Ніва № 17 (2502), 25 красавіка 2004 г.

Юры Туронку — 75

Беларускай гістарыяграфіі ў Беларусі і Польшчы, але і беларусаведаў ва ўсім свеце, нельга сёння ўявіць без асобы Юры Туронка. 26 красавіка гэтага года спадару Туронку спаўняецца 75 гадоў. Віншуем! Ягоныя фундаментальныя працы і артыкулы, прысвечаныя навейшай беларускай гісторыі адкрывюць праўду пра такіх нас, якімі мы ў сапраўднасці. І давялося нам у дадатак жыць у гарачым геапалітычным пункце — Сярэдне-Усходняй Еўропе. Гутарку з Юбілярам праводзім мы ў ягоным аазісе спакою — прыгожым драўляным доміку, што ў Трыпуцях пад Беластокам.

— Спадар Юры, дзе знаходзіцца Ваша Малая Айчына, тут на Беласточчыне, на Віленшчыне, а мо ў Варшаве дзе Вы працавалі?

— О! Цікава. Нарадзіўся я ў Дукштах, што на чыгуначнай дарозе Вільня — Дзвінск. Але для мяне гэта аніякая айчына; ані бацька, ані маці адтуль не выводзіліся. Бацька паходзіў з Дзісненшчыны і пасля заканчэння медыцыны ў Вільні быў накіраваны на працу ў Дукшты. А маці была родам адсюль, з Рушчан побач Харошчы. Проста ў мяне няма сантыменту да Дукштаў — бачу іх толькі як месца нараджэння. Дарэчы, куплены там бацькам дом згарэў у 1944 годзе. Не было ў мяне Малой Айчыны. Справы ідэйнага выбару разглядаю праз прызму Беларусь — Польшча.

— Ваша пакаленне дасведчыла жаху двух таталітарызмаў — фашызму і камунізму. На колькі спадарожнічаў Вам страх пры ўваходзе ў дарослае жыццё?

— Тады я не адчуваў аніякага страху, толькі цікавасць як змяняліся рэжымы, арміі, уніформы. У сваёй дзейнасці былі яны аднолькавыя. У 1936-39 гадах я вучыўся ў польскай школе, але пасля кастрычніка 1939 г. тут ужо з’явілася літоўская школа і, нягледзячы на пазнейшыя змены ўладаў ці ідэалагічных сістэмаў, увесь час працягвалася літуанізацыя жыцця. Я сам у гэтай школе літоўскую мову вывучыў на працягу трох месяцаў. І сёння яшчэ памятаю словы славутых савецкіх песняў такіх як „Три танкиста” ці „ Если завтра война”, але па-літоўску, а не па-руску. Школа ўвесь час была літоўскай — змяняліся толькі партрэты. Але ў тым жа самім часе перад выбухам нямецка-савецкай вайны тэрор з боку саветаў у дачыненні да літоўцаў быў страшны. Арышты, ссылкі, расстрэлы, самагубствы былі штодзённасцю. Як тады, перад вачыма паўстае вобраз звычайнай жанчыны, якая роспачна ўголас малілася на нашай вуліцы: „Божа, сашлі вайну”. Не важна хто меў прыйсці — немцы, англічане, французы — абы толькі зніклі савецкія акупанты.

— Ці між іншым жахлівыя вобразы вайны паўплывалі на тое, што Вы прысвяцілі сябе таксама і гісторыі, асабліва яе ваеннаму перыяду?

— Гэта складанае пытанне. Думаў я над ім не адзін раз. Уявіце сабе, што з верасня 1939 г. па ліпень 1944 г. хіба з пяць ці шэсць разоў змяніліся акупацыўныя рэжымы там дзе я пражываў. Пражытага мною акупацыйнага досведу я потым не знайшоў у савецкай гістарыяграфіі. Там усё было чорнае або белае. Найважнейшым аднак стымулам для мяне было даследаванне нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай беларускай ідэі сярод беларускага насельніцтва, якому прыйшлося выносіць цяжкія выпрабаванні з боку польскай, савецкай, нямецкай уладаў. Я не быў ані дня на тадышняй акупаванай Беларусі. У гэтым часе жыў і вучыўся ў Вільні. Але і сёння не магу чытаць хлусні наконт тадышняй складанай палітычнай сітуацыі, у якой апынуліся беларускія эліты і наш народ. Я лічу, што І і ІІ сусветныя войны зрабілі велізарны ўплыў на фарміраванне беларускай свядомасці насельніцтва. На жаль, перыяд другой сусветнай вайны я называю часам нашай грамадзянскай вайны. З-за палітычных розніц дзесяткі тысяч беларусаў ваявалі па двух баках барыкады. Знішчаліся ўзаемна і гінулі.

— Вы зараз напэўна надалей працуеце над выясненнем новых фактаў з гэтага перыяду?

— Маю такі намер. Зараз займаюся паясненнем спраў звязаных з вельмі важнай у час акупацыі арганізацыяй, а менавіта Саюзам беларускай моладзі. Асабліва мяне цікавіць яе дзейнасць у Нямеччыне, паколькі тое чым яна займалася ў акупаванай Беларусі збольшага ўжо адкрыта. Хацеў бы вось у бліжэйшы час апублікаваць кніжку, у якой апынуліся б матэрыялы прысвечаныя СБМ не толькі мае, але і іншых аўтараў. Бог дасць, дажывём.

— Але ці Вам, як гісторыку, не здаецца з сённяшняй перспектывы, што лёс беларускай дзяржаўнасці надалей у многім упісаны ў шахматы паміж Масквой і Берлінам?

— На маю думку берлінскі фактар зараз нашмат меншы. Заходнія саюзнікі вельмі ахвотна беларускія справы аддалі б Маскве. Дзеля парадку на ўсходзе. Аднак не трэба забывацца пра змены, якія адбыліся ў беларускім грамадстве ў ХХ стагоддзі. Беларускі народ павінен сам вызначыць свае арыенціры. Важны тут момант як складуцца суадносіны ў трохкутніку Беларусь — Расія — Украіна.

— А што ў такім выпадку з беларускай мовай...

— Я не веру, што без мовы можна будаваць сваю дзяржаўнасць. Прападае мова, мінае 25 гадоў і з нацыянальнай справай самае горшае. Дайце глянем зараз на праваслаўную Беласточчыну, дзе яшчэ яна захоўваецца. Але сто гадоў таму з Сакольшчыны выйшлі дзесяткі беларускіх каталіцкіх ксяндзоў і беларускіх палітычных дзеячаў. Але ўсё беларускае там ужо спаланізаванае. Тое ж адбываецца зараз і на праваслаўнай частцы. Калі нічога не зменіцца, то яшчэ адно, два пакаленні — мо крыху даўжэй. Сумная праўда, але трэба яе гаварыць. Апраўдацца з гісторыі нельга.

— Дзякуем за гістарычны ўрок.

Гутарыў Яўген ВАПА