэрыторыі былога Савецкага Саюза характарызуецца значнай складанасцю. Часы паказнога інтэрнацыяналізму мінулі, а абуджэнне нацыянальнай годнасці і самасвядомасці, асабліва на пачатку 90-х гадоў, некаторымі „гарачымі галовамі” ўспрымалася як штуршок для распальвання міжнацыянальнай і міжрэлігійнай варожасці. Гэтыя праблемы шмат дзе існуюць і дагэтуль. Праўда, цяпер у многіх месцах яны не стаяць так востра як дзесятак гадоў таму, бо міратворчыя намаганні далі свой плён, але спадзявацца, што канфлікты на міжнацыянальнай глебе не разгарацца зноў было б вельмі наіўна. Менавіта на высвятленне і аналізаванне варункаў жыцця нацыянальных і рэлігійных меншасцей на Падляшшы была накіравана праца Рабочай групы ў складзе дырэктара няўрадавай арганізацыі „Дыялог” з Казахстана Ігара Савіна, аспіранта Белдзяржуніверсітэта, рэдактара часопіса „Палітычная сфера” Андрэя Казакевіча і прадстаўніцы забароненай беларускай праваабарончай арганізацыі „Вясна” Паліны Сцепаненкі...

(...)