Ніва № 24 (2509), 13 чэрвеня 2004 г.

Свята беларускай культуры

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У нядзелю, 29 мая, у Беластоку Беларускім грамадска-культурным таварыствам ладзілася Свята беларускай культуры. Сёлетняе мерапрыемства прыцягнула ў гарадскі амфітэатр камплект публікі. Паспрыяла гэтаму надвор’е, калі пасля вельмі халоднага цэлага мая настаў вельмі цёплы і сонечны дзень — нядзеля. Публіку складалі ўсе ўзроставыя катэгорыі: ад маленькіх да старэнькіх.

Ды і на сцэне царыў плюралізм, дзе вельмі прыгожа паказаліся і дашкольнікі, і больш масцітыя майстры сцэнічнага мастацтва. І рэпертуар быў падабраны па густу публікі: на сцэне выконваліся песні і танцы, якія радасна хвалявалі душы гледачоў і слухачоў. Бо ж выступалі не толькі дэбютанты, але і добра ўжо вядомыя выканаўцы, якія ведаюць, чым паддабрыцца тутэйшай публіцы.

Афіцыёзу сёлета было памяркоўна мала. Прысутнічалі ваявода Марэк Стшалінскі, маршалак Януш Кшыжэўскі, сенатар Сяргей Плева, пасол Яўген Чыквін, прадстаўнікі самакіравання. З беларускага боку — амбасадар Павел Латушка, генконсул Леанід Каравайка ды крыху гродзенскіх чыноў. Была і пара кандыдатаў у Еўрапарламент — іх прозвішчаў не назаву — якая паводзіла сябе згодна са шматвяковай патрыярхальнай традыцыяй: яна — ціхенька, ён — напорыста...

(...)