Ніва № 4 (2489), 25 студзеня 2004 г.

Перад балем

Аляксей МАРОЗ

Ужо на паўтары тыдня да стаднёўкі, якая ў Комплексе школ з дадатковым навучаннем беларускай мовы ў Гайнаўцы будзе праходзіць 24 студзеня, у актавай зале паявіліся чацвёртакласнікі. Пачалі яны рыхтаваць каляровыя малюнкі, якімі ўпрыгожаць гімнастычную залу ў час школьнага балю. Намнога раней пачалі працаваць іх бацькі, што састаўляюць камітэт па падрыхтоўцы стаднёўкі.

— Хочам, каб сцены гімнастычнай залы ў час стаднёўкі выглядалі як неба. Будзем іх маляваць на цёмна-сіні колер, размесцім зоркі і ўсё тое, што можна заўважыць на небе. Зверху павесім вайсковую маскіровачную сетку, — кажа Кася Петручук, якая са сваімі сябрамі склейвае паперу ў вялікія кавалкі.

Сярод бацькоў вялася дыскусія, ці не арганізаваць стаднёўку ў рэстаране, але большасць вырашыла правесці баль у гімнастычнай зале.

— Найбольш цешыць, што стаднёўка штогод адбываецца ў мілай і сардэчнай атмасферы. Гэта добрая нагода для супольнай сустрэчы вучняў, настаўнікаў і бацькоў, якія арганізуюць мерапрыемства, — заяўляе дырэктар Яўген Сачко.

— Нам здаецца, што стаднёўка з’яўляецца падсумаваннем вучобы ў ліцэі і таму не ўяўляем іншага месца на правядзенне яе, чым школа, — гаворыць Кася.

— Не рашыліся мы арганізаваць мерапрыемства ў рэстаране, бо хацелі захаваць традыцыю і свойскую атмасферу, — кажа старшыня Бацькоўскага камітэта па падрыхтоўцы стаднёўкі Міхал Пуц.

— Самае важнае, што адрознівае нашу школу ад іншых у час стаднёўкі, гэта беларускія матывы. Вучні, згодна з традыцыяй, будуць танцаваць „Лявоніху” і спяваць беларускія песні. Штогод, як адзіная школа ў Гайнаўцы, запрашаем на баль беларускіх дыпламатаў, — заяўляе намеснік дырэктара Аляксандр Лаўрыновіч. — Козырам, які дазваляе арганізаваць стаднёўку ў нашай школе, з’яўляецца вялікая гімнастычная зала, якіх няма ў іншых школах.

Белліцэісты складаюцца па 200 злотых ад пары.

— Стаднёўка — гэта не толькі баль. Напамінае яна, што засталося каля ста дзён да экзаменаў на атэстат сталасці, — гаворыць Маргарыта Карпюк, якая пасля выступленняў па тэлебачанні занята вучобай. — Добра, што ў гэтым годзе будзем яшчэ здаваць матуральныя экзамены паводле старых прынцыпаў. Замала часу, каб здаваць матуру па-новаму, а мы і прывыклі да старога ладу ў школе.

У Гайнаўскім белліцэі вядуцца размовы пра будучыню. Амаль усе вучні сабіраюцца паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Некаторыя вучні з-за фінансавых і сямейных складанасцей хочуць працаваць і вучыцца завочна.

— Некаторыя вучні хочуць паступаць у вышэйшыя ўстановы на спецыяльнасці, якія любяць. На другім або трэцім курсе будуць выбіраць іншыя факультэты, пасля якіх лягчэй будзе знайсці працу. Вучні найчасцей плануюць паступаць на псіхалогію, сацыялогію і міжнародныя зносіны, — інфармуе Кася Іванюк.

У актавую залу прыходзіць штораз больш вучняў і хутка першыя лісткі паперы пачынаюць сінець ад фарбаў. На іх паяўляюцца першыя каляровыя ўзоры.