Ніва № 13 (2498), 28 сакавіка 2004 г.

Свята беларусаў

Аляксандр МАКСІМЮК

Упершыню, калі глянуць на гісторыю адкрытага святкавання Дня Незалежнасці Беларусі ў адноўленай Польшчы, абышлося яно ў Беластоку без персанальных запрашэнняў. Для беларускай эліты сёлетняе святкаванне стала як бы паўторным перапісам — прыйшоў на свята той, хто ўважаў, што беларусам у гэты момант трэба быць разам. Як і ранейшы перапіс насельніцтва, сакавіцкі перапіс нацыянальнасці атрымаўся вельмі паспяхова.

Беларускі саюз у Польшчы прымяркоўвае святкаванне Дня Незалежнасці да нядзелі — у гэтым годзе атрымалася гэта 21 сакавіка. Старшыня Саюза Яўген Вапа прывітаў гасцей са святам і надыходам вясны, якая, нібы па заказе, завітала ў Беласток у паўнаце сваёй красы акурат пад 25 Сакавіка. Дата гэтая, па словах прамоўцы, істотная падзея ў замацоўванні супольнасці беларускага народа. Народ 86 гадоў таму захацеў не толькі людзьмі звацца, але і запатрабаваў сваёй незалежнасці. Яўген Мірановіч, прафесар Універсітэта ў Беластоку, сказаў, што свята гэтае адзначаецца невялікім адсоткам грамадзян Рэспублікі Беларусь, але ўжо стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі добра сабе ўсведамлялі, што заяўляючы пра незалежнасць краіны парушаюць яны „святое права” суседніх народаў на панаванне на беларускіх землях. Неўзабаве Беларусь сталі таптаць чужыя арміі, а пасля дзесяцігоддзямі народу сціралі памяць пра БНР. Пра дату памятала жменька эмігрантаў. Дваццаць гадоў таму, успомніў Я. Мірановіч, гадавіну 25 Сакавіка ў беластоцкім інтэрнаце святкавала 7 чалавек, а праз 10 гадоў у нашу краіну прыехаў амбасадар незалежнай Беларусі, у беластоцкай царкве была адслужана літургія за беларускі народ... І хаця, заключыў дакладчык, у 1994 г. уладу ў Беларусі ўзяў рэакцыйны рэжым, але павярнуць назад час яму не ўдалося. Святкаванне нават у сямейным ці сяброўскім крузе — гэта малыя фронты, якія вядуць да поўнай свабоды. Віктар Сазонаў ад Фонду імя Льва Сапегі, які на беластоцкім святкаванні прадстаўляў дэмакратычныя сілы Беларусі, падзякаваў Беласточчыне за прыклад, якім яна была для беларусаў у савецкі час. Афіцыйную частку беластоцкага святкавання ўпрыгожыў выступ барда з Мінска Зміцера Сідаровіча. Ад некалькіх ужо гадоў 25 Сакавіка стала ў нас нагодай дзеля сімвалічнай падзякі людзям, якія на працягу мінулага года асабліва заслужыліся для нашай беларускай супольнасці ў Польшчы. У гэтым годзе старшыня Беларускага саюза ўручыў букеты перавязаныя бел-чырвона-белай стужкай войту Чыжоўскай гміны Юрыю Васілюку, беластоцкаму прадпрыемцу-менеджэру Міраславу Пякарскаму ды дырэктару Гайнаўскага беларускага ліцэя Яўгену Сачко. Годнае прадстаўніцтва Гайнаўкі на беластоцкім святкаванні і парадавала, і задзівіла... Амаль а той жа гадзіне ў самой Гайнаўцы адкрываўся агляд беларускага кіно. Аказваецца, калі ёсць воля і ахвота — можна ў двух месцах быць адначасова!

Непамерна шкадую, што такое выдатнае мерапрыемства, як прэзентацыя беларускага фільма, адбываецца толькі ў Гайнаўцы — разумею прытым гонар маіх сяброў-гайнавян за свой горад. Апошні раз давялося глядзець беларускі фільм па польскім тэлебачанні, калі ў Польшчу афіцыйны візіт нанёс старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч — будзе гэта ўжо дзесятак з лішкам гадоў. Тады беластоцкія СМІ — ва ўмовах дэмакратычнай ужо Польшчы — зафундавалі нам адкрыты намёк на нашу дзяржаўную нелаяльнасць, быццам складаем мы асобную і ў нейкім сэнсе „недарослую” катэгорыю грамадзян краіны, якіх толькі павучваць як жыць... З таго часу, у маім адчуванні, памянялася не так і шмат. У гэтым годзе горад Беласток зафундаваў нам пад 25 Сакавіка тыдзень французскамоўных народаў — Алжыр, Гаяна, Палінезія...

Тое, што з нацыянальным святам не вітае беларусаў беларускі прэзідэнт — можна неяк зразумець, усё ж будуе ён сваю папулярнасць на антыбеларускіх акцыях. Можна нават зразумець, чаму не павіншуюць беларусаў польскія ўлады — ёсць жа нейкая дзяржаўная палітыка ў дачыненні да Беларусі. Але вось, чаму словам не заікнуцца самаўрадавыя дзеячы, паслы, сенатары..., рукі і вусны якіх той жа палітыкай не завязаны — не так ужо і проста асэнсаваць. Няпроста таму, што ёсць у найбліжэйшым свеце прыклад Чэхіі, у якой віншаванні беларусам з нагоды нацыянальнага свята выходзяць ад галавы дзяржавы.

Святкуем на Беласточчыне як эмігранты — нельга адпрэчыць такое сцвярджэнне. Замала аднак самі заяўляем, што не эмігранты мы, а рэальны народ у сваім доме...

Віншую Вас, беларусы, з нацыянальным святам.