Ніва № 27 (2512), 4 ліпеня 2004 г.

Запрацавалі добрую славу!

Ганна КАНДРАЦЮК

— У першы клас гімназіі запісалася ўжо сем асоб, — кажа Аліна Ваўранюк, настаўніца беларускай мовы ў Беластоку.

Хоць лік першакласнікаў-гімназістаў сціплы — усё ж поспех. Большасць іх не хадзіла ў „чацвёрку”. Дарэчы, у гэтай узроставай групе, як ніколі, былі праблемы з арганізаваннем урокаў. Працягам шасці гадоў родную мову ў ПШ н-р 4 вывучалі толькі тры вучаніцы.

Аднак не колькасць тут важная! Дзяўчаты ўсе (на чатыры асобы ў класе) атрымалі пасведчанні з бела-чырвонымі палоскамі, а іх бацькі віншавальныя граматы. Аня Яканюк і Магда Саковіч закончылі шосты клас з сярэдняй ацэнкай 5,5, Оля Максімюк 5,0. За шэсць гадоў прынеслі яны школе многа ўзнагарод, у першую чаргу за ўдзел у беларускіх конкурсах. Аня Яканюк, вядомая сярод грамады як старшыня школьнага камітэта.

Зараз дзяўчаты запісаліся ў беларускі клас Гімназіі н-р 7, што па вуліцы Сталэчнай. Разам, у першым і другім класах (трэцяга пакуль няма) будзе 20 навучэнцаў. Варта дадаць, што сярод нашых сяброў на ўрокі ходзіць дзяўчына мараканска-польскага паходжання Ясміна Абоў-Гіляль.

— У гэтым годзе ўсе нашы выпускнікі пойдуць у „чацвёрку”, — інфармуе Луцыя Няміровіч, дырэктар Польска-беларускага садка н-р 14.

У „чацвёрцы” ўсё ж спадзяюцца, што, апрача васьмі выпускнікоў садка, дойдуць іншыя. Асабліва ў апошнія гады, калі дзеці з беларускіх класаў пачалі дасягаць найлепшыя вынікі ў навуцы і мастацкіх конкурсах, урокамі пацікавіліся палякі і бацькі з польска-беларускіх сем’яў.

Найлепшы ў школе V „а” клас — гэта асаблівы клас на карце Беластока. Раз, што найбольш навучэнцаў беларускай мовы, ды яшчэ ў ім больш праваслаўных як католікаў. Сярод 12 вучняў, якія атрымалі пасведчанні з бела-чырвонымі палоскамі — аж 9 з беларускай групы! Самыя высокія дасягненні ў навуцы заваявала Наталля Кандрацюк-Свярубская, ў якой сярэдняя ацэнка 5,6. Наталля — фіналістка прадметнага конкурсу беларускай мовы. У ліку згаданых выдатнікаў апынуліся: Марыюш Врублеўскі, Оля Каліна, Аляксандр Ваўранюк, Мацей Карчэўскі, Оля Паўлючук, Алекс Мазурук, Эмілія Мусько і Матфей Севастыянік.

Нашы выдатнікі і іх бацькі атрымалі яшчэ процьму дыпломаў і віншаванняў за ўдзел у беларускіх конкурсах і за працу ў карысць школы.

— Якія ў нас дасягненні? — пералічвае найважнейшыя Аліна Ваўранюк. — За гады навукі мы запрацавалі добрую славу. Нашы дзеці наогул найлепшыя вучні ў школе.

Падобная справа і з бацькамі. У мінулым годзе мы на ўласны кошт арганізавалі і абсталявалі клас для навучання беларускай мовы. Бацькі памалявалі сцены, купілі столікі і крэслы, табліцы, дапаможнікі. Дзякуючы ім і спонсарам купілі яшчэ камп’ютэр і іншую тэхніку. Вялікай падзеяй лічым таксама экскурсію ў Беларусь. На вандроўку, якая адбылася напрыканцы школьнага года, паехалі дзеці і гімназісты з бацькамі. Наведалі Гродна, Мір і Навагрудак.

Вядома, шмат тут поспехаў у мастацкіх конкурсах і прадметным па беларускай мове.

— З гэтага года, — адзначае настаўніца, — мы ўручаем узнагароду нашаму найлепшаму вучню. Уфундаваў яе амбасадар Беларусі. Сёлета, такую ўзнагароду CD-плэер (odtwarzacz kompaktowy) атрымала Оля Максімюк.

Выхаваўча-мастацкая праца будзе працягвацца ў час канікул. На пачатку ліпеня беластоцкія навучэнцы паедуць на этнаграфічны летнік у Белавежу. А я, — кажа Аліна Ваўранюк, — праз лета буду працаваць над падручнікам беларускай мовы для І-ІІІ класаў.

З верасня ў беластоцкай „чацвёрцы” будзе за пяцьдзесят навучэнцаў беларускай мовы.

— Да нас таксама запісалася ўжо 50 дзетак, — чую ў беларускім прадшколлі. Гэта рэкордная колькасць у гісторыі садка. Прытым рэклама ідзе прыватным каналам. Бацькі захвальваюць прадшколле сваім знаёмым і сваякам. З другога боку, садок дасягнуў многа ўзнагарод у тэатральных, пластычных, спявачых, дэкламатарскіх конкурсах. Прытым узнагароды і прызы дзеткі атрымалі не толькі ў беларускіх спаборніцтвах. Яны, згодна з духам прадшколля, паказваюць свае спектаклі і песні на беластоцка-польскіх мерапрыемствах і заваёўваюць там галоўныя прызы.