Ніва № 6 (2491), 8 лютага 2004 г.

Міжвольныя скандалісты

Віталь ЛУБА

Здавалася мне, што скандаліст — гэта той, хто ўчыняе скандал, скандаліць. Але мінулагоднія падзеі, якія разгарнуліся пасля кантролю Беластоцкай дэлегатуры Найвышэйшай кантрольнай палаты ў нашай рэдакцыі паказалі, што можна атрымаць гэтую мянушку не скандаліўшы. Дастаткова апынуцца ў становішчы, калі ўчыняюць скандал вакол установы, і сам міжвольна становішся скандалістам. Ніхто тады ўжо не памятае, ці гэта ты сам учыніў скандал, ці табе яго зрабілі.

Кантрольныя органы, сцвярджаюць чыноўнікі, выкарыстоўваюць магчымасці, якія даюць ім заканадаўцы. Калі заканадаўства недасканалае, чыноўнікі інтэрпрэтуюць законы ў сваю карысць, часта даводзячы кантраляваную фірму да банкруцтва. Прыкладам гэтаму можа быць гучная справа вакол буйнай камп’ютэрнай фірмы „Оптымус” і пачаткова арыштаванага яе старшыні, якога нядаўна апраўдаў суд. А кантралёры за гучныя справы, асабліва тыя, які перадаюцца на далейшае расследаванне ў пракуратуру, атрымоўваюць прэміяльныя. І нават калі суд апраўдае апальных прадпрымальнікаў, чыноўнікі кантрольных органаў не нясуць адказнасці за памылковыя абвінавачанні і не вяртаюць атрыманых у якасці прэмій грошай. Аб праблеме хворай прэміяльнай сістэмы заахвочвання ў кантрольна-падаткавых органах загаварылі пры нагодзе справы „Оптымуса” палітыкі і публіцысты.

Хаця „Ніва” не „Оптымус”, гучнасці нашай справе прыдалі беластоцкія сродкі масавай інфармацыі — спачатку „Кур’ер паранны”, якому „сенсацыйны кампрамат” падкінулі нядобразычліўцы, а за ім усе інсінуацыі паўтарылі „Газета выбарча”, радыё і тэлебачанне. На першы план ставілася справа „незаконна выдадзеных 174 тысяч злотых”. Кантралёр абвінаваціў нас у фінансаванні „Нівы” ў міждатацыйны перыяд, што на працягу кантраляваных двух гадоў склала згаданую суму. Адным словам, калі б мы выдавалі ўсе датацыі ў тэрмінах пазначаных у дамовах са спонсарам, праблемы не было б. Але тады не было б грошай на выдаванне тыднёвіка ў перыядах паміж паасобнымі датацыямі (3-4 месяцы на зломе года). А мы, наіўныя, эканомілі, каб грошай хапіла на ўвесь год. Кантралёра не цікавіла, што „Ніва” выходзіла рэгулярна на працягу года, яму важнейшыя былі тэрміны выдавання грошай. Хачу адзначыць, што датацыя выдавалася мэтазгодна — на выдаванне „Нівы”, і не прапаў ніводзін грош. Нашы тлумачэнні адобрыў спонсар — Міністэрства культуры. І калі здавалася, што справа будзе мець свой шчаслівы канец, Беластоцкая дэлегатура найвышэйшай кантрольнай палаты накіравала справу ў пракуратуру. Паліцыя правяла ўжо сваё расследаванне, а паўторнай праверкай фінансавых дакументаў займаецца эксперт па бухгалтарскай справе. Рашэнне пракуратуры яшчэ наперадзе.

Наша справа была настолькі гучнай, што адбілася рэхам і ў беларускай прэсе. „Рабілі хлопцы «Ніву», зарабілі канфлікт” — напісала мінская „Наша Ніва” летам мінулага года, паўтараючы ўсе сенсацыі беластоцкіх СМІ, пералічваючы нашы датацыі на долары і ўздыхаючы з зайдрасцю: „От каб беларускім газетам ды гэткія датацыі...” Здавалася, Мінск ад Беластока далекавата, таму беларускія сталічныя журналісты бачаць нас толькі праз прызму польскай прэсы. Але вось нядаўна пра „Ніву” напісала гродзенская „Пагоня”, якой аўтары несумненна лепш разбіраюцца ў нашых рэаліях. І хаця аўтар артыкула „Беластоцкая Ніва на новы лад” здзіўляецца, „што і некаторыя выданні ў Беларусі купіліся на танную сенсацыю і перадрукавалі інсінуацыі польскіх шавіністаў, чым пакрыўдзілі беластоцкіх братоў-беларусаў”, сам дапускаецца гэтага ж граху, называючы склаўшуюся ў нас сітуацыю „фінансавым скандалам”. Піша ён: „Фіскальная камісія закідала супрацоўнікам Нівы нямэтавае выкарыстанне дзяржаўных грошай у суме 174 тысячы злотых (больш за 40 тысячаў долараў!)”. Няма нямэтавага выкарыстання, бо датацыя выдавалася мэтазгодна. Абвінавачваюць нас у „незаконным” выкарыстанні — парушэнні тэрмінаў выдавання датацыі. І да гэтага той пералік згаданай сумы на долары завершаны клічнікам. Відаць, валюта моцна ўзбуджае ўяўленне аўтараў за ўсходняй мяжой.

Аказваецца, што і ў сябе, і за мяжою мы — скандалісты, міжвольныя.