Ніва № 25 (2510), 20 чэрвеня 2004 г.

Развітанне са школай

Аляксей МАРОЗ

Развітальная сустрэча выпускнікоў Гайнаўскага белліцэя з настаўнікамі і малодшымі сябрамі адбылася 9 чэрвеня з удзелам бацькоў і многіх гасцей. Найлепшыя па вучобе ліцэісты атрымалі ўзнагароды, а іх бацькі пахвальныя граматы з падзякай за добрае выхаванне. Усе белліцэісты паспяхова здалі экзамены на атэстат сталасці і толькі за выключэннем некаторых, маюць намер вучыцца ў вышэйшых навучальных установах.

— Вы паказалі сваю сталасць і добрыя веды ў час экзаменаў на атэстат сталасці, — распачаў сваё выступленне дырэктар белліцэя Яўген Сачко. — Не будзе ў вас поспехаў у будучыні, калі будзеце жыць несумленна. Вы павінны знайсці сэнс жыцця і акрэсліць свой светапогляд. Мы, беларусы, павінны захаваць нашу культуру, традыцыю і не саромецца роднай мовы.

Дырэктар Яўген Сачко станоўча ацаніў супрацоўніцтва з бацькамі і падзякаваў установам, якія ўспамагалі школу. Жонка амбасадара Рэспублікі Беларусь Наталля Латушка ўручыла Наталлі Лемеш (размову з ёю чытайце на 8 стар.) узнагароду амбасадара за грамадскую працу на беларускай ніве і выдатную вучобу. Такую ж узнагароду перадала Наталля Латушка белгімназістцы Магдаліне Чыквін. За выдатныя вынікі ў вучобе і лепшыя рэзультаты на экзаменах на атэстат сталасці Магдаліна Леанчук атрымала ўзнагароду з рук гайнаўскага старасты Уладзіміра Пятрочука. Старшыня Беларускага форуму самакіравання ў РП Міхась Андрасюк уручыў дзве ўзнагароды — Іаанне Врублеўскай, якая дабілася самых лепшых вынікаў у вучобе і актыўна дзейнічала ў школьным самаўрадзе ды Маргарыце Карпюк — за добрую вучобу і прапагандаванне беларускасці ў польскім асяроддзі (выступала ў праграме „Ідал”). Вучні, якія атрымалі пасведчанні з бел-чырвонай палоскай і паспяхова здалі завяршальныя экзамены атрымалі кніжныя ўзнагароды.

— Не забывайце роднага кутка і таго, чаго вас навучылі радзіма, школа, бацькі і дзядулі, — сказаў епіскап Гайнаўскі Міран, які выступіў на беларускай мове. Перадаў ён вучням віншаванні ад мітрапаліта Варшаўскага і ўсяе Польшчы Савы ды іконкі.

Малодшыя вучні ўпрыгожылі гімнастычную залу, у якой адбывалася мерапрыемства, сцягамі Польшчы, Еўрасаюза і народнымі беларускімі ручнікамі. Перад выпускнікамі і іх бацькамі выступілі з беларускімі песнямі малодшыя сябры. Выпускнікі атрымалі ад іх пажаданні і кветкі. Самі падзякавалі настаўнікам за вучобу, выхаванне і ўручылі прыгожыя кветкі.

— У школе была мілая атмасфера. Настаўнікі былі прыязныя вучням. Апрача вучобы былі экскурсіі і адпачынак. Думаю, што беларуская мова спатрэбіцца мне ў будучыні. Калі буду шукаць працу, далучу інфармацыю, што ведаю беларускую мову і гэта можа быць дадатковым козырам, — заяўляе Патрык Грыгаровіч. — Цяпер хачу вучыцца на юрыдычным факультэце або сацыялогіі на Універсітэце ў Беластоку. Раней хацеў падаць дакументы на міжнародныя зносіны ў Любліне, але пабаяўся, што не прымуць мяне. У мінулым годзе было там 15 асоб на адно месца.

Белліцэісты хочуць здаваць экзамены ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на менеджмент, эканомію, інфарматыку, матэматыку, сацыялогію, юрыдычны факультэт і філалагічныя спецыяльнасці. Пётр Касько хоча вучыцца ў Варшаве на эканамічным або інфарматычным аддзяленні.

— Я збіраюся вучыцца эканоміі або інфарматыцы ў Політэхнічным інстытуце ў Беластоку, бо лягчэй туды паступіць чым у Варшаве. Некаторыя думаюць, што меншы горад, гэта горшы ўзровень вучобы. Я лічу, што тут таксама можна многаму навучыцца, — заяўляе Андрэй Пятрочук.

— Я хачу здаваць экзамены ў Галоўную гандлёвую школу ў Варшаве і на паліталогію ва універсітэтах у Варшаве і Торуні. Ужо раней цікавілася я гісторыяй і хацела нешта рабіць у палітыцы або дыпламатыі, — кажа Агнешка Пуц. — Хацела б я, каб у палітыцы было менш авантураў і людзі мелі карысць ад яе, а не толькі самі палітыкі. Я супраць уступлення Польшчы ў Еўрасаюз, бо гэта закрывае нам рынкі на ўсходзе, а там мы павінны развіваць наш гандаль.

Зараз выпускнікі сярэдніх школ развозяць прашэнні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і будуць рыхтавацца да ўступных экзаменаў. У некаторых белліцэістаў адзін з выбраных факультэтаў, гэта беларуская філалогія.