Ніва № 9 (2494), 29 лютага 2004 г.

Фестываль з міністрамі

Аляксандр ВЯРБІЦКІ

У перадвелікапосную суботу 21 лютага ў спартзале „Влукняж” у Беластоку адбыўся гала-канцэрт ХІ Фестывалю „Беларуская песня”. Згаданая песня заняла звыш 80% часу мерапрыемства, саступаючы шмат часу палітыцы. Прашу ў чытачоў прабачэння за згаданую палітыку, але такая ў нас складваецца доля, што трэба пакланяцца ўладам, а сёлета і ўлады адчулі павышаную патрэбу прысутнасці перад нашым зрокам. Прывітальныя адрасы Фестывалю накіравалі старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі, мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Сава і епіскап Беластоцкі і Гданьскі Іакаў. Выступаючы з уводным словам старшыня Беларускага-грамадска культурнага таварыства Ян Сычэўскі назваў прозвішчы прысутных трыццаці трох асоб дыпламатычнага, ваяводскага і абласнога маштабаў; ніжэйшае чынавенства было названа агульна...

— Фестывалі беларускай песні з’яўляюцца сведчаннем асаблівай сілы, з аднаго боку сілы традыцыі, сілы культуры і сілы таго натуральнага, аўтэнтычнага запатрабавання прадаўжання так традыцыйнай, як і сучаснай беларускай песні ў вялікай часткі насельніцтва нашага ваяводства, — сказаў міністр замежных спраў Рэчы Паспалітай Владзімеж Цімашэвіч.

— Я хацеў бы шчыра вітаць усіх удзельнікаў і гасцей гэтага Фестывалю і таксама сказаць ім вялікае дзякуй за тое, што яны робяць вялікую справу для захавання і развіцця беларускай культуры тут — на Беласточчыне, тут — у Польшчы, — сказаў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Сяргей Мартынаў.

(...)