Ніва № 16 (2501), 18 красавіка 2004 г.

Трэці раз па-за саборам

З 25 па 30 мая ў Беластоку прагучыць XXIII Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі „Гайнаўка 2004”. І хаця два гады таму Праваслаўная царква пачала праводзіць асобнае мерапрыемства, прысвечанае агляду царкоўнай музыкі, то Фестываль запачаткаваны ў 1982 годзе Мікалаем Бушко з’яўляецца як заслужаным для падтрымкі царкоўнай спадчыны праектам, так і першапраходцам у гэтай сферы. Ніжэй прапануецца гутарка з ІРЭНАЙ ПАРФЯНЮК, шматгадовым дырэктарам Арганізацыйнага бюро Фестывалю.

— Фонд „Царкоўная музыка” гэта не адны Міжнародныя фестывалі царкоўнай музыкі?..

— Фактычна, гэта яшчэ шмат раўнабежных праектаў. Першым такім значным нашым пачынам было выратаванне цікавага будынка, які арыгінальна служыў чыгуначным прыпынкам у Чарлёнцы — мы яго купілі ад дзяржаўнай чыгункі і зараз у ім сядзіба Фонду, бюро Фестывалю ды Цэнтр прамоцыі рэгіёна. Цэнтр прамоцыі рэгіёна не з’яўляецца асобным юрыдычным утварэннем, а толькі адной з формаў дзейнасці Фонду „Царкоўная музыка”. Праводзім мы ў Гайнаўцы серыю сустрэч пад агульным лозунгам „Гутаркі пра...”. Нашымі гасцямі, між іншымі, былі Сімона Косак, Лявон Тарасэвіч, Анджэй Струміла, Адам Вайрак, Крыстыян Матысак ды Маргарыта Карпюк і Марыюш Ажахоўскі, якія хоць і асобы маладыя, але вельмі моцна ўжо расславілі ў Польшчы нашу Гайнаўку. Паказваем тут жыхарам горада значныя фільмы, як хаця б „Піяніст”. Рэгіён наш неад’емна звязаны з Белавежскай пушчай, а ў сувязі з гэтым вакол нашага Цэнтра прамоцыі згуртаваліся прыродазнаўчыя таварыствы, як Таварыства аховы краявіду, Таварыства аховы Белавежскай пушчы ці гурток экскурсаводаў. Іхнія сябры ў нас сустракаюцца, тутака сядзіба Таварыства аховы краявіду. Наш цэнтр гэта таксама выстаўкі, у іх ліку і экспазіцыі звязаныя з Фестывалем, ды „Ператоча”, першы выпуск якога адбыўся ў Белавежы ў верасні мінулага года, а сёлетні плануецца на ліпень. „Ператоча” — мастацкія сустрэчы народаў, якія на працягу гісторыі насялялі або і зараз насяляюць наш рэгіён.

— Дому культуры, які тут побач, застаецца што-небудзь да работы?..

— Фонд гэта няўрадавая арганізацыя і ў гэтай сферы разгортвае сваю дзейнасць. Працу ў доме культуры мы дасканала ведаем — ён, так лічу, больш засяроджваецца на аматарскім руху і калектывах. Мы прапануем тое, на што дазваляе наша база.

— У апошнія гады Фонд дасведчыў нямала праверак...

— Так, шмат што на гэта склалася — таксама і допісы ў прэсе, у якіх фармуляваліся закіды ў немэтазгодным выкарыстанні намі сродкаў ды ў няправільных разліках дзяржаўных датацый. Частку тых кантроляў мы ўжо перажылі, а што яшчэ чакае нас у будучым — не ведаем. Быў аўдыт фінансаў юбілейнага XX Фестывалю, была праверка з Міністэрства культуры (2002 г.), якая прасочвала нашы расходы на арганізацыю Фестывалю царкоўнай музыкі, ды праверка Найвышэйшай кантрольнай палаты — НІК (2003 г.). З задавальненнем хачу адзначыць, што ўсе праверкі пацвердзілі як мэтазгоднасць нашых расходаў, так і правільнасць ды тэрміновасць нашых фінансавых разлікаў.

— А газеты, яны адкруцілі свае намёкі і спекуляцыю?..

— Нам прыкра, што нягледзячы на нашы просьбы — праўда, яны фармуляваліся ўсяго па тэлефоне, але ўсё ж — ніводная рэдакцыя не паквапілася спраставаць ці паінфармаваць сваіх чытачоў пра фактычны стан рэчаў — вось, мы ўжо пасля кантроляў, якія поўнасцю нас апраўдалі, — а ўсе надалей падтрымліваюць стан здогаду ды западозранасці нас у злачынстве.

— Гэта ўжо такая краса беластоцкай прэсы. З другога аднак боку, у гэтым годзе будзе трэці выпуск Фестывалю, які праводзіцца ў становішчы „разводу з Царквою”. Як гэта ўплывае на агульную кандыцыю мерапрыемства?

