Ніва № 20 (2505), 16 мая 2004 г.

Жыццё з музыкай

Аляксей МАРОЗ

Летам гэтага года дырэктар Бельскага дома культуры Сяргей ЛУКАШУК будзе святкаваць шасцідзесяцігоддзе з дня нараджэння і саракагоддзе прафесійнай і мастацкай працы. З дзяцінства любіў ён музыку і таму выбраў адукацыю, прафесійную і грамадскую працу, шчыльна звязаныя з музыкай.

Cяргей Лукашук нарадзіўся 22 ліпеня 1944 года ў хатцы каля станцыі Рыгароўцы. Тады савецкія войскі атакавалі ад Кляшчэляў, а немцы знаходзіліся ў Дубяжыне і Градалях. Калі Сяргею было некалькі гадзін, немцы выгналі з хаты маці з нованароджаным і іншых людзей у жыта.

— Пасля цёця расказвала, як ноччу падалі побач нас асколкі ад снарадаў. Каб я не плакаў, маці давала мне ссаць палатно з кашулі. Над раніцай фронт адышоў і мы вярнуліся ў родныя Градалі, — распачынае свае ўспаміны Сяргей Лукашук. — З той нагоды, што я нарадзіўся 22 ліпеня, у дзень абвяшчэння маніфеста Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, некалькі разоў запрашалі мяне на святкаванні.

Бацькі Сяргея — Трафім і Анісія былі земляробамі і гаспадарылі на звыш дзесяці гектарах зямлі.

— У майго бацькі былі залатыя рукі і ён адгукаўся на просьбы сялян, якія звярталіся да яго за дапамогай. Ставіў ён печы і выконваў простыя прылады працы, займаўся сталярствам, слесарствам. Я стараўся яму дапамагаць і любоў да майстравання засталася па сённяшні дзень. Яшчэ і зараз чакаю водпуску, каб паехаць на вёску і заняцца сталярскімі працамі, — гаворыць мой суразмоўца.

У сям’і Сяргея было двух старэйшых братоў і сястра. Усе мужчыны ўмелі іграць на акардэоне. Спачатку Сяргей паступіў у Падставовую школу ў Пашкоўшчыне, дзе заўважылі яго музычныя здольнасці. Папрасілі, каб іграў на акардэоне для школьнай дзявочай танцавальнай групы.

— Мой дваюрадны брат Аляксандр вучыўся ў Педагагічным ліцэі ў Бельску. Я рашыўся туды паступіць, бо ў ліцэі вучылі іграць на музычных інструментах, — успамінае Сяргей.

У ліцэі вучыўся ён іграць на скрыпцы, а на акардэоне іграў у Калектыве песні і танца „Падляшша” і невялікай капэле, якая выступала на школьных мерапрыемствах. Сваю прафесійную работу распачаў у 1964 годзе ў Падставовай школе ў Межвіне, дзе быў, між іншым, настаўнікам музыкі. Пасля некалькіх месяцаў працы быў прызваны ў войска і там іграў у музычных калектывах. У 1966 годзе стаў дырэктарам Падставовай школы ў Галадах і займаўся там з музычным калектывам. Праз год запрапанавалі яму акампаніраваць на акардэоне хору Бельскага аддзела БГКТ, якім кіраваў Юрый Шурбак. З 1970 па 1990 год кіраваў беларускім хорам, які з 1973 года стаў называцца „Васілёчкі”. Ад 1970 года працаваў кіраўніком культурна-асветнага аддзела Галоўнага праўлення БГКТ, а з верасня 1972 года стаў намеснікам дырэктара Падставовай школы н-р 3 у Бельску-Падляшскім. У 1973 годзе ажаніўся з харысткай Валянцінай. З верасня да канца 1974 года быў галоўным дырэктарам згаданай школы, а з 1 студзеня 1975 года стаў дырэктарам Бельскага дома культуры і на гэтай пасадзе працуе па сённяшні дзень. У тым часе завочна закончыў настаўніцкую школу па спецыяльнасці музычнае выхаванне і ў 1971 годзе паступіў у Музычную акадэмію ў Варшаве. Скончыў яе ў 1976 годзе з дыпломам магістра мастацтва.

