Ніва № 5 (2490), 1 лютага 2004 г.
Бі-бі-сі. Беларуска-беластоцкі слоўнік

A — Амерыка

Міхась АНДРАСЮК

Амерыка — частка свету, якую складаюць Амерыка Паўночная і Амерыка Паўднёвая. Аднак гэтая Паўднёвая Амерыка, па вельмі розных прычынах — эканамічных, палітычных, гістарычных — магла б з нашага беластоцка-беларускага пункту гледжання быць, а калі б і не было яе — таксама добра.

Як першы прычаліў да амерыканскіх берагоў — афіцыйна — Хрыстафор Калумб у 1492 годзе, неафіцыйна — у якасці вікінгаў — былі там нашы еўрапейскія продкі нашмат раней.

У беларуска-беластоцкім асяроддзі, з афіцыйнага (згоднага дзяржаўнаму) пункту гледжання — Паўночная Амерыка наш лепшы сябра. Без залішняй рызыкі скажу — самы лепшы. З хвіліны, калі левыя (таму і косць ад косці нашы яны) міністры-прэзідэнты, ступаючы амерыканскім следам у Ірак, апярэдзілі на крокаў як мінімум тры ўсіх еўрапейскіх суседзяў, не можа быць іначай.

Куды больш складанае становішча неафіцыйнае. Удакладняецца яно перш за ўсё ў прыватных дыскусіях, на скупцы малака, на аўтобусным паўстанку, пры нагодзе сямейных вясельна-хрысцінных, а — бывае такое часцей — і сумна-хаўрусных застолляў. Станоўчая ацэнка ірацкай бойні сучасным беластоцкім беларусам далёкая і чужая не менш, як іхнім дзедам-прадзедам чужой і далёкай была ў свой час калгасатворчая ідэя расійскага камунізму. Уцякалі ад яе — хто куды — на другі бок дзяржаўнай мяжы, а нават на супрацьлеглы бераг акіяна.

Але — дзякуй Богу і законам фізікі — усё ў свеце pantha rei. І зараз — згодна з прынцыпам „хто вораг Расіі, той усяму свету вораг” — дарма шукаць Амерыку ў прыватным спіску нашых сяброў.

На нашу думку, Амерыка кругласутачна абмяркоўвае таксама якім чынам уварвацца ў незалежную Беларусь ды вылузаць яе з зоны расійскіх уплывыў. Нат калі зацікаўленне амерыканскай імперыі Беларуссю і скарацілася да нябачнага вокам нуля, успрымаецца гэта як хітра разгорнутая цішыня, якая праз дзень — месяц — год аб’явіцца вялікім бураломам. Гэтае якраз меркаванне адбываецца па прынцыпе „як ваўка не кармі, і так на лес глядзець будзе”.

Калі б тая Амерыка здагадалася, што думаем аб ёй мы, беластоцкія беларусы, ад сораму насупонілася б і пачырванела б да памераў самага вялікага ў свеце сцяга пралетарскай рэвалюцыі.

Паралельна з непрыхільнымі меркаваннямі (характэрнымі групе), ёсць у нас таксама другі неафіцыйны, затое поўнасцю ўжо прыватны погляд на Амерыку. Як не дзіўна, у ніякім выпадку не згаджаецца ён з поглядам першым.

Справа ў тым, што ці не кожны беластоцкі беларус мае вялікае асабістае жаданне — усё ж такі вока ў вока стрэцца з гэтым міфічным ворагам, сама лепш на ягонай тэрыторыі, у Нью-Йорку, Чыкага або Сан-Францыска. І спадзяванне такое — можна сказaць — перадаецца з пакалення ў пакаленне. Калі не пашанцавала бацькам, ёсць жаданне адтэрмінаваць паездку на сыноў або ўнукаў. На біржы пакаленнева-сямейных дасягненняў козыр „мой сын у Амерыцы сядзіць” ацэньваецца куды вышэй за празаічнае „а мой дохтарам у Беластоку працуе”. А калі можаш працягнуць торг і дадаць: „праўдападобна назаўсёды ў гэтай Амерыцы астанецца”, маўляў не козыр ужо ў тваіх руках, а ўсемагутны джокер.

Такая градацыя вартасцей якраз не патрабуе дадатковых доказаў, бо магчымая (лёс бывае непрадбачлівы) рээміграцыя з насалоджанай мроямі сталіцы ваяводства ў бацькоўскую хату здараецца наогул у рэзультаце жыццёвага банкруцтва. А вось вяртанне ў Беласток з Амерыкі ўспрымаецца як уласцівая вялікаму панству фанабэрыя (не зусім яна нам зразумелая, але ў добрай цане, нешта як мастацтва Лёніка Тарасэвіча), або таксама ж — як доказ неабмежаванай хітрасці. Паясняецца гэта зусім нескладана — з’ехаў, каб вярнуцца туды ў больш спрыяльны момант. Хітрасць у нас таксама ў добрай цане, бо дазваляе яна прыстасавацца ды выжыць у кожных умовах і за кожнай уладай (тут нашы асацыяцыі ідуць у напрамку В. Цімашэвіча — называе хай сябе кім толькі захоча, мы і так ведаем хто ён).

Так вось неафіцыйнае жаданне злётаць „за калюжу” не чужое нам. Прытым — сама лепш — злётаць афіцыйна, з падтрымкай зялёнай карты. Дае яна рэальны шанц адбіцца на век вечны ад нэндзы, якая ў сваю чаргу спакон вякоў (а напэўна ад першага выстралу Аўроры”), асацыюецца з Расіяй.

Але ў Расію беластоцкі беларус наогул не збіраецца. Хіба што неафіцыйна — за цыгарэткамі і спіртным у Гародню або Бярэсце.

Ды якая ж там зараз Расія?

Слова амерыка, акрамя геаграфiчнага значэння, выпаўняла раней таксама i іншыя функцыi, а менавiта называла стан душы. Прыклад. Aддыхаючы на якой дзяржаўнай фабрыцы або будове ад прыватнай бацькоўскай гаспадаркі, а прытым нязначна падласаваўшыся пiвам, на пытанне „што чуваць?”, чалавек разводзiў рукамі, пацягаўся раскошна i, прыжмурыўшы вочы да летняга сонейка, адказваў: амерыка. На жаль, з гэтай якраз амерыкі вытурыў нас капіталізм.

У гастранамічным нашым слоўніку Амерыка назаўжды замацавалася словам „амерыканка”. Гэты класічны варыянт бульбіны бездыскусійна апярэджвае ўсякую іргу, бронку, ірыса.

І калі б не той назойлівы каларадскі жук (адкуль ён у нас — добра вядома старэйшаму пакаленню), можна было б без сумненняў сказаць: „смачна есці”.