— У журналіста сваё права ўжываць тыя тэрміны, якія ён лічыць правільнымі. Па-мойму ніякага разводу не адбылося, бо і як ён меў бы адбыцца? Але фактычна, сёлетні XXIII выпуск Фестывалю, як і два папярэднія, адбываецца па-за Саборам св. Тройцы. Кандыцыя мерапрыемства, з якога боку да яго ні прыглядацца — уласцівая. У Фестывалю адпаведны мерытарычны ўзровень, вялікая зацікаўленасць хораў, гісторыя, традыцыя ды адпаведныя напрацоўкі і дасягненні, якія з гэтай традыцыі вынікаюць. У хораў, якія да нас прыязджаюць, досвед шматлікіх еўрапейскіх і сусветных фестываляў — яны нам зайздросцяць і віншуюць нашых дасягненняў. Праблема, як і ва ўсёй гаспадарцы, фінансавая. Мы не заўсёды ў змозе задаволіць усе спадзяванні нашых хораў-гасцей — некаторыя клопаты гэтага кшталту могуць узнікнуць і ў гэтым годзе.

— Як балансуецца фінансаванне Фестывалю — пераважае ўрадавая датацыя ці прыватная?

— Пункт цяжкасці раскладаецца тут пароўну, хоць і не ў тым памеры, на які мы разлічваем. У мінулым годзе Фестываль не атрымаў падтрымкі з боку ваяводскіх улад, але ў гэтым годзе гэта мяняецца — маем дэкларацыю падтрымкі з боку Маршалкоўскай управы. Трэба таксама памятаць, што Падляшша, як рэгіён — беднае, і таму яно скупое прыватнымі спонсарамі.

— Каторы год Вы старшынствуеце Арганізацыйнаму бюро Фестывалю?

— Ёсць клопат з адказам на гэтае пытанне. Здаецца, будзе ўжо больш за дзесяць.

— Як збольшага выглядае Ваш фестывальны тыдзень?

— Пачну з самай прыемнай у жыцці чалавека рэчы — сну. Сон у час Фестывалю або кароткі, або хуткі — трэцяй магчымасці не бывае. Гэты тыдзень, несумненна, адрозніваецца ад кожнага іншага ў годзе — чалавек перагружаны працай, адказнасцю за робленае і, нельга скрываць, напругай...

— У Фестывалі Вам дапамагаюць і валанцёры?..

— Абсалютна так. Шмат чаго можна падрыхтаваць яшчэ да мерапрыемства, але калі пачынаюць прыязджаць госці, дык мы выручаемся нашымі прыхільнікамі, якія добраахвотна апякуюцца хорамі. На валанцёраў можна паспадзявацца і ў шмат якіх іншых справах — шчырае ім дзякуй за іхнюю працу і падтрымку для Фестывалю. Мне вельмі прыемна, калі хоры дзякуюць за мілы прыём і апеку, якую яны мелі ад сваіх праваднікоў-валанцёраў.

— Царкве хіба няцяжка адцягваць ад Фестывалю хоры, якія, умоўна кажучы, знаходзяцца ў сферы яе ўплываў?

— Непамерна шкадуем, што не па нашым рашэнні ў Фестывалі не ўдзельнічаюць польскія праваслаўныя прыхадскія хоры. Ужо гадоў 15 назад быў адзін выпуск Фестывалю, калі ўладыка Сава забараніў удзельніцтва ў ім хорам Беластоцка-Гданьскай епархіі. Факт гэты аднак без уплыву на кшталт Фестывалю, бо ад пачатку ажыццяўляецца ён з захаваннем сваёй конкурснай формулы з падзелам на нязмененыя ад пачатку катэгорыі. Бесперабойна наведваюць нас замежныя праваслаўныя прыхадскія хоры.

— Ці не будзе так, што ўсё ж мерапрыемства пераўтворыцца ў фестываль класічнай музыкі, падшытай спадчынай усходняй культуры?

— Фестываль мяняецца, але не ў сваёй конкурснай частцы, у якой выконваецца і ацэньваецца міжнародным журы выключна царкоўная музыка. Тыя змены, якія адбываюцца побач, сведчаць толькі пра прагрэс, але яны не дакранаюцца да конкурсу ды не мяняюць традыцыйнай формулы Фестывалю, паводле якой у хораў абавязак падрыхтаваць царкоўны рэпертуар.

— Запрашаюць Вас на „Дні царкоўнай музыкі”?

— Ні я асабіста, ні дырэктар Мікалай Бушко — ініцыятар імпрэзы — не мелі гонару атрымаць такое запрашэнне. Не абазначае гэта, аднак, што дарога туды нам закрыта. Затое мы заўсёды кіруем такія запрашэнні да шмат якіх асабістасцей, царкоўных іерархаў не выключаючы.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксандр МАКСІМЮК