Ніва № 26 (2511), 27 чэрвеня 2004 г.

Культура ў Вроцлаве

Аляксандр МАКСІМЮК

Пасля I Фестывалю беларускай культуры ў Вроцлаве не магу стрымацца ад думкі, што ў гэтак званым беларускім пытанні горад Беласток прамантачыў усё, што толькі можна было прамантачыць. А ў вас, паважаныя чытачы „Нівы”, калі акуратна разгледзіце нумар, які перад вамі — можа скласціся падобнае ўражанне. Месцам прэзентацыі беларускай культуры становяцца любыя гарады Польшчы — Гданьск, Кракаў, Вроцлаў — абы толькі не Беласток... У Беластоку выхад беларускай культуры на агульнагарадскі форум чамусьці — можна тут пажартаваць — асацыюецца амаль са стратай незалежнасці Польшчай...

Праходзіў вроцлаўскі Фестываль беларускай культуры з 10 па 13 чэрвеня ў самім цэнтры горада, у якім арганізатары згусцілі і без таго багатую ды па краі набрынялую культурную прапанову (быць на ўсіх мерапрыемствах аказалася фізічнай немагчымасцю). Пачыналася жыхарам Вроцлава знаёмства з беларушчынай звычайна а 14 гадзіне і з гэтага моманту арганізатары ўжо „не адпускалі ўдзельнікаў” да позняй начной гадзіны, найчасцей было ўжо добра за поўнач, калі раздаваліся апошнія гукі канцэртаў. Арганізатары ж так паскладалі праграму Фестывалю, што ў адзін дзень на гледача-слухача „абвальваліся” разнастайныя па жанры мерапрыемствы — даклады, выстаўкі фатаграфій і жывапісу, канцэрты аўтарскай песні ды класічнай музыкі, тэатральныя пастаноўкі... Калі паглядзець на ўсё гэта не толькі з пункту погляду жыхара Вроцлава, але, напрыклад, з майго пункту, чалавека, які ўпершыню наведаў сталіцу Ніжняй Сілезіі, дык да ўсяго гэтага даходзіла яшчэ і знаёмства з надзвычайнаю красой горада ды ніжнесілезскіх краявідаў.

Арганізацыя Фестывалю, па словах галоўнага арганізатара і старшыні Калегіі Усходняй Еўропы Анджэя Дамброўскага, аказалася з ідэалагічнага пункту гледжання не зусім простай справай. Арганізатары, дзеючы ў рамках пагаднення аб сяброўстве паміж Гроднам і Вроцлавам, памкнуліся аб’яднаць у Фестывалі „афіцыйную” і „незалежную” культуру Гродна. Фестываль праходзіў менавіта з націскам на прэзентацыю Гродна, хоць у вроцлаўскіх галерэях паказваліся і мінскія мастакі. Памкненне гэткае ўдалося, бо побач прадстаўнікоў Гродзенскага гарвыканкама можна было ўбачыць гарадскіх дэпутатаў ад апазіцыі, рэдактара гродзенскай газеты „День” Міколу Маркевіча, ганаровага старшыню Саюза палякаў Беларусі Тадэвуша Гавіна, ды іншых. Гэтая разрозненасць на „афіцыйнае” і „незалежнае” выявілася і ў вонкавай атрыбутыцы, з якою абносіліся гродзенцы — адны мелі прышпіленыя значкі з зялёна-чырвоным сцягам, а другія — з бел-чырвона-белым.

Абачлівасць ды хітрасць арганізатараў праявілася ў агульнай формуле правядзення Фестывалю — над усімі мерапрыемствамі быццам лунаў сцяг „Фестываль беларускай культуры”, але калі я прыгледзеўся дакладней, дык аказалася, што прэзентацыя часопіса незалежнага беларускага мастацтва „Partisan”, даклады Сакрата Яновіча ды Тадэвуша Гавіна адбыліся ў рамках праекта Калегіі Усходняй Еўропы, які завецца „Academia Unius Europae”.

— Я не думаю, каб Гарадскі савет Гродна, з якім мы падрыхтоўвалі Фестываль, так лёгка пагадзіўся на, скажам, Сакрата Яновіча ці канцэрт Віктара Шалкевіча ў праграме Фестывалю, — патлумачыў мне А. Дамброўскі, калі я запытаў яго, навошта было друкаваць дзве праграмы Фестывалю.