— У варшаўскую акадэмію паступаў я з маім дваюрадным братам Аляксандрам. Калі экзаменатары даведаліся, што мы беларусы, прасілі заспяваць беларускія песні. Пасля мы таксама не скрывалі сваёй нацыянальнасці. Польскія выкладчыкі не рабілі нам ніякіх перашкод, а наадварот, гаварылі з намі пра беларускую музыку і дырыжораў. У тым самым часе кіраваў я хорам „Васілёчкі” і, падбіраючы рэпертуар для бяльшчан, кансультаваўся з варшаўскімі выкладчыкамі, — успамінае Сяргей Лукашук. — Палова васьмідзесятых гадоў, гэта самы лепшы перыяд у дзейнасці хору „Васілёчкі”. Калі ў 1987 годзе выступалі мы для беларускага тэлебачання, было ў нас каля 40 харыстаў і 7 музыкантаў у інструментальнай капэле. У 1990 годзе на рэпетыцыі стала прыходзіць мала людзей і я рашыўся пакінуць кіраванне хорам. Думаю, што разам з харыстамі „Васілёчкаў” пакінулі мы для беларускай культуры немалую спадчыну.

У гэтым самым годзе Сяргей Лукашук заснаваў новы калектыў „Маланка”, якім кіруе па сённяшні дзень. З 1976 года кіруе калектывам „Дзявочыя ноткі” ў бельскім белліцэі, а ў мінулым апекаваўся „Крынічкай” і „Іскеркамі”. У 1983 годзе арганізаваў у бельскай „тройцы” дзявочы калектыў „Нашыя дзеці”, пасля вёў калектывы „Жучкі” і „Лявоны”. У „Нашы дзецях” і „Дзявочых нотках” спявала дачка Сяргея — Іаанна, а ў „Лявонах” акардэаністам быў сын Тамаш. З 1992 года калектыў бельскай „тройкі”, якім таксама кіруе спадар Лукашук, называецца „Журавінка”. У мінулым годзе была выдадзена аўдыёкасета і кампакт-дыск бельскага калектыву „Вочы дзяцей”. Харысты з „Маланкі” пад кіраўніцтвам Сяргея Лукашука выдалі 6 аўдыёкасет з беларускімі песнямі, у тым ліку адну з беларускімі калядкамі і адзін кампакт-дыск. Калектывы, якімі кіруе Сяргей Лукашук, часта перамагалі ў конкурсах беларускай песні і далі многа канцэртаў. „Маланка” вельмі паспяхова выступала па-за межамі Беласточчыны і Польшчы.

— Трэба многа шукаць, каб знайсці рэпертуар для дзяцей, моладзі і дарослых, які падабаўся б ім. Дома многа часу займае падборка матэрыялаў і іх апрацаванне. Радуюся, калі пасля працы відаць рэзультаты. Дапамагае мне інструктар Бельскага дома культуры Юстына Пажазінская, прафесійна падрыхтаваная да працы з салістамі і эстраднымі калектывамі, — кажа Сяргей Лукашук. — Апошнім часам былі ахвотныя запісацца ў „Маланку”, але рашыліся мы не разбудоўваць калектыў (зараз у ім 10 вакалістаў і 7 музыкантаў.

Мой суразмоўца ад амаль 30 гадоў паспяхова кіруе Бельскім домам культуры. За гэты час звыш 20 разоў былі арганізаваны Дні Бельска. У доме культуры зараз працуе 15 пастаянных гурткоў і калектываў, якія займаюцца мастацтвам, спевам, танцам і тэатрам. Апошнім часам дом культуры арганізаваў многа беларускіх мерапрыемстваў, у тым ліку „Спасаўскія запусты” — разам з бельскім аддзелам БГКТ. На працягу апошняга года БДК наладзіў 240 мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел каля 40 тысяч асоб. Спадар Лукашук актыўна дзейнічаў у самаўрадах Бельска і Бельскага павета. Зараз з’яўляецца павятовым радным.

Сяргей Лукашук за сорак гадоў прафесійнай, мастацкай і грамадскай работы атрымаў шмат узнагарод, а сярод іх медалі Залаты крыж заслугі і Кавалерскі крыж Ордэна адраджэння Польшчы, адзнакі „Заслужаны Беласточчыне” і „Заслужаны дзеяч культуры”.

— Калі б яшчэ раз трэба было выбіраць адукацыю, ізноў выбраў бы музыку, — гаворыць на заканчэнне спадар Сяргей. — Мае дзеці цікавяцца тым, што і я. Закончылі яны музычныя школы і нядаўна падрыхтавалі для „Дзявочых нотак” песню „Верны друг”, дзе словы напісала дачка Іаанна, а музыку склаў сын Тамаш. Абое любяць, таксама, займацца сталярскімі работамі.