Ніва № 29 (2514), 18 ліпеня 2004 г.

Місія на паперы?

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

Падляшскае ваяводства — рэгіёнам актыўнага і зраўнаважанага развою, з выкарыстаннем натуральнага асяроддзя, шматкультурнай традыцыі і прыгранічнага распалажэння, — гэтак самаўрадавыя ўлады акрэслілі місію, якая мае спадарожнічаць стратэгіі развіцця рэгіёна.

Не перакладваецца гэта, аднак, на грошы, якія можа здабыць ваяводскі самаўрад і якія перададзены паветам паўднёва-ўсходняй часткі рэгіёна ў рамках кантракта ваяводства з урадам на бягучы год. Акрэслівае ён абсяг падтрымкі рэгіёна дзяржавай, значыць, назначэнне грошай акрэсленых м.інш. у ваяводскай праграме да 2006 года. Мясцовыя самаўрады, публічныя ўстановы, якія дзейнічаюць не дзеля прыбытку ды няўрадавыя і грамадскія арганізацыі маглі падаваць заявы, якія датычылі „разбудовы і мадэрнізацыі тэхнічнай і грамадскай інфраструктуры”. Агулам да падзелу быў блізка 31 мільён злотых. Тэрмін падавання заяў мінуў 14 траўня. Былі пададзены 385 заяў на блізка 200 млн. злотых.

Маршалкоўская управа выбрала 66 заяў. Прымаліся пад увагу: згоднасць заяў з прыярытэтамі стратэгіі і ваяводскімі праграмамі, рэальнасць супольнага фінансавання, камплектнасць тэхнічнай і фінансавай дакументацыі і г.д. 22 чэрвеня ўправа ваяводства зацвердзіла выбраныя заданні да рэалізацыі. Мае іх яшчэ зацвердзіць Міністэрства эканомікі.

Найбольш сур’ёзную групу праектаў складаюць тыя, што датычаць дарожнага будаўніцтва, аховы здароўя, асветы і культуры. З 66 заяў толькі сем датычаць найбольш недаінвеставанай паўднёва-ўсходняй часткі рэгіёна. На падтрымку можа разлічваць староства ў Бельску-Падляшскім — на перабудову дарогі ў мясцовасці Якубоўскае. Сёлета на гэтую мэту назначана 400 тыс. зл., з чаго 300 тыс. зл. дасць урадавы бок. 800 тыс. зл. (430 тыс. зл. — урад) мае пайсці на перабудову адрэзка вул. Беластоцкай і скрыжавання вуліц Спартыўнай з Баторыя і а. Дзевятоўскага ў Гайнаўцы ў частцы ваяводскай дарогі Гайнаўка — Кляшчэлі. На завяршэнне ўсяе задачы трэба яшчэ больш за 200 тыс. злотых. Да таго з кантрактных грошай мае быць перабудавана ваяводская дарога на адрэзку Елянка — Кляшчэлі (300 тыс. зл., у тым ліку 190 тыс. зл. — ад урада). Прадбачана таксама 1,6 млн. зл. (1,1 млн. зл. — ад урада) з каля 4 млн. зл. патрэбных на разбудову Комплексу школ у Сямятычах, а таксама больш за 101 тыс. зл. (81,5 тыс. зл. — ад урада) на рамонт фасаду музея ў Бельску-Падляшскім. У сваю чаргу ўсё недаінвеставаны Музей ікон у Супраслі (але гэта мае атрымаць цэнтральны абшар ваяводства) будзе мець усю патрэбную суму — 1 млн. 10 тыс. зл. (з чаго аж мільён дае ўрад). Урэшце, поўнасцю задаволены могуць быць жыхары Бельска, якія разлічваюць на каля 1,1 млн. зл. на мадэрнізацыю Ратушовага пляца і малога базару па вул. Крынічнай. І гэта ўсё, на што могуць разлічваць паўднёва-ўсходнія падляшы ў рамках кантракта. Агулам ваяводскі самаўрад са „сваім урадам” дасягнуў ледзь 15,5% таго, чаго чакалі самаўрады і арганізацыі ўсяго ваяводства, калі не ўлічваць, напрыклад, урадавых датацый да чыгункі (12 млн. зл.).

Вядома, некаторыя заданні, якія будуць рэалізаваны ў рамках кантракта, датычыць будуць таксама жыхароў Бельскага, Гайнаўскага ці Сямятыцкага паветаў. Справа перш за ўсё ў заявах наконт аховы здароўя, галоўным чынам на закупку мадэрнага абсталявання для бальніц. Аднак, на гэтыя грошы могуць разлічваць асяродкі аховы здароўя перш за ўсё ў Беластоку, і далей у чарзе планаваных закупак абсталявання — у Харошчы, Сувалках ды Ломжы.

А што скажуць на гэта непасрэдна зацікаўленыя прадстаўнікі самаўрадаў, як гэта акрэслена ў стратэгіі развою ваяводства — „паўднёва-ўсходняга абшару”? Стараста Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук думае падобна, як шмат хто з падаўшых заявы:

— Я не цалкам задаволены. Не быў адобраны ні адзін з нашых праектаў. Тлумачыліся недахопам сродкаў. Наша староства падало тры заявы, былі таксама заявы з гмін нашага павета. Маем запісаныя дзве інвестыцыі, якія маюць быць рэалізаваныя на нашай тэрыторыі, але былі яны пададзены Падляшскай управай дарог. Будзем, аднак, шукаць грошай на нашы праекты ў інтэграванай праграме рэгіянальнага развою і ў рамках еўрасаюзных структурных фондаў.

Дырэктар ведамства рэгіянальнага развою Цэзары Алдакоўскі лічыць, што адна са стратэгічных мэт Падляшскага рэгіёна — „развой міжнароднага і рэгіянальнага супрацоўніцтва, з выкарыстаннем памежнага распалажэння ваяводства”. Значыць, як з гэтага можна зразумець, у значнай ступені Бельскага, Гайнаўскага ды Сямятыцкага паветаў. У будучыні надзея гэтай часткі ваяводства застаецца на хвалі грошай, якая мае наплысці з Еўрасаюза, але і з Нацыянальнага плана развою Польшчы 2007-2013. Тут можа здасца дзіўным для выкарыстання (атрымання грошай) факт узнікнення на польска-беларускай мяжы — еўрасаюзнай мяжы.

Віцэ-міністр эканомікі Крыстына Гурбель сказала „Ніве”:

— Адпаведную праграму, звязаную з вынікамі гэтага факту, можна сфармуляваць у рамках Плана развою, але на 2007-2013 гг. Поле — адкрытае. Калі адпаведная праграма будзе апрацавана, ёсць шанцы яе прыняць. Трэба палічыць вынікі, акрэсліць, што ў сувязі з гэтым хочам рабіць, колькі гэта будзе каштаваць і якія атрымаем вынікі.

Калі справа ў грошах у рамках кантракта, рэалізаванага да 2006 г., новая працэдура падавання заяў і новыя перамовы з урадам (новым?) пачнуцца ў новым годзе — ад пачатку.