А вось, аказваецца, трэба было. Жыхары Вроцлава дзякуючы гэтаму маглі пазнаёміцца не толькі з вакальна-танцавальным калектывам „Белыя росы”, але і даўняй музыкай эпохі Вялікага княства Літоўскага ў выкананні гурту „Стары Ольса”; побач канцэрта Камернага хору гродзенскай капэлы (велічны канцэрт у Праваслаўнай кафедры — была калі-небудзь вроцлаўская царква так шчыльна запоўненай?) выступіў у бібліятэцы Асалінскіх Віктар Шалкевіч, „на якога афіцыйнае Гродна так лёгка не пагадзілася б”.

Акрамя ўжо названых мерапрыемстваў паказваліся ў Вроцлаве „Тутэйшыя” ў выкананні Гродзенскага лялечнага тэатра, адбыліся выстаўкі: фатаграфіі „Гродна мой горад”, жывапісу і графікі гродзенскіх творцаў Юрыя Якавенкі, Сяргея Грыневіча, Аляксандра Сільвановіча і Валянціны Шобы ды сучаснага мастацтва творцаў з круга мінскага таварыства „Майстар” Аляксандра Фалея і Сяргея Крыштаповіча. Быў яшчэ канцэрт на класічную гітару ў выкананні Уладзіміра Захарава. Калі ідзе пра ўспрыманне вроцлаўскімі палякамі Купалаўскай п’есы, то трэба адзначыць, што яны досыць мужна вытрымалі канфрантацыю сваіх міфаў, з тым вобразам, які ім наканаваў беларускі класік. А вось уражальную выстаўку творцаў „Майстры” можна было глядзець дзякуючы садзеянню польскага пасольства ў Мінску, якое ў асобе ягонага сакратара Марыяна Семаковіча прывезла ў Вроцлаў карціны С. Крыштаповіча і А. Фалея.

Вроцлаў гэта яшчэ і краса горада ды краса ніжнесілезскіх краявідаў, як я ўжо і адзначыў у пачатку. Наконт красы горада самі жыхары выказваюцца досыць рэалістычна:

— Мы шмат чаго атрымалі ў спадчыну ад немцаў.

Немцы з’яўляюцца сёння моцна прыкметнай праслойкай турыстаў у Вроцлвае, якія безупынна наведваюць горад і гэтак жа безупынна пакідаюць у ім свае грошы. Гораду ёсць за што дагледжваць сваю красу і не толькі... Грошы на Фестываль беларускай культуры дала Гарадская ўправа Вроцлава. Нічога дзіўнага таксама, што ўзнікаюць у горадзе такія ініцыятывы як Калегія Усходняй Еўропы — фонд, заснаваны па ініцыятыве Яна Новака-Езяранскага, мэтай якога ўзаемапаразуменне палякаў і іхніх усходніх суседзяў. Калі я спрабаваў заікнуцца, што Беласток усё ж больш падышоў бы да прэзентацыі беларускай культуры, мяне зразу абразумілі арганізатары Фестывалю:

— Беласток са сваімі нацыянальнымі напругамі гэта дрэнны выбар. Самае адпаведнае месца для беларускай культуры — Вроцлаў.

Што ж, я ўжо сказаў — Беласток прамантачыў сваё беларускае пытанне і факт гэты стаў вядомым у Польшчы. Адзначу толькі, што Калегія Усходняй Еўропы, акрамя гэтай першай прэзентаці беларушчыны, правяла ўжо тры фестывалі прысвечаныя ўкраінскай культуры.

Вяртацца пасля поўначы з беларускіх канцэртаў у гасцініцу даводзілася доўга. Але той факт, што дарога так доўжылася быў крыніцай нечаканай насалоды — Вроцлаў бурліць жыццём усю ноч, не сціхае гоман яго пабаў, спеваў, начнога жыцця... Ужо ў першы дзень парцье ў гасцініцы мяне перасцерагаў — вы добра заплануйце свой час, у нас напраўду можна яго вельмі прыемна правесці...