Ніва № 9 (2494), 29 лютага 2004 г.

Дыялог і кантакты

Інтэрв’ю з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Паўлам ЛАТУШКАМ.

— Год таму Вы нанеслі першы афіцыйны візіт у Падляшскае ваяводства як Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча. За год Вашага знаходжання на гэтай пасадзе мелі месца часцейшыя чым раней двухбаковыя сустрэчы палітыкаў. Як ацэньваеце стан польска-беларускіх адносін на канец 2003 года?

Год 2003 быў адначасова складаным і даволі інтэнсіўным у развіцці беларуска-польскіх адносін. Гэта было звязана і са значным уплывам на нашыя адносіны змен, якія адбываліся ў сусветнай палітыцы, так і надышоўшым разуменнем неабходнасці змен у палітыцы ўзаемадачыненняў Беларусі і Польшчы. Мы наглядаем, як апошнім часам змяняецца роля Польшчы ў сусветнай палітыцы, асабліва ў нашым рэгіёне Еўропы. Польшча пачынае адыгрываць большую ролю ў фарміраванні падыходаў Еўрапейскага Саюза да будучых дзяржаў-суседзяў ЕС.

Беларусь знаходзіцца гістарычна і тэрытарыяльна ў Еўропе, і абсалютна натуральнымі з’яўляюцца нашы падыходы па развіццю і актывізацыі адносін з ЕС на прынцыпах узаемнай павагі і ўзаемавыгады, суверэнітэту і неўжывання двайных стандартаў.

Расія з’яўляецца стратэгічным партнёрам для Беларусі. З гэтай краінай нас звязваюць цесныя гаспадарчыя сувязі. За 2003 год гандлёвы абарот Беларусі і Расіі склаў 12 млрд. долараў ЗША. Але Беларусь не з’яўляецца і не будзе часткай Расіі. Наша краіна даволі доўга ішла да сваёй незалежнасці і не збіраецца ад яе адракацца.

З другога боку мы маем важнага для нас партнёра — Рэспубліку Польшча, з якім зацікаўлены развіваць адносіны ў максімальна шырокіх сферах. У тым ліку і праз нашага заходняга суседа для Беларусі ў прамым сэнсе ляжыць дарога на Захад, і добрыя адносіны з Польшчай адпавядаюць інтарэсам Беларусі. Падаецца, што разуменне бесперспектыўнасці далейшай ізаляцыі кантактаў з Беларуссю прыходзіць і ў Польшчы. Значны ўплыў на гэта зрабіў менавіта 2003 год. Размова прэзідэнтаў падчас святкавання 300-годдзя Санкт-Пецярбурга, сустрэчы прэм’ер-міністраў, кіраўнікоў верхніх палат парламентаў, сакратароў саветаў бяспекі, віцэ-прэм’ераў, міністраў замежных спраў, кіраўнікоў кантрольных органаў, парламентарыяў і іншых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі і Польшчы на працягу 2003 года, якія насілі як, рабочы, так і нефармальны характар, былі накіраваны на вырашэнне праз дыялог інснуючых на сённяшні дзень праблемных пытанняў у двухбаковых адносінах. І тое, што нам удалося пазбегнуць іх палітычнай афарбоўкі і выкарыстання ў прапагандысцкіх мэтах, з’яўляецца добрай падставай для далейшых крокаў па вырашэнню канкрэтных спраў двухбаковага супрацоўніцтва.

Толькі некаторымі канкрэтнымі вынікамі сустрэч з’яўляюцца ўзгадненні па адкрыццю 5 дадатковых пагранпераходаў (справа не рухалася некалькі год), рашэнні па рэканструкцыі Аўгустоўскага канала (ад 1996 года мы стаялі на месцы), прапрацоўка праекта будовы ў Брэсце электрастанцыі з удзелам канцэрна польскіх фірм, польскім крэдытам і набыццём польскага вугалю для яе патрэб (праект вартасцю 100-150 млн. дол. ЗША), адкрыццё помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску. Кантакты спрыялі і таму, што за 2003 год маем неспатыкальны ў двухбаковых адносінах рост гандлёвага абароту на 60%. Ці варта сустракацца і размаўляць?

— Як уступленне Польшчы ў ЕС адаб’ецца на гандлёвым абмене з Беларуссю?

