Ніва № 8 (2493), 22 лютага 2004 г.

Наступ замест акопаў

Сакрат ЯНОВІЧ

У другой палове студзеня выйшаў з друку ўжо пяты том штогодніка для Еўропы „Annus Albaruthenicus — Год Беларускі”. Можна сказаць: малы юбілей выданню. Пяты год менавіта дзейнічае яго эдытар, Згуртаванне Villa Sokrates у Крынках на Сакольшчыне (заснаванае ўвесну 1999 г. сябрыною нашых беларускіх інтэлігентаў). Статутная мэта — засвойванне беларускай культуры еўрапейскай і, адначасна, яе еўрапеізацыя, асабліва літаратуры (аднабакова пахіленай да расейскай). Мы не зазналіся і разумеем свае, надта скромныя, магчымасці ў гэтай матэрыі, але важны тут якраз сіндром пачатку.

На арэале беларускай мовы нямала выдаецца перыёдыкаў — месячнікаў, квартальнікаў, гадавікоў — але ўсе яны накіраваныя на ўнутранае інтэлектуальнае і мастацкае жыццё. Няма экспансіі. Свядомыя беларусы моцна заклапочаныя нацыянальным выжываннем ва ўмовах калоніі. Будучы загледжанымі на свае праблемы, жывуць яны ў некаторай самаізаляванасці ад шырокага свету. А той жа свет сам не дадумваецца існавання беларускай нацыянальнай культуры, літаратуры. Сумная канстатацыя, бо аніякая нацыянальная культура не ў сілах развівацца без міжнародных сувязяў, плыні адкрыццяў ды ідэй. Прыходскі нацыяналізм знішчае культуру.

Здзіўляе мяне, што ніхто ў Мінску ці Беластоку — за амаль усё дваццатае стагоддзе — не спрабаваў наладзіць выпуск перыёдыка прызначанага прэзентацыі беларускай культуры ў свеце, на мовах прынамсі еўрапейскіх. Каб вылезці з беларускіх абарончых акопаў і пайсці ў наступ. Нам не хапае экспансіўнасці. Мы не абжылі замежжа, седзячы, бы тыя мележаўскія „Людзі на балоце”... Пагаджаемся, што нікому мы не патрэбныя, акрамя каланізуючых нас. Гэта ж сярэднявечча!

Трэба аб’ектыўна прызнаць, што выдаванне „Году Беларускага” раней аказалася б ініцыятывай дорага каштуючай ды вымагаючай значных клопатаў. Тэхніка, аднак, шалёнымі тэмпамі ідзе наперад і сёння, паўжартам кажучы, можна выдаваць такое нават у вясковай хаце. Даволі мець аўтарскі аўтарытэт, прызнанне ў некаторых колах у Еўропе, мабілізуючы адтуль аўтараў зацікаўленых беларушчынай. А такія знаходзяцца — немцы, ангельцы, французы, шведы, венгры, урэшце палякі. „Год Беларускі” задуманы як трыбуна для іх, каб, дзякуючы іхным публікацыям, рушыць са словам пра Беларусь і беларускае ў глыбіні еўрапейскай культуры. Вядома, выходзяць жа ў перакладах кніжкі беларускіх пісьменнікаў такога фармату, як Быкаў або Разанаў. Кніжка, аднак жа, іначай функцыянуе ў грамадстве, чымсьці рэгулярны перыёдык, зарыентаваны на папулярызацыю.

„Год Беларускі” стаўся пастаянным месцам публікацыі і беларускіх перакладаў з заходніх літаратураў. Нам, беларусам, трэба ведаць, хоць упрысмак, крыху літаратуры французскай, іспанскай, італьянскай, дацкай, фінскай, амерыканскай; ведаць толькі расейскую і польскую — гэтага мала, вельмі мала культурнаму чалавеку.