Ніва № 21 (2506), 23 мая 2004 г.

Акрыты ліст

16 траўня 2004 г., г. Менск

Сп. Леанiду КАРАВАЙКУ,

Генэральнаму Консулу Рэспублiкi Беларусi ў Беластоку

Вельмiшаноўны спадар Генэральны Консул,

Я шчыра крануты Вашым клопатам пра беларусаў Беласточчыны, пра якi так цёпла распавяло Беларускае тэлебачаньне сёньня, 16 траўня. Польшча — новая краiна Эўрапейскага Зьвязу — дае магчымасьць беларускай этнiчнай меншасьцi выхоўваць i вучыць дзяцей на роднай мове, але ўсё роўна iснуе патрэба ў разнастайнай дапамозе. I Вы дапамагаеце беларускiм дзiцячым садкам i школам у Польшчы чым можаце: кнiгамi, арганiзацыяй экскурсiяў i iнш. Такая дапамога вельмi патрэбная нашым суродзiчам ва ўсiх суседнiх, дый далёкiх, краiнах. Такая дзейнасьць цалкам адпавядае i Праграме Партыi БНФ, якую мне даверана ўзначальваць.

Маю да Вас, вельмiшаноўны спадар консул, вялiкую просьбу. Вы добра ведаеце, што 150 навучэнцаў Нацыянальнага гуманiтарнага лiцэю — адзiнай навучальнай установы лiцэйскага тыпу ў Беларусi й адзiнай сярэдняй школы ў Менску, дзе ўсе прадметы выкладалiся па-беларуску, — апынулiся на вулiцы, бяз школы, безь беларускiх падручнiкаў, без гарантаванай магчымасьцi атрымаць адпаведны атэстат. Адзiны беларускi лiцэй рашэньнем уладаў зьлiквiдаваны. Дзецi ў сталiцы Беларусi вучацца па-беларуску падпольна, на прыватных кватэрах.

Кнiгi, па якiх дзецi вучылiся, засталiся ў будынку лiцэю. Ён пустуе, але анi вучыцца там, анi кнiгi забраць адтуль нельга: будынак ад нас ахоўваюць. Таму прашу Вас, добры чалавеча: дапамажыце i нашым дзецям хаця б беларускiмi падручнiкамi.

Загадзя дзякую,

З павагай Вiнцук Вячорка, бацька лiцэiста