Ніва № 11 (2496), 14 сакавіка 2004 г.

Снікерса недастаткова

ТАДЭВУШ ГАВІН — заснавальнік і першы старшыня Саюза палякаў Беларусі. У Падляшскай ваяводскай бібліятэцы ў Беластоку прэзентаваў сваю найнавейшую кнігу „Zwyciestwa i porazki”. Раней наведаў нашу рэдакцыю. Ягоны візіт сарганізаваў Цэнтр грамадзянскай адукацыі Польшча — Беларусь. У сустрэчы ў бібліятэцы прыняў удзел віцэ-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Дабравольскі. Песні спяваў вядомы бард з Беларусі Віктар Шалкевіч.

З Тадэвушам Гавіным размаўляе Мацей Халадоўскі.

— Што інспіравала Вас да напісання кнігі „Zwyciкstwa i poraїki”, такіх абшырных успамінаў?

— Па-першае, я хацеў ясна падсумаваць вынікі дзейнасці Саюза палякаў Беларусі пры маім кіраўніцтве, каб новыя дзеячы з таго, што станоўчае, бралі прыклад і каб не рабілі такіх самых памылак.

— Прызнаецеся ў кнізе, што трапілася Вам шмат памылак. Якія былі найважнейшыя, якія ляжаць цяжарам на паляках у Беларусі?

— Я хутчэй назваў бы іх не памылкамі, а паразамі. Перш за ўсё гэта факт, што не ўдалося нам пераканаць лукашэнкаўскія ўлады, каб узнікла польская школа ў Навагрудку. Шмат было з нашага боку пымылак. Не змаглі мы даказаць лукашэнкаўскім уладам, што мы рашучыя, што мы разам, уз’яднаныя, і ўсе таго хочам. Хапіла ў нашых шэрагах, а нават у маім найбліжэйшым атачэнні, людзей, якія не разумеюць спраў такога тыпу. Можна некаторых з іх назваць нават калабарантамі, якія, будучы блізка, пагаджаліся са мною, што так трэба, а пазней рознымі каналамі ўплывала на іх улада і тады яны публічна адыходзілі ад раней прынятых рашэнняў. Было відаць, што мы ў гэтай і да яе падобных справах — падзеленыя. І гэта нас аслабляла. Другая справа. Мая адстаўка з пасады старшыні СПБ была вырашана слушна. Немагчыма бясконца выпаўняць такую функцыю. Гэта вельмі цяжкая праца. Я рашыў, што трэба даць магчымасць тым, хто мяне крытыкаваў. Сёння бачу, што, аднак, спосаб, у які я гэта зрабіў, быў агромнай памылкай. Не трэба было адмаўляцца, а пачакаць ды склікаць з’езд. Зрабіў усё, а новыя ўлады перанялі палітыку, якую я вёў. Адышоў я зарана. Не меў тады ніякага ўплыву на тое, хто будзе кіраваць Саюзам. І цяпер вось сітуацыя такая, што саюз не такі напорысты як раней, не ёсць такой аўтарытэтнай арганізацыяй, як пяць гадоў таму. Няма таго супольнага фронту змагання палякаў на Беларусі за польскія школы. Саюз не мае падтрымкі з боку беларускіх арганізацый і дэмакратычных партый. Усё таму, што Саюз палякаў таксама іх не падтрымлівае ў змаганні за незалежную і суверэнную Беларусь, захоўванне правоў чалавека і ўрэшце таксама і правоў меншасцей.

— Ці ваша — грамадзяніна Беларусі — прадзяржаўнае мышленне перашкаджала ў дзейнасці дзеля польскай меншасці?

— Якраз наадварот. Мая ангажаванасць у Беларусі ў беларускія справы, значыць, падтрымка палітычных партый і дэмакратычных арганізацый узмацняла аўтарытэт СПБ, а, па-другое, узамен атрымлівалі мы большыя карысці, чым беларусы. Хопіць сказаць, што, для прыкладу, калі б Беларускі народны фронт сказаў: мы не хочам, каб у Беларусі ўзнікалі польскія школы, дык ніводная б не паўстала. Мы змаглі дагаварыцца з беларусамі ў гэты цяжкі час і даказаць ім, што мы, як польская меншасць, не стваралі б ім ніякай пагрозы. Няма ж гаворкі аб, напрыклад, вяртанні Гродна ў Польшчу ці іншыя справы з нацыяналістычнай афарбоўкай. Мы ж там нарадзіліся, жывем і хочам карыстацца належнымі нам канстытуцыйнымі правамі. Нічога апрача гэтага. Ангажаванасць палякаў і іх арганізацый у дэмакратычнае жыццё ў Беларусі прыносіла і будзе прыносіць карысці польскай меншасці, якая там пражывае.

— Але ці гэта ёсць толькі ваша думка, ці таксама і большай групы палякаў? Ці, для прыкладу, Польскія дамы ў Беларусі адкрытыя на дзейнасць дэмакратычных няўрадавых арганізацый?

