Ніва № 8 (2493), 22 лютага 2004 г.

Дзіцячы перыяд беларускага капіталізму

Яўген МІРАНОВІЧ

Пасля ўвядзення візавага рэжыму ўдалося мне ўрэшце выбрацца ў Беларусь. Не быў я там амаль восем месяцаў. Цікава было як новая сітуацыя паўплывала на памежны рух. Структура кантрабанды тавараў не памянялася. У Польшчу беларусы вязуць папяросы і танныя імпартныя спіртныя напоі. Беларуская гарэлка, пасля паніжэння цэнаў на гэты тавар у Польшчы, стала малаканкурэнтнай. З Польшчы вязуць амаль усё, што прадаецца ў вялікіх супермаркетах — ад зубной пасты па тэлевізары і халадзільнікі. У Беларусі гэтых тавараў хапае і яны нават таннейшыя, але больш прэстыжна лічыцца мець дома тэлевізар „Панасонік”, чым „Гарызонт”. На мяжы палякі вяртаюць 22 працэнты заплачанай цаны, у якасці падатку ПДВ, што псіхалагічна вельмі заахвочвае да пакупкі большай колькасці тавараў.

Паводле слоў гродзенскіх калегаў, штодзённае жыццё жыхароў Беларусі моцна ўскладнілася апошнім часам. Растуць цэны, зарплаты стаяць на месцы. Усе наракаюць. Нібы нічога новага ва ўсходняй Еўропе. У такім стане грамадзяне Польшчы жывуць дзесяткі гадоў. У гродзенскіх крамах крызісу не відаць, але заўважаецца значна меншая колькасць пакупнікоў. Беспрацоўе, паводле афіцыйных даных, толькі 3-працэнтнае, аднак шмат працуючых выконвае працу, якой не патрабаваў бы прыватны ўласнік фірмы, напрыклад, у прадуктовай краме, дзе невялікую колькасць пакупнікоў маглі б абслугоўваць дзве прадаўшчыцы, працуе іх дзесяць. Не абазначае гэта, што пакупнік можа хутчэй набыць прадукты. Калі хочам, напрыклад, купіць хлеб, малако, мінеральную ваду і кавалак каўбасы, трэба пастаяць у чатырох чэргах, таму што жанчына, якая прадае булкі і хлеб, не можа нам прадаць малака, хаця яно стаіць каля яе.

Раздражняць можа таксама рэгламент працы крамаў. Прадуктовая адкрываецца, напрыклад, у 8 гадзін раніцы, а свежы хлеб ці булкі прывозяць каля абеду. Найбольш невыносныя бываюць перапынкі ў абеднюю пару. Асабліва цяжка зразумець перапынак на абед, які аб’яўляецца супрацоўнікамі рэстаранаў. У гэты час яны павінны несці паслугу ўсім грамадзянам, якія хочуць паесці, а тым часам дзверы рэстаранаў закрытыя. Можна тады ісці ў прыватны бар ці кафэ, дзе служаць абедам. Але там па невядомых прычынах цэны ў 3-5 разоў вышэйшыя, чым у дзяржаўных, а прытым якасць абслугоўвання і прадуктаў нічым не розняцца. Суп, назва якога ў меню італьянская, аказваецца быць быстрасупам, які ў Польшчы называецца „Goracy kubek. Barszcz z grzankami”.

Капіталізм у Беларусі неяк не можа выявіць адкрыта свайго рыла, хаця выразна заўважаецца яго прысутнасць. Сярод шэрай архітэктуры брэжнеўскай эпохі віднеюць новыя будынкі, якія эстэтыкай выканання вылучаюцца ад кашмарнага савецкага жыллёвага будаўніцтва. Капіталізм асабліва заўважаецца на ўскраінах горада, дзе ўзводзяць сабе катэджы найбольш прадпрымальныя грамадзяне Беларусі. Звонку будынкі можа выглядаюць не надта багата, але ўнутры — швейцарска-аўстрыйскія стандарты. Гэта дамы не карумпаваных чыноўнікаў ці мафіёзі, але ўласнікаў малых крамаў, гандлёвых пасрэднікаў, дробных прадпрымальнікаў. Цана ўтрымання будынка велічынёю каля трохсот квадратных метраў жылой плошчы ў 5-6 разоў ніжэйшая чым у Польшчы. За кошт горада ці дзяржавы выконваецца таксама ўся інфраструктура — водаправоды, газаправоды, электрычнасць. Кошт усяе інвестыцыі ніжэйшы ў 3-4 разы чым у Польшчы.

Найбольш мяне ўразіла тое, што калега, паказваючы свой дом, адкрываў усе дзверы не маючы ніводнага ключа. Проста ён нічога не замыкаў. Дома знаходзіліся падрыхтаваныя дошкі на падлогу, шмат будаўнічых матэрыялаў. На маё здзіўленне ён адказаў: „А хто сюды прыйдзе, каму яно патрэбнае, дарэчы, суседзі зараз заўважылі б, што нехта чужы круціцца”. Асабліва гэты факт паказвае, што ў беларускім грамадстве існуе патэнцыял для пабудовы эканомікі на здаровых падставах. Дастаткова не перашкаджаць народу, даць яму магчымасць спакойна працаваць. Гэта так мала, а адначасова так далёкая мэта.