Ніва № 28 (2513), 11 ліпеня 2004 г.

Якая сіла кіруе ў Беларусі

Віктар САЗОНАЎ

Ужо на пачатку 80-х гадоў дваццатага стагоддзя ў БССР канчаткова сфармаваўся клас беларуска-савецкай наменклатуры. Два дзесяцігоддзі да таго не зусім было зразумела, якія галоўныя прыярытэты сваёй палітыкі ён абярэ. Калі ў той жа Балтыі мясцовыя наменклатуры зберагалі свае нацыянальныя адметнасці і каштоўнасці — мову, культурную і духоўную спадчыну, то ў Беларусі маскоўскія ўплывы былі куды мацнейшымі. Гэта тлумачылася мноствам фактараў, галоўнымі з якіх сталі два. Першы — тое, што ў Беларусь пасля вайны было прысланае мноства расійскіх чыноўнікаў, якія пільна сачылі за дэталёвым выкананнем маскоўскіх дырэктываў і паспяхова нішчылі нацыянальную свядомасць беларусаў. Другі, яшчэ больш важкі фактар — бээсэсэраўскія наменклатурнікі займелі перспектывы росту ў агульнасавецкіх уладных структурах. Прытым яны былі ўпэўненыя, што ў разе няўдачы там, заўсёды могуць вярнуцца на сваю „вотчыну” — Савецкую Беларусь, дзе цёплае месца было гарантаванае. Усе мажлівыя ільготы, бясплатныя кватэры і лецішчы, перспектыўная адукацыя дзецям, а пасля і ўтульнае месца працы для іх, ды безліч іншых сталіся больш важнымі для гэтых людзей, чым захаванне нацыянальнай тоеснасці беларускага народа. Гэта вызначыла шляхі фармавання светапогляду бээсэсэраўскай наменклатуры...

(...)