Ніва № 12 (2497), 21 сакавіка 2004 г.

Няма Зінаіды Навіцкай

Аляксей МАРОЗ

Сумная вестка аб смерці Зінаіды Навіцкай, шматгадовай дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім маланкава разышлася 10 сакавіка па Беласточчыне і Польшчы.

— Нечаканая і балючая для нас смерць дырэктар Зінаіды Навіцкай. Была Яна беларускай вялікага фармату, сэрцам і душою адданая беларускай справе. Бяднейшымі будуць беларуская асвета і беларускі рух у Польшчы без Зінаіды Навіцкай. Яна больш за іншых дырэктараў Бельскага белліцэя напамінае мне постаць Яраслава Кастыцэвіча, — сказаў загадчык Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта прафесар Аляксандр Баршчэўскі.

11 і 12 сакавіка бяльшчане і жыхары іншых мясцовасцей прыходзілі развітацца з дырэктар Зінаідай Навіцкай. Настаўнікі белліцэя ўсю ноч дзяжурылі ў труны сваёй дырэктар. На Яе пахаванне прыбылі вучні і настаўнікі бельскіх школ, дэлегацыі школ з іншых гарадоў, былыя вучні нябожчыцы, дзеячы беларускага руху, беларускія дыпламаты і шмат іншых асоб, якія Яе зналі. Пасля богаслужэння ва Успенскай царкве дырэктар Зінаіда Навіцкая была пахавана побач мужа Барыса на старых бельскіх могілках.

— Я ведаў дырэктар Зінаіду Навіцкую каля шасці гадоў. Яна была вельмі канкрэтнай асобай, дысцыплінаванай і культурнай у адносінах да іншых людзей. У Яе быў педагагічны такт і таму так плакалі па ёй настаўнікі і вучні. Калі трэба было нешта аформіць, Яна заўсёды рабіла гэта паспяхова. Жыла з Царквою і калі захварэла, перад усім шукала дапамогі ў Бога. Калі некалькі дзён перад смерцю я быў у шпіталі, дырэктар Зінаіда была слабая. Аднак да канца адзначалася вялікім хрысціянскім аптымізмам і дзякавала Богу за ўсё, што атрымала ў сваім жыцці, — кажа епіскап Бельскі Грыгорый.

— Наша дырэктар была Чалавекам з харызмай, але нам была як маці. Працавала з верай у маладога чалавека. Дзверы ў Яе кабінет былі заўсёды адчынены для нас, так як было адкрытым для нас Яе сэрца, — гаворыць настаўніца белліцэя Аліцыя Нідаэ.

— Я буду ўспамінаць Яе як цудоўнага дырэктара, настаўніка, беларускага дзеяча і добрага чалавека. Была асобай, да якой можна было звярнуцца з кожнай службовай або асабістай справай і заўсёды атрымаць параду, — кажа настаўніца Анна Бжазоўская.

— Дырэктар Зінаіда Навіцкая разумела праблемы іншых. У размове з намі яна не ўзвышалася, але вяла сябе як просты настаўнік. У крытычных момантах гаварыла, што не трэба траціць надзеі, — удакладняе настаўніца Яўгенія Таранта. — Была рашучай і адважнай асобай, што дапамагала ёй станоўча вырашаць школьныя справы.

— Я вучыўся з дырэктар Зінаідай у адным класе сярэдняй школы і многа супрацоўнічаў з Ёю арганізуючы беларускія мерапрыемствы ў Бельску. Яна многа дапамагала Бельскаму дому культуры і школьным калектывам, якія я вёў, — гаворыць дырэктар БДК Сяргей Лукашук.

— Дырэктар многа клапацілася для дабра школьнай моладзі. Моцна намагалася, каб вучні добра падрыхтаваліся і паспяхова здалі экзамены ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Многа зрабіла для беларускіх спраў. Была выдатным самаўрадавым дзеячам. Умела так весці сябе на пасяджэнні Гарадской рады, што супакойвала эмацыянальна выступаючых і дабівалася поспехаў для беларускіх спраў, — кажа яе намеснік, дырэктар Андрэй Сцепанюк.

ЗІНАІДА НАВІЦКАЯ нарадзілася ў 1944 годзе ў вёсцы Аўгустова Бельскага павета. Вучылася ў беларускім класе Педагагічнага ліцэя ў Бельску-Падляшскім. Паспяхова закончыла рускую філалогію ў Вышэйшай педагагічнай школе ў Кракаве. Сорак гадоў таму пачала працаваць настаўнікам Пачатковай школы ў Плябанаве, а потым узначальвала школу ў Пасынках. З 1970 года вучыла рускай мове ў Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання ў Бельску-Падляшскім. Ад 1991 года — дырэктар гэтай жа школы. Была сябрам БГКТ, а ад 1993 года — членам Галоўнага праўлення БГКТ і яго прэзідыума.

У 1998 годзе Бельскі белліцэй пад кіраўніцтвам дырэктар Зінаіды Навіцкай заняў пятае месца ў Беластоцкім ваяводстве паводле ўзроўню навучання і шостае месца ў Польшчы паводле вынікаў удзелу ў прадметных алімпіядах. У дзевяностыя гады па 80-85% выпускнікоў белліцэя паступала ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ад 1998 года дырэктар Зінаіда Навіцкая была раднай горада Бельска-Падляшскага. За сваю прафесійную і грамадскую працу ўзнагароджана Залатым крыжам заслугі, Залатой адзнакай „Заслужаны Беласточчыне” і Медалём Камісіі нацыянальнай адукацыі. Атрымала таксама ўзнагароду Міністра нацыянальнай адукацыі ІІ ступені і шмат іншых узнагарод.