Ніва № 24 (2509), 13 чэрвеня 2004 г.

Фестываль прайшоў, праблемы засталіся

Уладзімір ХІЛЬМАНОВІЧ

4-6 чэрвеня ў Гродне прайшоў Пяты ўсебеларускі фестываль нацыянальных культур. Гораду над Нёманам у пэўным сэнсе пашанцавала — ён атрымаў не папсовы „Славянскі базар” як Віцебск, а гледзішча, прынамсі вартаснае паводле сваёй ідэі. Пры любым рэжыме народ прагне відовішча і адпачынку. Разумее гэта і ўлада, якой патрэбна выпусціць пару сацыяльнай напругі. На гродзенскім фестывалі дзіўным чынам пераплецены фальшывы патрыятызм і гонар за нацыю, сапраўды культурныя з’явы і эрзац, старажытныя нацыянальныя абрады і псеўдафальклор.

У дзень адкрыцця фестывалю ў горадзе ішлі суды над актывістамі грамадска-палітычных рухаў. Амаль як у адной папулярнай кінастужцы: „Спярша планаваліся арышты, пасля ўрачыстасці, потым вырашылі сумясціць”. Калегі сумна жартавалі: „У дні фестывалю дазволена размаўляць нават па-беларуску”. Асацыяцый паўставала процьма. Звычайна нацыянальныя падворкі размяркоўваюцца наступным чынам — Стары замак — літоўцам, Новы замак — палякам, беларусам — Савецкая плошча. Усё як у нашай гісторыі. На гэты раз, праўда, адбыліся пэўныя змены. Гродзенскія літоўцы, якія заўжды былі прыкметны на такіх святах, байкатавалі фестываль. Іхная пазіцыя выклікае толькі павагу. За байкот прагаласавалі ўсе да аднаго (121 асоба) сябры мясцовага аб’яднання „Тэвінэ” (у перакладзе — Айчына). Прычына — леташнія адмовы ўладаў адсвяткаваць 750-я ўгодкі каранацыі Міндоўга ў Навагрудку і чарговыя Грунвальдскай бітвы ў Гродне. Можа літоўцам і не забаранілі б урачыстасці, але ж гэтыя даты лічаць сваімі і беларусы. Ну а беларусы, як вядома, у Беларусі правоў на нацыянальнае выяўленне амаль не маюць.

У выніку літоўцы былі прадстаўлены невялікай купкай вяскоўцаў з Пелясы (Воранаўскі раён) і Рымдзюнаў (Астравецкі раён), якім адвялі пляцовачку на Замкавай вуліцы. Усяго ж, паводле афіцыйных звестак, у фестывалі ўзялі ўдзел 26 нацыянальных згуртаванняў — звыш 800 чалавек.

Першы дзень „Гродзеншчына збірае сяброў” распачаўся выставай кветак на цэнтральным пляцы. Сваю творчасць прадэманстравалі навучэнцы школ і выхаванцы іншых дзіцячых устаноў. Выстава і беларуская музыка стваралі адпаведны настрой. Бальшыня густоўных творчых прац, за выняткам некалькіх аляпаватых ідэалагізаваных „снапоў”, выразна прадэманстравалі, што беларуская ікебана жыве.

Святочнае шэсце калектываў было арганізатарамі празмерна мілітарызавана. Наперадзе ехаў міліцэйскі „фальксваген”, затым ішла калона „айцоў горада”. Ля ўнівермага працэсія спынілася і аркестр зайграў мелодыю з культавага савецкага кінафільма. „И значит нам нужна одна победа, одна на всех — мы за ценой не постоим” — такая ваёўнасць была абсалютна недарэчнай. Беларусы мелі апошні парадкавы нумар (замест лагічнай алфавітнай чарговасці паводле алімпійскага прынцыпу) і ў шэсці ішлі апошнімі — сімволіка месца карэннай нацыі ў сваёй дзяржаве відавочная. Калі іншыя нацыянальныя суполкі танчылі свае танцы і спявалі народныя песні, то беларускія трубачы зайгралі савецкі авіямарш дваццатых гадоў мінулага стагоддзя. Кажуць, што гэтую песню вельмі любіў „айцец народаў” Іосіф Джугашвілі. Уражальна па колькасці і аздабленні выглядала калона палякаў, а вось рускіх было не больш ад афганцаў.

Афіцыйнае адкрыццё на верхняй пляцоўцы ля драмтэатра выявіла галоўную тэму фестывалю — 60 гадоў так званага вызвалення Беларусі. Яно і не дзіўна. За апошнія 15 гадоў у масавай народнай свядомасці абрынуліся амаль усе міфы савецкай гістарыяграфіі. Застаўся апошні — міф аб вызваляльніках у „Вялікую Айчынную”. Хаця, як нядаўна слушна сцвердзіў знаны беластоцкі гісторык Юры Туронак, для беларусаў другая сусветная вайна была грамадзянскай. За што ўлады так ненавідзелі Васіля Быкава — за тое, што ён пісаў пра тую страшную вайну праўду. Тыя, хто сапраўды змагаўся за незалежнасць Беларусі, альбо адышлі ў лепшы свет, альбо дажываюць свой век у эміграцыі, адрынутыя Бацькаўшчынай. Цікава, як пачуваліся запрошаныя госці з пабрацімскага нямецкага Міндэна пры шматлікіх згадках пра акупантаў?