— Уваходжанне Польшчы ў ЕС будзе мець як станоўчыя, так і адмоўныя моманты для нашых гандлёвых адносін. На сённяшні дзень у якасці станоўчага моманту мы можам назваць памяншэнне з 1 мая 2004 года сярэдняй стаўкі мытных пошлін на беларускія тавары, якія будуць пастаўлены ў Польшчу як краіну-члена ЕС. Такім чынам мы плануем рост экспарту па шэрагу пазіцый беларускіх тавараў.

З іншага боку нас непакоіць магчымае стварэнне прававога вакууму рэгулявання двухбаковых адносін. Польшча ў лістападзе 2003 года дэнансавала міжурадавае пагадненне аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Існуе небяспека спынення дзейнасці міжурадавай гандлёва-эканамічнай камісіі.

Ад 1 мая 2004 года Польшча як член ЕС пачне ўжываць антыдэмпінгавыя абмежаванні на пастаўкі такіх тавараў, як, напрыклад, калійныя ўгнаенні, тканіны. Тое, што Беларусь ад 1 мая не будзе ў стане прадаць ніводнага кілаграма калійных угнаенняў на польскім рынку, а гэта каля 45 млн. долараў ЗША экспарту ў год, негатыўна адаб’ецца і на польскім спажыўцы. На жаль, нам не ўдалося ўзгадніць беларускую прапанову па ўвядзенню 5-гадовага пераходнага перыяду на пастаўкі важнай як для Беларусі, так і для Польшчы прадукцыі. Зразумела, што больш складанай стане і сістэма сертыфікацыі.

— Якія супольныя дзеянні будуць прымацца па дасканаленні гранічнага руху?

— Важным падаецца ўзгоднены напрыканцы 2003 года ў Камянцы на Беларусі падыход аб адкрыцці 5 дадатковых пагранпераходаў на нашай мяжы: Такары — Высокае, Ялуўка — Рыбалы, Владава —Тамашоўка, Рудаўка — Лясная (Аўгустоўскі канал), Пярэраў — Белавежа (Белавежская пушча).

У мінулым годзе таксама была завершана рэканструкцыя польскай часткі пагранперахода Кузніца — Брузгі, адкрыты для карыстання новы грузавы тэрмінал на беларускім баку Казловічы — Кукурыкі.

У бягучым годзе плануецца адкрыць пасля рэканструкцыі беларускія часткі пагранпераходаў Брэст — Тарэспаль і Брузгі — Кузніца.

Аднак сумесныя ініцыятывы на нашай мяжы павінны мець аднолькавае фінансаванне, каб не паўставала сітуацыя т.зв. „бутэлькі”. Па звестках ЕС, Польшча атрымае на памежную інфраструктуру каля 500 млн. еўра, а Беларусь — толькі некалькі мільёнаў. З аднаго боку паўстануць сучасныя вялікія пераходы, а з другога не менш сучасныя, але меншыя па памерах пункты пропуску. Але праз такі пераход праедзе столькі грамадзян, колькі праз вузкую частку, і не будзе мець значэння, на колькі шырокая другая частка т.зв. „бутэлькі”. Мы зацікаўлены таксама мінімізаваць адмоўныя наступствы дэнансацыі Польшчай міжурадавага пагаднення аб спрошчаных пунктах пропуску, якое давала магчымасць прыгранічнаму насельніцтву перасякаць мяжу больш зручным спосабам.

Згодна з рашэннем Прэзідэнта Беларусі плануецца скончыць рэканструкцыю беларускай часткі Аўгустоўскага канала да 1 чэрвеня 2006 года. Разлічваем, што польскі бок дапаможа ў рэканструкцыі пагранічнага шлюза „Кужынец”.

— Ці магчымае ў 2004 годзе пашырэнне культурнага абмену паміж Польшчай і Беларуссю?

— Мінулы год быў насычаны знамянальнымі для двух народаў падзеямі ў культурным жыцці. Але галоўнай стала адкрыццё ў цэнтры Мінска помніка Адаму Міцкевічу і прысваенне яго імя скверу. Гэта ўжо трэці помнік на Радзіме славутаму сыну беларускай зямлі.

