Ніва № 7 (2492), 15 лютага 2004 г.

93% нудотнікаў

Марцін РЭМБАЧ

Ці Польшча павінна падтрымоўваць дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі? Такое пытанне яшчэ нядаўна ставілася часам падчас канферэнцый, сустрэч, нарадаў, арганізаваных няўрадавымі арганізацыямі для людзей навукі, культуры, бізнесу, але таксама для ўлады. Калі-нікалі прага атрымаць адказ на гэтае пытанне авалодвала нейкага дапытлівага журналіста, студэнта апошняга курса або новаспечанага выпускніка ліцэя. Пытанне наконт польскай ангажаванасці ў беларускія справы функцыянавала бадай на абочыне, чым у цэнтры польскага палітычнага, навуковага, медыяльнага жыцця. Наперакор гэтаму нясло яно з сабою нейкія яркія фарбы, смак і той прывабны падтэкст, на аснове якога можна было здагадвацца, што асоба, якая вывучае яго, мабыць, ведае трохі больш, глядзіць больш пранікліва, стараецца сваім бачаннем свету пранікнуць бясплодную прастору, якую вызначаюць крыклівыя загалоўкі першых старонак газет. Пытанне пра Беларусь адсылала ў трохі іншую перспектыву, чым тая, якой вызначалі мы нашу найбольш унутраную будучыню, у рамках якой мераемся з праблемай польскай прыватнай і грамадскай бяды, клопатамі са сціпласцю дзяржаўнага і хатняга бюджэту, чарговымі разборкамі паміж дэпутацкімі групоўкамі або суседзямі з пад’езда. Урэшце пытанне пра Беларусь нават у Польшчы трошкі папахвала экзотыкай, без якой немагчыма пражыць цікавае жыццё. Нясло яно патрэбу дакладнага вызначэння, якое ў той жа Беларусі становішча, што Польшчы трэба думаць аб патрэбе аказвання падтрымкі і, можа найбольш займальнае: што такое менавіта дэмакратычныя асяроддзі”?

У які спосаб не стараліся б мы адказаць на ўсе гэтыя дэталёвыя пытанні, заўсёды маглі мы падазраваць, што ўжо праз хвіліну тыповае невукам натхненне панясе нас у раёны туманнай паэзіі. Мабыць, каб гэтага пазбегчы, у пэўны момант пра Беларусь перасталі мы пытаць зусім. Заняліся мы (праўда, толькі на нейкі час) прасторай Новай Лепшай Еўропы, Еўраатлантычнымі Абавязацельствамі і Блізкім Усходам, так вельмі чакаючым нашай наводзячай парадак прысутнасці. Аб гэтах справах мы сумелі гаварыць на менш паэтычнай мове, на мове слушнай, гэта значыць такой, з якой да твару вялікай сусветнай палітыцы. Беларускія і польска-беларускія справы пакінулі мы эпігонам Гедройцаў і Каліноўскіх, раздумваючых над сэнсам выдавання мільёнаў долараў на стабілізацыю Ірака пры так вялікай стрыманасці ў пытанні аказання дапамогі праеўрапейска настроенай апазіцыі ў Беларусі.

Гэтыя нудотнікі пэўна не зразумеюць таксама патрэбы далейшага заваёўвання космасу, а прызначэнне дзесяткаў мільярдаў долараў на прывязенне мяшка каменьчыкаў з Марса палічаць праявай шаленства. Будуць яны пратэставаць, указваць іншыя важныя мэты: арашэнне тэрыторый пацярпеўшых ад нястачы пітнай вады, стрыманне раставання ледавікоў, ліквідацыя голаду, бяды, адсталасці, ці можа сарганізаванне нейкай міжнароднай канферэнцыі. Нудотнікі крануліся з розуму. Думаюць, што тыя дзесяткі мільярдаў долараў належаць ім і што яны маюць права рашаць аб спосабе іх выдавання. Здаецца ім, што людзі, якія ніколі не пакутавалі ад нястачы пітнай вады, палічаць капіталаўкладанні ў будову сістэмы артэзіянскіх калодзежаў у Афрыцы добрым бізнесам, што нехта захоча выдаць вялікія грошы на тое, каб некалькі негрыцянскіх дзетак навучылася чытаць, хаця ніколі ў іх не будзе грошай купіць хаця б газету. Нудотнікі лічаць, што калі можна дапамагчы суседняму народу і прызначыць на гэтую мэту суму не большую, чым каштуе не самы найлепшы польскі футбаліст, дык варта гэта зрабіць. Нудотнікі людзі нерэфармавальныя і пра гэтую Беларусь будуць пытаць бясконца. Апошнім часам зрабілі гэта на інтэрнэтавай старонцы, на якой змяшачюць інфармацыю аб беларускай палітыцы, культуры, гаспадарцы, аб беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, аб польска-беларускіх адносінах. Сайт карыстаецца немалой папулярнасцю і таму адказаў прыйшло многа. Да панядзелка (9 лютага да 14 гадзіны) было іх 1 979. На пытанне, ці Польшча павінна падтрымоўваць дэмакратычную апазіцыю ў Беларусі, станоўча адказала 93% удзельнікаў апытання. 6% рэспандэнтаў сказала — не. Цікава, што менш за 1% апытаных не мела на гэтую тэму свайго погляду. Гэта зусім інакш, чым у колах беластоцкай улады, дзе адсутнасць свайго меркавання даўно стала нормай. Нудотнікаў чытаюць нудотнікі.