Ніва № 6 (2491), 8 лютага 2004 г.

Казначэйская ўстанова ў Гайнаўцы

Аляксей МАРОЗ

Казначэйская ўстанова ў Гайнаўцы, якой афіцыйнае адкрыццё адбылося ў канцы студзеня, мае вялікі шанц на развіццё. Пераняла яна больш за 40% патэнцыялу Бельскай казначэйскай установы. На работу ў Гайнаўку будуць прыязджаць 24 асобы, якія раней працавалі ў Бельску-Падляшскім. Апошнія 4 работнікі прыняты з Гайнаўшчыны.

Ужо ў 2003 годзе ў Гайнаўцы існаваў аддзел Бельскай казначэйскай установы, у які падаткаплацельшчыкі здавалі дакументы. Казначэйская ўстанова, якая змяшчаецца ў будынку Гайнаўскага аддзялення Усеагульнага крэдытнага банка па вуліцы 3 Мая, пачала працаваць з 5 студзеня.

— Для большасці працаўнікоў ускладніліся ўмовы працы, бо вымушаны яны даязджаць з Бельска ў Гайнаўку. Аднак ненармальным было б, калі б тысячы падаткаплацельшчыкаў ездзілі некалькі дзесяткаў кіламетраў да некалькіх дзесяткаў работнікаў, каб аддаць у якасці падаткаў цяжка заробленыя грошы. Цяпер стала нармальна, — заявіў у час афіцыйнага адкрыцця ўстановы намеснік міністра фінансаў Веслаў Цясельскі. Зараз гайнаўская ўстанова абслугоўвае ўсіх падаткаплацельшчыкаў Гайнаўшчыны, якія ўзносы плацяць тэрмінова. Рэвіндыкацыяй падаткаў надалей будзе займацца бельская ўстанова. Дырэктар Казначэйскай палаты ў Беластоку Веслаў Свістак паінфармаваў, што ў будучыні казначэйскую ўстанову плануецца перанесці ў асобны будынак і пашырыць яе дзейнасць.