Два моманты, аднак, мяне засмуцілі ў гэтай падзеі: адсутнасць увагі польскіх СМІ да падзеі і рэпартаж „Нівы” (газеты, якую з зацікаўленнасцю рэгулярна чытаю). У матэрыяле газеты беларусаў у Польшчы журналіст паспрабаваў у непалітычнай падзеі знайсці падставы зноў жа да крытыкі беларускіх улад (не тое месца, не далі выступіць прадстаўніку апазіцыі, які заявіў аб сваім жаданні забраць голас за 5 мінут да ўрачыстасці (?!), маршала Л. Пастусяка не дапускалі да журналістаў і г.д.). Здавалася б адкрыццё ўжо трэцяга помніка вялікаму польскаму паэту ў Беларусі з’яўляецца добрай нагодай, каб беларусам Польшчы паставіць і сваё пытанне: а чаму не настала чарга ўшанавання на польскай зямлі вялікіх беларусаў? Тым больш, што мінулагодняя падзея адбылася дзякуючы намаганню ўлад Беларусі. Сапраўды кажуць, што беларусы бязхітрасны народ.

Іншае. Што яшчэ павінна зрабіць Беларусь, каб яе ўчынкі былі пачуты і знайшлі свой станоўчы водгук у польскай прэсе? Шкада, гэту значную падзею ў культурным жыцці двух народаў абмінула маўчаннем большасць польскіх СМІ або прысвяціла ёй два-тры сказы.

Год 2004 будзе, спадзяюся, багатым на культурныя падзеі. Адна з галоўных нашых задач — максімальна рушыць у справе помніка Я. Купалу і Я. Коласу ў Варшаве. Ужо праведзена шэраг размоў з афіцыйнымі асобамі Польшчы і ўладамі Варшавы, ствараецца грамадскі камітэт. Уяўляецца, што гэта тая ініцыятыва, якая можа аб’яднаць беларусаў дзеля вырашэння добрай і важнай справы.

У Беларусі будуць весціся працы па рэканструкцыі дома, дзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка. Хочам ініцыяваць адкрыццё шыльды на вуліцы Янкі Купалы ў Гданьску, адкрыць у Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы фотавыставу „Шляхамі Купалы і Коласа”, запрасіць кіраўніцта Купалаўскага музея з Мінска, каб паказаць вучням творчасць і жыццёвы шлях песняра. У планах правядзенне тыдня беларускага кіно ў Гайнаўцы.

Будзем прапанаваць Музею і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы, міністэрствам культуры і адукацыі Беларусі распрацаваць план узаемадзеяння.

Плануем арганізаваць гастролі ў Варшаве Нацыянальнага тэатра балета Беларусі. Думаем аб канцэрце твораў Манюшкі, Агінскага, Радзівіла — вялікіх сыноў зямлі беларускай у выкананні беларускіх і польскіх музыкантаў і спевакоў. Ёсць ідэя аб правядзенні сумеснага выступлення двух выдатных калектываў імя Г. Цітовіча з Беларусі і „Мазоўша” з Польшчы.

Будзем арганізоўваць разам з Віцебскім музеем выставы твораў М. Шагала, правядзенне якіх у Польшчы ў 2003 годзе мела добры рэзананс.

Адным з галоўных напрамкаў дзейнасці замежных устаноў Беларусі ў Польшчы застаецца ўзаемадзеянне з арганізацыямі беларускай меншасці, Праваслаўнай царквой. Добрым прыкладам з’яўляецца супрацоўніцтва з БГКТ, якое найбольш актыўна прапагандуе беларускую культуру ў Польшчы. Але мы адкрыты на дзелавое канструктыўнае ўзаемадзеянне і з іншымі беларускімі арганізацыямі.

Будзем устанаўліваць узнагароды лаўрэатам конкурсаў і фестываляў. Думаем арганізаваць экскурсію ў Беларусь для вучняў, якія вывучаюць беларускую мову. Мяркуем уручыць лепшым вучням ліцэяў і гімназій з беларускай мовай у Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім узнагароды.

Спадзяюся, што ўдасца падпісаць пагадненне паміж міністэрствамі культуры і адукацыі аб супрацоўніцтве, а ў першай палове 2004 года міжурадавае пагадненне аб прызнанні дыпломаў ВНУ Беларусі і Польшчы.

— Дзякую за размову.

Пытаў Віталь ЛУБА