Ніва № 5 (2490), 1 лютага 2004 г.

Заслона, якая замацоўваецца

Яўген МІРАНОВІЧ

У час халоднай вайны мяжу паміж савецкай і амерыканскай зонамі ўплываў у Еўропе называлі жалезнай заслонай. Перасячэнне гэтай мяжы патрабавала шмат захадаў, афармлення дзесяткаў дакументаў, доўгага чакання на рашэнні чэкістаў. Невялікі працэнт жадаючых мог атрымаць дазвол на праезд на другі бок жалезнай заслоны. Ва ўнутры савецкага лагера рух людзей паміж „народнымі рэспублікамі” быў не менш складаны. Паездка з Беластока ў Гродна патрабавала шматмесячных намаганняў, але праўдападабенства атрымання дазволу на выезд на Усход было значна большае чым на захад.

Нас няма і іх няма

На пачатку 1990-х гадоў хваля свабоды разбурыла большасць заслонаў. Каб выехаць з Польшчы на Захад трэба было мець толькі пашпарт і грошы на білет. Падарожжа на Усход патрабавала яшчэ запрашэння або ваўчэра, але гэтыя перашкоды можна было абмінуць, выдаткоўваючы некалькі долараў. Больш прыкрыя для людзей перасякаючых, напрыклад, беларуска-польскую мяжу былі адносіны да іх пагранічных і мытных службаў. Дэманстрацыя хамства з боку дзяржаўных функцыянераў на абодвух баках мяжы пакідала не найлепшыя ўражанні і не заахвочвала да чарговага падарожжа ў гэтым напрамку.

У гэтым годзе былі ўведзены візы. У польскай прэсе, па радыё і тэлебачанні можна не раз пачуць ад палітыкаў і прадстаўнікоў дзяржаўных служб, што рух на мяжы ў параўнанні з мінулым годам зусім не паменшыўся. Але дастаткова пайсці на любы беластоцкі базар, каб пераканацца, што на ўсходняй мяжы нанава ўзнікла заслона. Яна можа яшчэ не жалезная, але з моцнага сталёвага і калючага дроту. Праўда, можна прайсці цераз гэтую заслону, аднак штораз менш ахвотных перажываць такія прыгоды, як афармленне візаў. Шмат вучоных, якія раней прысутнічалі ў шматлікіх навуковых сустрэчах, маючы перспектыву затраты некалькіх дзён часу, усё часцей адмаўляецца ад выездаў. Купцы на беластоцкіх базарах закрываюць свае малыя бізнесы. З гэтага, што купяць палякі, заплаціўшы ўсе падаткі, няшмат астаецца, — чуецца пастаяннае нараканне прадаўцоў з найбольшага базара па вуліцы Кавалерыйскай. Рускія, — гавораць яны, — раней куплялі амаль дзевяноста працэнтаў усяго тавару. Цяпер іх амаль тут няма.

Памірае надзея!

Вакол Баранавіцкай шашы, якая вядзе з Беластока ў напрамку Баброўнікаў і далей да мяжы, пабудавалі ў апошніх гадах шмат оптавых магазінаў. Здалёк віднеюць рэкламныя стэнды на рускай мове. Яшчэ восенню большасць фірмаў вяла гаспадарчую дзейнасць, сёння закрытыя там брамы, вокны і дзверы. Пакуль не адвязуць тавару на плошчы, каля магазінаў, за дня маёмасць найчасцей пільнуе сабака, вечарам, магчыма, дапамагае яму яшчэ і вахцёр, але ахоўнікі знаходзяцца толькі да часу, пакуль уласнік не адвязе тавар у іншае месца. На ўсходняй перыферыі Беластока найлепш відаць, як памірае надзея на выратаванне нашай правінцыі з эканамічнага заняпаду шляхам гандлю з суседняй Беларуссю ці Расіяй.

Прапаганда ў апошнія гады рабіла спадзяванні, што выратаванне гаспадаркі прыйдзе з Захаду. Раней усе спадзяванні на беспраблемнае жыццё былі звязаны з дэмакратыяй і рынкавай гаспадаркай. Ніхто не падказаў беднай шляхце, што дабрабыт трэба яшчэ выпрацаваць. Багацця назапашанага камуністамі хапіла толькі на некалькі гадоў і для невялікага адсотка прафесійных дэмакратаў, хрысціян і фарбаваных сацыялістаў. Шляхта жыве цяпер новай надзеяй на еўрасаюзныя датацыі. Пэўнае толькі тое, што просты люд, званы часам электаратам, неўзабаве чакаюць новыя расчараванні.