Ніва № 8 (2493), 22 лютага 2004 г.

Чый музей?

Мікола ВАЎРАНЮК

Янка Хіліманюк (шматгадовы старшыня Грамадскага камітэта пабудовы Беларускага музея): Людзі на вуліцы ў Гайнаўцы пытаюць, што тут робіцца, хто хоча пераняць музей?

Самае цікавае, што папраўдзе нічога асаблівага не робіцца. Адно прагучалі словы. Ян Сычэўскі — старшыня Беларускага грамадска-культурнага таварыства, а заадно сябра Управы Падляшскага ваяводства — запрапанаваў, каб гайнаўскі музей стаў філіялам Падляшскага акруговага музея. Паводле яго, была б ад гэтага падвойная карысць. Беластоцкія музейнікі памаглі б наладзіць прафесійную працу ўстановы, па-другое: фінсавалася б яна з бюджэту маршалка Падляшскага ваяводства.

— Беларускі музей у Гайнаўцы ад пачатку перажываў вялікія цяжкасці, перш-наперш з-за недахопу грошай, — характарызуе 20-гадовы перыяд пабудовы Ян Сычэўскі. — У 1996 годзе здавалася, што яны канчаюцца. Камітэт пабудовы, Беларускае таварыства і прадстаўнікі польскага ўрада падпісалі трохбаковае пагадненне, паводле якога музей меўся стаць дзяржаўным. З таго часу становішча ўстаноў культуры ў Польшчы, аднак, рэзка змянілася. У 1998 годзе, разам з адміністрацыйнай рэформай, амаль усе дзяржаўныя культурныя ўстановы перайшлі ў кампетэнцыю мясцовага самакіравання. Таму лічу, што пераход музея ў бюджэт маршалкоўскай управы, гэта найлепшае выйсце. Ваяводскае самакіраванне мае магчымасці ўтрымаць такую ўстанову і пры добрай волі запэўніць ёй функцыянаванне.

А што, калі Падляшскім ваяводствам стануць кіраваць людзі, у якіх такой волі не будзе?

— Будзе падпісана доўгатэрміновая дамова, якая забяспечыць інтарэсы музея, — кажа Ян Сычэўскі. — Але вядома, калі хтосьці кіруецца злою воляй, то заўсёды знойдзе спосаб, каб такую дамову парваць. Я аднак застаюся аптымістам. Веру, што да ўлады ў нашым ваяводстве не прыйдуць людзі варожа пастаўленыя да нацыянальных меншасцей.

Хаця не ўсе ў нас такія аптымісты, аднак не сама прапанова падпарадкаваць музей маршалкоўскай управе спарадзіла погаласкі пра спробу яго прыхватызаваць.

— Нельга нам адкінуць такую прапанову, — кажа бурмістр Гайнаўкі. — Пабудова музея закончылася. Цяпер трэба, каб гэтая важная для горада ўстанова працавала поўным ходам. Супольна з ваяводскім самакіраваннем будзе можна хутчэй гэтага дабіцца. Адно з такой умовай, што Падляшскі музей будзе арандаваць памяшканні ў Гайнаўцы на статутную дзейнасць, гэта значыць — прапагандаванне беларускай культуры. Права ўласнасці будынка мусіць застацца ў Гайнаўцы, за тымі людзьмі, якія будавалі музей.

„Права ўласнасці” — якраз гэтае і выклікала апошнія кантраверсіі. Яшчэ летась як быццам усё было яснае. Зямля, на якой стаіць Беларускі музей належыць Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству (на прынцыпах вечнага карыстання), а сам будынак — Грамадскаму камітэту пабудовы. Але з канцом мінулага года пабудова афіцыйна закончылася, а Камітэт пераўтварыўся ў таварыства Музей і асяродак беларускай культуры. У Гайнаўцы лічылі, што новастворанае таварыства з’яўляецца паўнапраўным спадкаемцам Камітэта. Публічна аспрэчыў гэта Ян Сычэўскі ў інтэрв’ю Беластоцкаму радыё 30 студзеня:

Уласніка будынка пакуль няма. Думаю, што будзе ім найбольш прадстаўнічая для беларускага асяроддзя арганізацыя. Якая? Пакуль не магу адказаць на гэтае пытанне, — у эфіры было чуваць смех старшыні, які падказваў, што адказ усё-такі ён ведае.

Дзеля выяснення спрэчных пытанняў спаткаліся 4 лютага ў Гайнаўцы старшыня Беларускага таварыства Ян Сычэўскі, бурмістр Гайнаўкі Анатоль Ахрыцюк, стараста Гайнаўскага павета Уладзімір Пятрочук і дырэктар Беларускага музея Янка Карпюк. Пасля сустрэчы гайнаўляне былі ўпэўнены, што пераканалі Сычэўскага ў сваіх правах да будынка. Але ён выходзячы з сустрэчы перад камерай Польскага тэлебачання падтрымаў сваё ранейшае меркаванне:

— Зямля і стары будынак належаць Беларускаму таварысту, а справа ўласніка новага будынка будзе вырашацца паводле польскага права.

* * *

— На тое, што ў Гайнаўцы ўзнік Беларускі музей склаліся некалькі прычын, — кажа Васіль Сакоўскі, які быў пры яго пабудове ад пачатку. — Па-першае, у нас быў і ёсць адданы справе беларускі актыў, па-другое, тут жыве Канстанцін Майсеня, які змог запаліць людзей да гэтай ідэі. І па-трэцяе, у нас было трохі шчасця. Тут была руіна пасля тартака. Будынкі нішчэлі, абсталяванне расцягвалі, улады за тое падвяргаліся крытыцы. Таму яны ахвотна пазбыліся клопату і перадалі нам пляц і знішчаныя будынкі. Цяпер мы такога пляца ў цэнтры горада не атрымалі б і такога музея не пабудавалі б.

— Пра нас гаварылі, што мы будуем музей сабе, — кажа іншы ветэран пабудовы Аляксей Харкевіч, — а мы ж яго будавалі наступным пакаленням. Ужо відаць, што паўстаў прыгожы цэнтр беларускай культуры. Павінен ён быць свайго роду святасцю для ўсіх беларусаў.

Прафесар Аляксандр Баршчэўскі, які ахвяраваў на пабудову ці не найбольш грошай, нават прыгразіў, што калі музей стане ўласнасцю толькі аднае беларускае арганізацыі, падасць справу ў суд.

Бурмістр Анатоль Ахрыцюк паўтарае:

— Пакуль я на сваёй пасадзе, не дапушчу, каб права ўласнасці выйшла па-за Гайнаўку.