Ніва № 25 (2510), 20 чэрвеня 2004 г.

Там па маёвуй росі

Ганна КАНДРАЦЮК

Над уваходнай брамай у скансэн-музей Дарафея Фіёніка красуецца надпіс на старацаркоўнай мове. Замест малітвы бачым там свойскія словы: Там па маёвуй росі! Гэтак завецца Першы міжнародны фестываль веснавога фальклору ў Студзіводах, які праходзіў 4-6 чэрвеня г.г.

— А што так пуста? — пытаю дзяўчынку за брамай.

— Bo cwicza, — паказвае ручкай углыб панадворка.

Сапраўды, у паветры дзіўная вібрацыя. Здаецца нават, што пралятае пчаліны рой.

За хаткай-музеем якраз заняткі па эмісіі голасу.

Сяргей Аленкін з Рыгі паясняе як мяняюцца галосныя. У грамадзе-кругу, заводзіцца гул: і-і-ы-ы-ы-ы...

На бярозках, якімі прыаздобленыя вокны скансэна, трапечуць лісткі.

Сяргей вядзе лекцыю на рускай мове, але сярод моладзі стараславянскае разуменне. Карацей, кожны размаўляе па-свойму: хто па-беларуску, хто па-польску, хто па-падляшску і няма патрэбы ў перакладчыку.

До рана нэ спала

Перад вечаровым канцэртам апошнія рэпетыцыі. На загуменні, дзе руніцца жыта і пахне свежае сена, нясуцца мужчынскія напевы:

Не люблят дівчата шчэ і молодіці,

Пойду ўтоплюсе в холодной крыніці...

Гэта какетнічае мужчынская секцыя гурту „Кудзьмень” з Мінска. Бо, папраўдзе, песні якія спяваюць Раман, Алег і Андрэй — ашаламляюць.

— А што азначае слова „кудзьмень”?

— Паводле слоўніка Ластоўскага? — пытае Раман.

— Можа быць.

— Кудзьмень — рэч чароўная.

Сапраўды, песні якія выконвае мінскі „Кудзьмень” насычаныя подыхам палескай прыроды і археэнергетыкай. Гурт працуе пад кіраўніцтвам самавітай Ірыны Мазюк.

Калі мы стаялі на загуменні і гутарылі пра падабенствы палескай і падляшскай песні, выганам праходзіла цётка з каровай:

— Ой! Як жэ віэтэ гожызно співаетэ. Учора як послухала, то до рана нэ спала.

Карагоды і кадрылі

— Мала месца для той жэмэрвы, — чуецца сярод публікі. Слова жэмэрва як і кудзьмень дзякуючы маладым спевакам вярнуліся да жыцця. Жэмэрва — вясёлая кампанія падлёткаў і моладзі.

Пачатак суботняга канцэрта пачаўся нетыпова — на травіцу ля сцэны выйшлі ўсе танцоры і спевакі, каб завесці карагод. Гэты старажытны рытуальны славянскі танец, — як кажа інструктарка танца Святлана Конева, — нараджае сувязі.

Сапраўды, карагод напамінае працэс даспявання і квітнення кветкі. Найперш, згодна руху сонца, завязваецца ў пупышак, каб з повабам, паступова, расхіліцца ў шырокі круг.

— А ці ў вас у вёсцы вадзілі веснавыя карагоды? — пытаю спявачку з Дашоў.

— Каб так — то не памятаю.

Але элементы карагода адчуваюцца ў далейшым расказе.

— Як спявалі веснавыя песні, то толькі ў кампаніі. Або на лавачцы, або за вёску выйдзем і спяваем ды жартуем хто да каго хадзіць будзе.

Сёння ў Дашах моладзі як на лякарства:

— І смяюцца з нас, што спяваем па-старому, — наракае спявачка, — ім толькі тое дыска-пола давай...

Ах, зубрыці!

— Вы маеце шчасце, — кажа Барбара Вілінская, лідэрка спявачага гурту „Od Poznania” — у вас існуе яшчэ жывы фальклор.

Вялікапольскі этнічны фальклор пачаў гінуць у канцы XIX стагоддзя. Зараз вялікапольскія песні познанскія спевакі развучваюць паводле этнаграфічных запісаў.

Сапраўды — шчасце.

Калі на сцэну выйшлі „Арэшкі” з Арэшкава і заспявалі свае песні, а пасля прадставілі сцэнку „Субота на лавачцы”, студзіводцы не таілі свайго шчасця і ўголас выказвалі захапленне:

— Ах, якія зубрыці!

Усе выканаўцы заспявалі любімую песню галоўнага арганізатара „Там по маёвуй росі”.

— Гэтую песню я першы раз пачуў у Мінску, — расказвае Дарак Фіёнік, — яе запісала пецярбургскі этнамузыколаг Галіна Таўлай у Дубяжыне. І гэтая песня была аналізаваная як самы старажытны прыклад веснавых песень. Пасля я пачаў адкрываць іншыя песні, прытым адчуваў магутную радасць. Гэтай радасцю я хацеў падзяліцца з сябрамі.

Музей у Студзіводах якраз і спрычыніўся да адраджэння этна-падляшскай традыцыі. Раней тут сустракаўся этна-гурт „Дівэрык”, які ў асноўным спяваў песні з наваколля Бельска, запісаныя моладдзю ў час летнікаў і этнаграфічных вандровак. Зараз, пад кіраўніцтвам Ані Фіёнік (сястры Дарка) працуе дзявочая група „Жэмэрва”.

І для яе майская раса, — як галосяць веснавыя напевы, — зараз найбольш патрэбная.