Ніва № 7 (2492), 15 лютага 2004 г.
Год зубраМіхась АНДРАСЮККалі менавіта такой парафразай вядомага верша Анджэя Бурсы звярнуцца да нашых на Беласточчыне беларусаў, адказ атрымаецца, мабыць, дзіўны. Не хапае нам шмат чаго. Арганізацыям не хапае фінансаў, калектывам не хапае „строяў”, настаўнікам — добрых, сучасных падручнікаў, літаратарам не хапае чытачоў. Увогуле можна такі перападлік працягваць ды выдаўжаць.У такім выпадку — чаго нам трэба, або што нам залішне? Ставілася такое пытанне ў наш адрас цягам апошніх дзесяцігоддзяў не адзін раз, прытым адкрытым або засакрэчаным тэкстам. Стаўляецца і зараз. На адным з інтэрнэтавых сайтаў трапіў я на такую вось дыскусію: ці патрэбная нам Ніва? Хтосьці кінуў у электронныя вантробы пытанне, хтосьці адказаў. Дыскусія далёка не разгарнулася, бо і нешматлікія галасы прагучалі — маўляў — „точка ў точку”. Маладыя (так мне здаецца) людзі, рэзка і рашуча далі адмоўны адказ: „Ніякую Ніву нам не трэба!” Гэтыя словы ў ніякім выпадку не трэба ўспрымаць як закід у напрамку маладога пакалення. Кожнае меркаванне, кожная жыццёвая філасофія мае свой генезіс, сваю прычыну. На пытанне „чаго нам трэба” давалі ж адказ і мы, сучасныя саракагодкі. Стаўлялася яно нам у сямідзесятыя гады вельмі простым тэкстам: „Ці хочаш надалей вучыцца ў школе беларускай мове?” Паасобныя адказы атрымаліся станоўчыя, але, як пакаленне, дружным і гучным голасам мы заявілі: „Не, нам не трэба вывучаць гэтую мову”. „Нам не трэба нашу зямлю”, — сказалі ўпершыню таксама ж у сямідзесятыя гады нашы бацькі. Праўда, пытанне было тады ў нейкім сэнсе засакрэчанае, бо прыхоўвалася за гістарычнай, упершыню рэальнай перспектывай мужыцкай пенсіі. Рэзультат гэтых рашэнняў зараз можам назіраць хаця б у Рыбалах або Гацьках, а гэта адно прэлюдыя да куды даўжэйшай песні; у бліжэйшыя гады прагучыць тая песня ці не ў кожнай нашай мясцовасці. Гэтыя словы прашу не ўспрымаць як папрок у адрас старэйшага пакалення. Яно проста пайшло нашым следам, у свет сацыяльнай стабілізацыі, за сурагатам нашага лёгкага хлеба. Завяршаючы адказ на пытанне „чаго нам сёння не хапае”, трэба было б сказаць так: не хапае перш за ўсё плёнаў ад таго, што ўчора ўявілася нам як лішняе, або малаважнае. А зараз другая тэма, якая толькі ўяўна не мае ніякага дачынення да першай. У Белавежскім нацыянальным парку 2004 год аб’яўлены „Годам зубра”. Прычына сэнсоўная — 75-годдзе паспяховай рэстытуцыі гатунку. Сёння, калі толькі ў польскай частцы Белавежскай пушчы жыве 350 зуброў, цяжка ўявіць сабе, што не так даўно не было іх там зусім. Але ж — з другога боку — у 1857 годзе каралеўскі статак абмяркоўваўся на 1 898 асобін. Мог жа тады хто прадбачыць, што ўсяго шэсцьдзесят гадоў пазней, дакладна 19 красавіка 1919 года, чалавечая рука дакончыць жыццё апошняга прадстаўніка белавежскага зубрынага роду? Меркаванне, здаецца, таксама малапраўдападобнае. Усё, што прыйшло на свет раней за нас, уяўляецца вечным і несмяротным. Заўсёды была пушча, заўсёды быў у гэтай пушчы зубр, заўсёды былі тут мы — тутэйшыя, беларусы, праваслаўныя. І будзем. Нават апошні перапіс насельніцтва замацаваў нас на такіх пазіцыях. Пяцьдзесят тысяч свядомых і адважных, гэта ж — як кажуць браты палякі — nie w kij dmuchal. Крайне аптымістычны настрой дазваляе меркаваць, што з такім патэнцыялам у змозе мы даехаць у дваццаць другое, а мо нат і дваццаць трэцяе стагоддзе. У параўнанні да паасобнага чалавечага жыцця — гэта вечнасць. Сучасная тэхнічная цывілізацыя стварае магчымасці, аб якіх нашым продкам не мроілася. Працэс, што ў сярэднявеччы здзяйсняўся дзесяцігоддзямі, зараз ажыццяўляецца за адзін месяц, а дадаткова свет падсоўвае пад сам нос шмат якія, раней не бачаныя, прапановы. Дзякуй гэтым прапановам, пяцьдзесят тысяч злотых (як 50 тыс. беларусаў) магу я прамантачыць у тры дні, калі мой дзед не змог такую квоту спажыць за ўсё жыццё. Крайні песіміст можа тады спытаць: калі і за якую бліскучую цацку расплацімся апошнім на Беласточчыне прадстаўніком нацыі? Аптыміст, мабыць, адгукнецца прапановай рэстытуцыі — павязло з зубрамі, пашанцуе з беларусамі. Але ж з беларусамі справа больш складаная. Аднаўленню зуброў паспрыялі два асноўныя фактары: палітыка (дзяржава) і прырода (пушча). У нашым выпадку першы фактар (прыязная сваёй нацыі беларуская дзяржава) усё яшчэ справа будучыні, другі (прырода ў якасці тэрыторыі) рэзка адступае ў мінуўшчыну. Ці паспеюць яны стрэцца? Адказ на гэтае пытанне я не ведаю. А першае народжанае ў Белавежы зубраня — самка — атрымала імя Полька. Пекнае, ганарыстае і саноўнае імя. Як ні глядзі.
|