Ніва № 9 (2494), 29 лютага 2004 г.

Вайна за цэнтр Еўропы

Віктар САЗОНАЎ

Найвялікшая матэрыяльная каштоўнасць беларусаў — геапалітычнае месца нашай дзяржавы. Многія краіны свету галоўным эканамічным падмуркам лічаць эфектыўнае выкарыстанне свайго знаходжання. Прыкладам могуць стаць не толькі еўрапейскія Аўстрыя або Швейцарыя. Суэцкі ці Панамскі каналы з’яўляюцца асноўнай крыніцай даходу краін, па тэрыторыі якіх праходзяць. Беларусь мае ажно пяць такіх „каналаў” — чыгункі, якія злучаюць Захад і Усход, такога ж важнага значэння аўтадарогі, электрычныя сеткі, нафтавая магістраль і газавыя трубы. Калі яшчэ ў перспектыве аднавіць шлях з варагаў у грэкі, то можна, набыўшы гарантыі бяспекі ад міжнароднай супольнасці, ладзіць свой дабрабыт.

Але тое, што можа прынесці дабро, пры нядбалым кіраванні краінай можа наклікаць і бяду. Усходні сусед Беларусі, ад першых дзён аднаўлення нашай незалежнасці, рознымі шляхамі імкнуўся завалодаць гэтым багаццем. Расію, у дадатак да эканамічных перспектываў, вабіла і выключна важнае, стратэгічна-вайсковае значэнне беларускай зямлі. Крэмль дзейнічаў мэтна і паслядоўна. Найперш трэба было разбурыць маналітнасць нацыянальнай апазіцыі і не даць ёй улады. Гэта ўдалося. Далей — эканамічная экспансія. Рублёвую зону і саюзную дзяржаву пачалі ствараць яшчэ Ельцын з Кебічам. Масква гатовая была падтрымліваць любую ўладу ў Беларусі, якая будзе знішчаць нацыянальныя каштоўнасці беларусаў (мову, сімволіку, гісторыю, культуру...). Гэта, у выніку, павінна прывесці да страты незалежнасці. І таму, калі Пуцін прапанаваў Лукашэнку паглынанне Расіяй Беларусі цалкам або губернямі, ён меў падставы чакаць станоўчага адказу. Беларуская дыпламатыя існавала ўжо толькі намінальна. „Аўтарытэт” кіраўніка беларускай дзяржавы ў свеце быў са знакам „мінус”. Меркаванне міжнароднай супольнасці, што дэмакратыю ў Беларусь прынясе Расія, была падрыхтавана самой Расіяй. Нават некаторыя „апазіцыйныя” структуры былі гатовы працаваць на „расійскім палітычным рынку” і (большага абсурду не прыдумаеш!) уваходзіць у аб’яднаную Еўропу праз аб’яднанне з Расіяй. На шчасце Аляксандр Рыгоравіч не захацеў „павышэння” ў губернатары. Тады стаў узмацняцца варыянт эканамічнай экспансіі. Беларусь спрабуюць купіць. Цалкам або па частках. Але Лукашэнка адмовіўся аддаць за бясцэнак газавую магістраль краіны. Расія перакрыла газ.

(...)