Ніва № 21 (2506), 23 мая 2004 г.

Беларуская нацыя Еўропы

Сакрат ЯНОВІЧ

У выніку Другой сусветнай вайны, беластоцкі ўзмежак этнічнай Беларусі апынуўся ў складзе пасляваеннай Польскай Рэчы Паспалітай. Прыблізная колькасць беларускай мяншыні ў гэтым рэгіёне склала каля 150 тысяч чалавек. З-за нацыянальнай няспеласці беларусаў наогул, іх лік у Беластоцкім краі немагчыма аб’ектыўна ўстанавіць. Нядаўні перапіс насельніцтва Польшчы паказаў, што беларусаў налічваецца блізу 50 тысяч, амаль выключна на Беласточчыне. Паводле веравызнаўчай арыентацыі — беларусамі лічаць сябе праваслаўныя, якія ў сваёй большасці самавызначыліся людзьмі аднак польскай нацыянальнасці; прыкладна дзве траціны, двух з траіх. На поўнач ад ракі Супрасль і да Аўгустоўскага канала дамінуюць рыма-католікі, месцамі цалкам, і там беларуская этнічнасць не мае значэння. Касцёл у нас бездыскусійна польскі, моцна патрыятычны, нярэдка нацыяналістычны.

У параўнанні са спомненай колькасцю свядомых беларусаў, праваслаўных на Беласточчыне ўтрая больш, а беларускамоўнага насельніцтва разам будзе да 200 тысяч жыхароў. Сярод рыма-католікаў толькі інцыдэнтальна сустракаюцца беларускія дэкляранты (некаторыя інтэлігенты).

Ва ўмовах імперскай дамінацыі СССР, польскія ўлады арганізавалі сетку вясковых і местачковых сярэдніх школ з беларускай моваю навучання. Забяспечана было выданне беларускамоўных падручнікаў, якія падрыхтавалі мясцовыя педагогі. Накіравана ў мінскія вышэйшыя школы значную групу студэнцкай моладзі з намерам узмацніць кадру беларускамоўных настаўнікаў; дзейныя з іх прымалі ўдзел у штолетніх курсах, якія праводзіла Міністэрства асветы БССР. Узнікла беларуская філалогія ў Варшаўскім універсітэце і ў Завочным настаўніцкім інстытуце ў Беластоку.

Чыста беларускамоўныя школы пратрымаліся, аднак жа, нядоўга. На зломе пяцідзесятых і шасцідзесятых гадоў іх ужо не было, пераўтварыўшыся ў польскамоўныя з дадатковым прадметам беларускай мовы. Адбылося гэта зусім не пад ціскам адміністрацыі, але выключна па волі бацькоў. Даходзіла нават да скандальных скаргаў тых жа бацькоў на чыноўнікаў, якія супрацівіліся ліквідацыі беларускага школьніцтва.

Варшава паспрыяла ўтварэнню масавага Беларускага грамадска-культурнага таварыства і рэдакцыі беларускага тыднёвіка „Ніва”, а неўзабаве і беларускіх радыёпраграмаў у беластоцкай радыёстанцыі. Пачалі выходзіць беларускія кніжкі, літаратурныя тутэйшых аўтараў, і навуковыя польскіх вучоных-беларусаў.

Адносіны польскіх улад да сваіх беларусаў залежалі ад становішча беларускай культуры і мовы ў самой Беларусі. Адначасна з узмацненнем русіфікацыі БССР выявіліся паланізацыйныя тэндэнцыі ў трактоўцы беларускага культурнага жыцця на Беласточчыне. Савецкія таварышы польскіх камуністаў давалі зразумець, што існаванне беларускага энклава ў памежным Беластоцкім ваяводстве дрэнна ўплывае на... камуністычнае будаўніцтва ў БССР, асабліва ў заходніх акругах рэспублікі.

У дэкаду сямідзесятых гадоў мела месца інтэнсіўнае згортванне польскай беларушчыны; год у год скарачаліся датацыі, навучанне беларускай мовы пераведзена на добраахвотную аснову, забаронена выкладанне элементаў гісторыі Беларусі. Штучна рэдукавана актыўнасць творчых асяроддзяў, мастацкай самадзейнасці. Згодна савецкім узорам, беларускасць кляймілася як агідны нацыяналізм. Дасканала сацыялістычным лічылася ўсенька польскае, як усенька расійскае ў СССР.

Поўную нацыянальную катастрофу прадухіліла нам рэвалюцыя „Салідарнасці” ў пачатку васьмідзесятых гадоў, пасля ўпадак камунізму, які ў нашым баку славяншчыны набыў яскрава шавіністычную афарбоўку, часамі ажно расісцкую. Імперыя падала пад уласным цяжарам, валячыся ад мілітарызму галоты.

