Ніва № 7 (2492), 15 лютага 2004 г.

Праз Белавежу ў Беларусь

Аляксей МАРОЗ

Члены Міжурадавай беларуска-польскай каардынацыйнай камісіі па справах трансгранічнага супрацоўніцтва 4 лютага паразумеліся ў Белавежы ў справе адкрыцця турыстычных міжнародных пагранічных пераходаў каля Грудкаў (побач Белавежы) і на Аўгустоўскім канале.

У падпісаным у Белавежы намеснікам міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Паўлам Дакоўскім і намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Аляксандрам Міхневічам пратаколе запісана, што ў будучыні будзе мяняцца характар польска-беларускага перахода ў Полаўцах на міжнародны і на яго тэрыторыі дапушчаны будзе перавоз грузаў да 7 тон (спачатку да 3,5 тоны).

У апошняй дэкадзе былі адкрыты два пагранічныя пераходы — у Будзіску і Баброўніках. На адкрыццё перахода побач Белавежы доўга чакалі жыхары Гайнаўскага павета. Мяжу будзе перасякаць больш турыстаў, якія прыедуць наведаць Белавежскую пушчу па абодвух баках граніцы.

— Сёння я перадаў беларускаму міністру пастанову Рады Міністраў Рэчы Паспалітай аб адкрыцці перахода ў Белавежы і чакаем фармальнай пастановы беларускага ўрада. Хочам каб ад мая дзейнічаў міжнародны пераход для пешаходаў і веласіпедыстаў, які будзе адкрыты днём, — заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Павел Дакоўскі.

Польскі бок узяў на сябе многія фінансавыя абавязацельствы.

— У гэтым годзе ў Падляшскай ваяводскай управе прадугледжаны сродкі на стварэнне праекта інфраструктуры перахода каля Белавежы, якую абавязаўся будаваць польскі бок. Прадбачваем рэалізаваць гэты праект у наступным годзе. Нашыя дэлегацыі згадзіліся на адкрыццё ў будучыні пераходаў у Ліпшчанах, Ялоўцы, Катэрцы і Такарах. Беларускі бок не бачыць патрэбы адкрывання перахода ў Хварасцянах, але рашыліся мы ўпісаць яго ў пратакол і разглядаць справу ў будучыні, — сказаў ваявода Марэк Стшалінскі. Паінфармаваў ён, што ў гэтым годзе пагранічнікі будуць працаваць на пераходзе каля Белавежы ў кантэйнерах.

— Паколькі большасць з прапанаваных да адкрыцця турыстычных пераходаў будзе мець міжнародны характар, прапануем супольна шукаць грошай на пагранічныя інвестыцыі ў бюджэце Еўрасаюза, — заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Міхневіч.

Мяжа ўшчыльняецца

Ад 1993 да 2002 года ў структурах Падляшскага аддзялення Пагранічнай аховы былі адкрыты 10 пагранзаставаў: у Шыплішках, Віжайнах, Пуньску, Крынках, Мельніку, Новым Двары, Пласкай, Нараўцы, Дубічах-Царкоўных і Міхалове. Дастасаванне да патрабаванняў Еўрасаюза ўспамагаецца сродкамі з праграмаў PHARE, за якія падляшскае аддзяленне ПА купляла машыны, сучасную тэхніку, зброю і вопратку.

На пытанне пра магчымасці вяртання да спрошчанага перасякання мяжы жыхарамі прыгранічнай зоны віцэ-міністр Павел Дакоўскі патлумачыў: „Паводле законаў нельга вярнуцца да старога спрошчанага перасякання мяжы. Зараз у многіх краінах Еўрасаюза гаворыцца аб патрэбе змякчэння рэжыму перасякання вонкавых межаў Еўрасаюза і магчыма, што новыя законы ў гэтай справе будуць уведзены”.

— У гэтым годзе распачнецца мадэрнізацыя пагранзаставы ў Белавежы. У Белавежскай пушчы вельмі рэдка паяўляліся нелегальныя перасячэнні мяжы і таму не прадбачваем ставіць тут платоў. Аднак больш інтэнсіўнай будзе аперацыйная ахова мяжы. На адкрытых тэрыторыях, дзе найчасцей адбываюцца нелегальныя перасячэнні мяжы, прадбачваем выкарыстаць перыметрычную ахову мяжы. Абсталяванне будзе мантаванае ў зямлі і будзем ставіць машыны з тэрмавізійнай устаноўкай, якія могуць кантраляваць тэрыторыю ад пяці да дзесяці кіламетраў, — паінфармаваў намеснік галоўнага каменданта Пагранічнай аховы палкоўнік Касінскі.