— На жаль, не. Мушу прызнацца, што новыя ўлады Саюза гэтага не разумеюць. Уся іх палітыка за польскасць у Беларусі зводзіцца да будавання польскага гета. Гэта вядзе нікуды. Зводзіцца гэта вось да чаго: калісь былі мы просьбітамі і будзем імі ў будучыні. За такое думанне палякі не здабудуць для сябе пазіцыі ў беларускай дзяржаве. Каб быць партнёрам для беларусаў, якія цяпер сядзяць у арыштах, змагаюцца за незалежную і дэмакратычную Беларусь, плацяць вялікія штрафы за тое, што хочуць, каб Беларусь была іншай дзяржавай, калі зачыняюцца іхныя газеты, ліквідаваны іхныя грамадскія арганізацыі, нельга толькі прыглядацца. Калі мы не будзем ангажавацца, толькі сабе ўзірацца і не будзем супраціўляцца бяспраўным дзеянням улад, то будзем у Беларусі прыгавораны існаваць на абочыне грамадскага жыцця.

— Шмат маладых палякаў з Беларусі выязджае па навуку за мяжу, галоўным чынам у Польшчу. Шмат з іх не вяртаецца на радзіму. Што Вы скажаце на гэты конт?

— Гэта наша трагедыя. Па вышэйшую адукацыю выязджае ў прынцыпе наша найлепшая моладзь. Ну, але гэта не такое драматычнае. Усё ж, шмат з іх вяртаецца. Для прыкладу, мой сын. Закончыў Ягелонскі універсітэт, вярнуўся, не хоча з’язджаць з Беларусі, ангажуецца ў грамадска-палітычнае жыццё. Вось такія паводзіны добра прадказваюць на будучыню. У свой час прапанаваў я польскаму міністэрству адукацыі, каб выпрацаваць нейкія механізмы, якія б гарантавалі тое, што выязджаючыя па навуку мелі б нейкія абавязацельствы ў адносінах да польскай меншасці ў Беларусі, бо ж на яе заяву яны выехалі. Усё ж, я б не перабольшваў гэтай праблемы.

_ Як Вы, на сённяшні дзень, ацаняеце шанцы развою ў Беларусі школьніцтва польскага, але і беларускамоўнага?

— Усё ж, беларусы — у лепшай сітуацыі. Вядома, кіруе Лукашэнка і іншыя, якія ігнаруюць беларускую мову. Усё ж гэта — часовае. Раней ці пазней да ўлады дойдзе новая генерацыя людзей, якія думаюць іначай, у якіх прабеларускі і прадзяржаўны напрамак. Так, як было на пачатку дзевяностых, калі паступова ўводзілася беларуская мова ў першыя класы. З часам і так гэтыя школы стануць беларускамоўнымі. Цяпер і ў будучыні мы, палякі, будзем мусілі даказаць, што і нам патрэбныя школы. Можа, у будучыні будзе з гэтым лягчэй, калі ў сённяшняй цяжкай палітычнай сітуацыі дакажам беларусам, што мы — з імі і хочам таго самага.

— Што чакае Беларусь у найбліжэйшы час?

— Я — аптыміст. Хоць кажуць, што ў Беларусі слабая і падзеленая апазіцыя, і няма з кім размаўляць апроч Лукашэнкі, гэта няпраўда! Ёсць мноства людзей, якія думаюць іначай, якія хочуць змяніць гэтую палітычную сістэму, накіраваную супраць людзей. Час змен не такі адлеглы. Канфлікт паміж Пуціным і Лукашэнкам, пасля чарговага выбару Пуціна будзе паглыбляцца надалей. Парламенцкія выбары ў Беларусі ўлады несумненна схочуць сфальшаваць. Пасля чакаюць нас прэзідэнцкія выбары. Калі б нават ім удалося сфабрыкаваць парламенцкія выбары і не выкліча гэта большага абурэння, то ўжо сёння на вуліцы відаць простым вокам, што Лукашэнка можа разлічваць толькі на нязначную падтрымку. Калі сфабрыкуюць выбары, то нявыключана, што Беларусь чакае грузінскі варыянт. Людзі выйдуць на вуліцы супрацівіцца мане. Гэтую ўладу людзі змятуць!

— Як Вы ацэньваеце польскую палітыку ў адносінах да Беларусі?

— Польшча, насуперак лозунгам, не надае большага значэння будаванню ў Беларусі адкрытага грамадства. Польскія прадстаўнікі павінны кантактавацца з няўрадавымі арганізацыямі. Сёння ў Гродне мой калега Мікола Маркевіч выдае газету День”, адзіную друкаваную на Гродзенскую вобласць па-беларуску. Ледзь зводзіць канцы з канцамі і ніхто ў Польшчы не хоча яму памагчы. Калі Польшча кажа, што хоча мець Беларусь — усходнюю суседку з адкрытым грамадствам, людзьмі ёй прыязнымі, а няма ў той самы момант нікога ў Польшчы, хто хацеў бы падтрымаць такіх людзей як Маркевіч, які хоча будаваць тое адкрытае грамадства, то я сумняваюся, ці тая палітыка — слушная. Не хопіць толькі казаць, што не падтрымліваем рэжым. Калі гаворка аб адносінах палякаў да Беларусі, то не хопіць прыехаць да „biednej holoty polskiej” на ўсходзе, прывезці паношанае адзенне і даць у падарунку снікерс; такія дзеянні да нічога добрага не прывядуць. Трэба часцей ездзіць у Беларусь і сустракацца з палякамі. На месцы памагаць ім пазбыцца комплексаў, вучыць таго, як быць у Беларусі нармальнымі грамадзянамі, каб хацелі яны ангажавацца ў палітычную дзейнасць, самаўрадавыя выбары. Каб хацелі разам кіраваць той краінай, ведалі, што патрэбны яны дэмакратыі, што яны грамадзяне не другой катэгорыі.

Размаўляў Мацей ХАЛАДОЎСКІ