Ніва № 25 (2510), 20 чэрвеня 2004 г.

Адраджэнне надзеі

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Палітычная сітуацыя ў Беларусі з надыходам лета пачала змяняцца. Яшчэ нядаўна цяжка было казаць аб нейкіх моцных кроках мясцовай апазіцыі, а ўжо сёння не толькі моцны, але і мужны крок зрабілі тыя, хто яшчэ пару-тройку гадоў таму лічыўся ледзьве не служачым лукашэнкаўскай адміністрацыі ў створаным ім самім парламенце.

Успамінаючы выбары ў Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе, прыгадваецца мне, былому раённаму каардынатару па назіранні за галасаваннем, горкі прысмак паразы ад таго, як мала мы, назіральнікі, маглі зрабіць, каб выбары прайшлі ў адпаведнасці з законам і Канстытуцыяй. Як і ўсёй тагачаснай апазіцыі, якая складалася на 99% з тых, хто не прыняў рэзультатаў рэферэндуму 1996 года, здавалася, што самым слушным крокам будзе байкот гэтых выбараў у „палатку”. Варта адзначыць, што па нашых даных выбары, напрыклад, у Магілёве, не адбыліся. Даказаць гэта было не цяжка, тым больш, што вялікая колькасць зафіксаваных парушэнняў толькі павялічвала недавер да таго галасавання. Разам з тым, у самой Беларусі мала хто зважаў на нашы аргументаваныя доказы, якія ў хуткім часе сталі толькі матэрыялам для аналізавання прайшоўшай кампаніі...

(...)