У клімаце маральнага выбуху „Салідарнасці” выйшла на гістарычную арэну беларускае студэнцтва Польшчы. За лічаныя гады ўзнікла структура нацыі, уключна з палітычным рухам, які ў шматлікіх самаўрадавых органах мае цяпер значныя ўплывы. Актуальна звяз беларускіх арганізацый блізіцца да ліку дзесяці суб’ектаў. Апошняя дэкада ХХ стагоддзя характарызавалася нечуванай раней ажыўленасцю польскіх беларусаў.

Палякі цягнуць за сабою ў Еўропу сваіх беларусаў. Беластоцкі край у Еўрасаюзе будзе маленькім энклавам, аскепкам беларускай этнічнай тэрыторыі.

Што гэта значыць?

Перш за ўсё адкол ад мацярынскай Рэспублікі Беларусь. Яна нам ужо чужая па прычыне татальнай русіфікацыі. Наша ўражанне такое, што ў Рэспубліцы няма нацыі, а толькі савецкае насельніцтва, духоўна безаблічнае. Гэта не нацыянальная дзяржава, а сацыяльная; дзяржава не сэрцаў, а жыватоў.

Разам з адыходам з жыцця пакаленняў, што памяталі Беларусь, маючы з ёю сваяцкія сувязі, маладыя па абодвух баках кардону ўжо не адчуваюць этнічнае лучнасці. Гаснуць не толькі родавыя эмоцыі. Маладабеларусы павернуты на Захад; ім Расія незразумелая, не з нашага свету. Гэтак жа прыпадобненая на яе Беларусь, фактычна другая дзяржава рускіх. Рускі лёс у нашым старонні адназначна негатыўны, папраўдзе сінонім беднасці, няшчаснасці. Словам: няма чым захапляцца на ўсход ад Буга.

На беластоцкую адчужанасць уплываюць і самі савецкія беларусы, якім мы — палякі! Аніяк не растлумачыць ім, што мы таксама беларусы. Кволая нацыянальная свядомасць не дазваляе быць нацыянальна салідарнымі; глядзяць яны на нас не болей, як на людзей, якім гістарычна пашэнціла лепей жыць. На польскім Захадзе, а паслязаўтра ўжо ў Еўрасаюзе.

Нацыю стварае менавіта асобны лёс, на глебе якога вырастае і культурная асобнасць, хоць не заўсёды моўная адрознасць. Прыкладам кажучы, у Швейцарыі чатыры афіцыйныя мовы, але нацыя адна; у сербаў і харватаў — адна на дваіх мова; аўстрыйцы — гэта немцы з асобнай дзяржаваю. Вось тры варыянты нацыястваральнасці. Русіфікацыя Беларусі трагічная ў тым, што заглушае яна ўзніклую нацыянальную культуру, каланізуе, музеяфікуючы яе да ўзроўню археалагічнасці. Месца беларускай заняла руская, прычым перыферыйная, так сказаць: беларуска-руская (па аналогіі англійскіх моваў у англафонскіх дзяржавах?).

Польскі лёс беластоцкага энклава беларусаў робіць іх іншымі ад савецкіх (постсавецкіх) беларусаў. Беластачане накіраваны ў бок сусветнай дынамікі; Рэспубліка Беларусь туляецца ў цяні Расіі, удзельная вага якой у глабальнай эканоміцы не перавышае ўсяго двух працэнтаў. Яна, фактычна, паўкалонія Еўропы, яе сыравінны дадатак.

Надзвычай істотным параметрам беларускай нацыянальнай меншасці Польшчы з’яўляецца ейная тэрытарыяльнасць; мы не дыяспара, але беларускамоўны рэгіён польскае дзяржавы. У нас свой краявід, сваё поле і лес, свае мястэчкі і вёскі, свой хлеб. Словам: свая Малая Бацькаўшчына. Са сваім небам і зімамі. Першапачатковай праявай фармавання нацыянальнасці лічыцца культурная спецыфіка і яе ажыўленасць. У Польшчы нарадзілася другая беларуская літаратура, іншая ад савецкай. Гэтая польска-беларуская літаратура дасягнула ўжо жанравай ды арганізацыйнай камплектнасці, мае сваё месца ў еўрапейскім літаратурным жыцці. Выходзяць уласныя перыядычныя выданні, у іх ліку і на мовах Еўропы. Шэраг аўтараў карыстаецца вядомасцю не адно ў Польшчы, але і на Захадзе — у Нямеччыне, Англіі, Італіі.

Рэалізавалася беларускамоўная нацыя Еўропы, новы народ. У гэтай жа ўсходняй памежнай паласе Еўрасаюза будуць знаходзіцца беларускамоўныя Віленшчына і Латгалія. Смуга беларушчыны працягнецца ад ваколля Рыгі да пабужнага Брэста.

Тэкст выступу перад студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага універсітэта 28 красавіка 2004 года.