Эпігонскія замшэлыя выступы мелі на мэце толькі адно — засведчыць асабістую адданасць дзяржаўнаму курсу і вярхоўнаму галоўнакамандуючаму. Асабліва вызначыўся прадстаўнік армянскай дыяспары. Ён дзякаваў прэзідэнту за тое, што той назваў выхадцаў з зямлі старажытнага Арарата „мои армяне”. Сам прэзідэнт па фестывальнай традыцыі мінулых разоў (візіт шырока анансуецца) у Гродна не прыехаў. Даслаў толькі вітанне, якое зачытаў намеснік прэм’ер-міністра краіны Уладзімір Дражын. Зрэшты, выступоўцаў амаль не было чуваць — акустыкі-інжынеры нешта наблыталі з апаратурай, гучнікі ўвесь час фанілі, а ў адзін бок прамовы зусім не даляталі. Тым больш, што слухачы-гледачы былі штучна аддаленыя ад „сцэны” ўражальным кардонам міліцыянтаў на далёкую адлегласць. Усяго, паводле афіцыйных звестак, ахову парадку ажыццяўлялі звыш 500 чалавек у форме і цывільным (па назіранні аўтара іх было значна болей). Пасля ўсім ахвотным быў прапанаваны гала-канцэрт мастацкіх калектываў Гродзеншчыны, а яшчэ пазней танцавальна-канцэртная праграма для моладзі.

Афіцыёзная прапаганда схлынула назаўтра (субота прайшла пад дэвізам „Народная творчасць — крыніца натхнення”). На нацыянальных падворках панавала атмасфера весялосці, а ад разнастайнасці страваў разбягаліся вочы. Праўда, кошты „кусаліся” (у адрозненне ад папярэдніх святаў, калі цэны штучна заніжаліся). Юбілейны V Фестываль стаў сама дарагім у яго гісторыі. Выдаткі на яго правядзенне, па словах арганізатараў, склалі каля 200 мільёнаў рублёў (прыблізна 93 тыс. долараў). Па беларускіх мерках сума немалая, але гутарка ідзе хіба толькі пра непасрэдныя выдаткі. Рэальныя затраты на падрыхтоўку горада былі куды большыя. Перад фестывалем рабіліся імклівы рамонт дарог і парадкаванне вуліцаў. За што гарадскія ўлады заслугоўваюць добрых слоў, дык гэта за рэканструкцыю адной з гістарычных частак — Гарадніцы. Гадоў семдзесят нікому не было спраў да рачулкі Гараднічанкі і Швайцарскай даліны. Але нарэшце праведзена грандыёзная рэканструкцыя і цяпер гэты куточак старога горада, адроджаны арыгінальнымі архітэктурна-праектнымі развязаннямі, пэўна прывабіць на адпачынак і турыста, і мясцовага жыхара.

Праграма фестывалю была сапраўды насычанай і разнастайнай. У Новым замку былі зладжаны выставы работ фотамайстроў і мастакоў нацыянальных аб’яднанняў, у трох кінатэатрах Гродна (за дзесяць апошніх гадоў іх колькасць у горадзе скарацілася ўдвая) задарма дэманстраваліся стужкі нацыянальнага кіно — беларускага, грузінскага, польскага, літоўскага, украінскага. Грандыёзная выстава майстроў народнай творчасці з усёй краіны была арганізавана ў скверы, дзе даўней стаяла гарадская ратуша. А ўвечары іграў прэзідэнцкі аркестр (Лукашэнка ў гэты час вёў перамовы ў Сочы з Пуціным). Было мноства эстрадных і іншых міні-праграм, дзе ставала ўсяго — і арыгінальных ідэй, і чыста савецка-прапагандысцкіх штампаў. Вянчаў другі дзень традыцыйны начны феерверк.

У заключны дзень была прапанавана праграма пад дэвізам „Пераемнасць пакаленняў”. Амаль цэлы дзень доўжылася свята нацыянальных кухняў, на якім было чым паласавацца. Праўда, як заўважыў адзін знаёмы, гэта свята для багатых людзей. Іх на пляцы пад Леніным з расцяжкамі пепсі і кока-колы было даволі шмат. Адкуль беларусы бяруць грошы на гулянкі — эканамічна-сацыяльная загадка, своеасаблівы феномен нашага грамадства. А ў Старым парку Жылібера віравалі спартыўныя спаборніцтвы, гучала духавая музыка. На што арганізатары паскнарыліся, дык гэта на ўсталяванне часовых біяклазетаў (іх было ўсяго пяць-шэсць!) — даўжэзныя чэргі да прыбіральняў сорам для мерапрыемства такога кшталту. Рэальную колькасць наведвальнікаў фестывалю пралічыць было немагчыма, па розных ацэнках за тры дні праз свята „прайшло” ад 80 да 120 тысяч людзей. Шкада, што амаль не былі запрошаны беларускія згуртаванні з сумежных рэгіёнаў Гродзеншчыны. Беласточчыну прадстаўлялі толькі ліцэісты з Гайнаўкі з цудоўным спеўным калектывам „Знічка”, „адшукаць” які ў канцэртнай праграме было надзвычай цяжка.

Фестываль скончыўся, праблемы засталіся. Хочацца верыць, што свята, якое набывае агульнакраёвую папулярнасць, з часам пазбавіцца шалупіння савецка-маскоўскай прапаганды, стане ўвасабленнем не фальшывага інтэрнацыяналізму, а суквецця нацыянальных культур, сапраўднае развіццё якіх магчымае толькі пры забеспячэнні правоў карэннай нацыі.