Ніва № 23 (2508), 6 чэрвеня 2004 г.

Форум Усходу і Захаду

Аляксандр МАКСІМЮК

У самай прэстыжнай катэгорыі прафесійных хораў першынство на XXIII Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі заваявалі беларусы — Хор праваслаўнага брацтва імя Архістраціга Міхаіла ў Мінску...

Арганізатары сёлетняга Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі — Гайнаўка 2004 памкнуліся ажыццявіць вельмі амбітны праект. У сувязі з нядаўнім уваходам нашай краіны ў Еўрапейскі Саюз канцэрт, які 25 мая г.г. адкрываў усё мерапрыемства ў Беластоцкай філармоніі, гучаў менавіта ў гонар гэтай падзеі. Да таго ж, падборка матэрыялу на інаўгурацыйны канцэрт, як і адведзены асобны дзень на аўтарскі канцэрт кельцка-англійскага кампазітара Джона Тэвенера, стварылі для беластоцкай майскай імпрэзы афарбоўку „Музычнага форуму Усходу і Захаду”. Пад гэткай менавіта шыльдачкай і прайшоў увесь Фестываль.

Ёсць некаторы тэрміналагічны клопат, калі пішаш пра фестывалі царкоўнай музыкі ў Польшчы, бо два гады таму Праваслаўная царква пачала праводзіць асобнае мерапрыемства прысвечанае агляду гэтай музыкі — „Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі”, а Мікалай Бушко, які ў 1982 г. запачаткаваў летнія фестывальныя сустрэчы з царкоўным спевам — таксама пакуль не адмовіўся ад „Гайнаўкі” ў загалоўку. Некаторыя госці фестывалю ў прыватных размовах намякалі арганізатарам перастаць карыстацца гэтым тэрмінам, паколькі другі ўжо год месцам правядзення Фестывалю — Беласток, а таксама беластоцкі Фестываль істотна адрозніваецца ў мастацкай сферы ад свайго дубліката ў Гайнаўцы. У які бок пойдуць арганізатары, час пакажа.

Царкоўная музыка, у любым выпадку, адна, хоць і ёсць тут адрозненні ва ўзроўні выканання, аб чым неафіцыйна засведчвалі прадстаўнікі праваслаўных прыходаў, якія наведвалі Фестываль, каб потым дакладваць аб ягоным ходзе сваім настаяцелям (з моманту ўзнікнення дзвюх імпрэз святары Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы прынцыпова не наведваюць „Бушкавага” Фестывалю). Паводле адной такой прыхадской прадстаўніцы — нечага скрываць — „Бушкаў” Фестываль трымае ўзровень, што го-го. Адзначу яшчэ, што другі год мастацкі патранат над Фестывалем трымае польскі кампазітар Кшыштаф Пендэрэцкі, а не палічыць ужо каторы год міжнароднаму журы старшынствуе іншы польскі кампазітар Рамуальд Твардоўскі.

Вонкавай адзнакай мастацкага яднання Усходу і Захаду стаў інаўгурацыйны канцэрт, на якім прагучала рэквіем Моцарта Ave Verum ды Літургія св. Яна Залатавуснага на хор і аркестр у кампазіцыі Аляксандра Грачанінава. Прысутнасць інструментаў у некаторай ступені падзяліла публіку Фестывалю, бо адны захапляліся такім творчым падыходам да літургіі, а некаторыя заявілі, што не могуць пагадзіцца з прысутнасцю ў ёй музычных інструментаў. Выканаўцам канцэрта быў Камерны хор „Благавест” з Рыгі (Латвія — чарговы малады член Еўрасаюза) пад кіраўніцтвам Аляксандра Брандаўса. А. Брандаўс — рэгент хору царквы св. Тройцы ў Рызе — гэтак катэгарычна да гэтага пытання не падыходзіць. Ён сказаў, што царква не месца, каб выконваць у ёй кампазіцыі на аркестр, затое філармонія, у якой ён дырыжыраваў — выдатнае месца. І ў сувязі з гэтым пераход Фестывалю са святыні ў канцэртную залу толькі яму паспрыяе.

Аўтарскі канцэрт (26 мая) быў прымеркаваны да 60-годдзя кельцка-англійскага кампазітара Джона Тэвенера, які ў кругах царкоўнай музыкі вядомы, між іншым, тым, што ў 70-я гады сам перайшоў на праваслаўе. Доўгі час кампазітар падтрымліваў надзею арганізатараў, што прыедзе ў Беласток асабіста, але ў канцы канцоў лекары забаранілі хвораму Дж. Тэвенеру выбірацца ў падарожжа. У Беластоку аказалася надзіва шмат людзей ахвотных пазнаёміцца з ягонай музыкай — усе месцы на аўтарскім канцэрце былі заняты. Выканаўцам канцэрта — тут зноў сінтэз Усходу і Захаду — быў Камерны хор Маскоўскай кансерваторыі імя П. Чайкоўскага пад кіраўніцтвам Барыса Тэўліна. Хор гэты з’яўляецца мінулагоднім лаўрэатам Фестывалю, а ягоны дырыжор удзельнічаў сёлета ў журы.

Выпадала б на канец сказаць і пра беларускую прысутнасць на XXIII Міжнародным фестывалі царкоўнай музыкі. Беларусь, хоць пакуль і не з’яўляецца ні старым, ні новым членам Еўрасаюза, на беластоцкім Фестывалі паказалася вельмі ярка — найярчэй, праўду кажучы. Мінскі Хор Праваслаўнага брацтва імя Архістраціга Міхаіла пад кіраўніцтвам Алёны Дыхтыеўскай узяў першае месца ў самай прэстыжнай конкурснай катэгорыі прафесійных хораў. Рашэнне журы адназначна пацвердзіла публіка ў час гала-канцэрта — хор бісаваў разы чатыры. Хор не такі ўжо і шматлікі па колькасці ўдзельнікаў, але магутнасцю гуку можа раўняцца з найвялікшымі хорамі, якія наведалі сёлета Фестываль. Сваю ўзнагароду хору даў Падляшскі маршалак. Гэта аднак не канец беларускай прысутнасці — другое месца ў катэгорыі свецкіх аматарскіх хораў паехала ў Оршу з Узорным хорам „Cantare” Дзіцячай мастацкай школы гэтага горада. Мне было цікава, ці ў невялікай Оршы ўсе ўсіх ведаюць і я запытаў дырыжорку хору Валянціну Каржыцкую пра Андрэя Патрэя (у пачатку 90-х саліст рок-гурту „Уліс”). Аказалася, што яны знаёмыя асабіста. Не першы гэта раз, калі музычная класіка пераплятаецца з поп-культурай. Выдаўцом першага альбома Дж. Тэвенера быў гурт „Бітлз”...