Ніва № 4 (2489), 25 студзеня 2004 г.

У „Ракітніку” новае

Міра ЛУКША

Па засыпанай снегам Белавежы праязджае аўтобус з Беластока праз Бельск ды Гайнаўку. Адзін раз у дзень. З Белавежы, вядомага ва ўсім свеце цэнтра сусветнага турызму, не выедзеш цягніком. Абязлюдзелі прыпушчанскія вёскі. Шмат хто з жыхароў знаходзіць месца ў доме сацыяльнай апекі „Ракітнік”.

Ракітнік — расліна жывучая

калючая, трывалая, хоць нявідная на выгляд — дае моц і здароўе.

З дому на пагорку па вул. Цэнтуры, 2 выходзіць закутаная Вольга Валкавыцкая. Тут яе сястра, Барбара Кулай, 79 гадоў. Цяпер сястра ў гайнаўскай бальніцы. Яна паказвае мне дарогу, і сама вяртаецца са мною, бо цікава — сёння адкрыццё „Ракітніка” пасля рамонту, мае прыехаць шмат гасцей, нават з міністэрства! Мусі, важная справа. І спадарыня Вольга хоча расказаць мне пра бядовы лёс свае сястры.

У будынку, што спалучае стары і новы флігель ДСА — шмат хто хоча расказаць аб сабе. Бо з „Нівы” дзяўчына прыехала. Мо беларускі каляндар мае? Ганна Цімафяюк у прыгожым аліўкава-зялёным касцюме на мажным целе мае сёння выступаць ад імя жыхароў. Спадарыня Ганна родам з Орлі, дачка Ніканора і Акуліны, замужам была трэці раз у Бельску, дахавала мужа да 92 гадоў, памёр у 1995 годзе. Дзяцей у яе чацвёра, але кожнае пайшло сваёй дарогай. Па мужу застаўся дом у Бельску, прадала яго, пасля таго, як захварэла (пасля інсульту была напалову паралізаваная). Той чалавек, што купіў у яе пляц з будынкамі, не заплаціў усяго, спаліў адзін дом, узяў страхоўку за яго, сорак тысяч, расказвае спадарыня Ганна, а сам, замест таго, каб заплаціць ёй нядоімку, уцёк за мяжу. Вось, жыццё — нарадзілася Ганна з далонямі са зрослымі пальцамі, увесь век гаравала, хоць тут ціха ды спакойна пажыве. Ды няўседлівая яна, адкуль паправілася, паздаравела.

Гэты пажар,

агонь, праследуе Ганну Цімафяюк. Гэта ад яе пакоя 24 траўня 2001 года пачаўся пажар дому апекі. Згарэла яе адзенне, шмат дакументаў аб уласнасці. Гэта найбольш баліць — калі траціш тое, што табе адно засталося. На ўспамін аб бядзе ў вачах жыхароў „Ракітніка” паяўляюцца слёзы, а пасля і слёзы ўдзячнасці ды радасці, калі паказваюць новыя памяшканні і ўспамінаюць добрыя дзеянні суседзяў (леснікоў), жыхароў іншых дамоў спакойнай старасці ды самаўрадавых улад, якім удалося здабыць грошы на дапамогу пагарэламу белавежскаму дому.

— „Ракітнік” быў пабудаваны ў 1989 г. Цяпер у доме пражывае 91 асоба, — расказвае дырэктар „Ракітніка” Мікола Галёнка, працуючы тут 15 гадоў, які Саборам епіскапаў Праваслаўнай царквы будзе сёння ўзнагароджаны Ордэнам св. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ІІ ступені разам з віцэ-дырэктаркай Раісай Давідзюк (ІІІ ступені) за працу дзеля дабра чалавека і самаранскую паслугу. Ён і віцэ-старшыня Гарадской рады ў Гайнаўцы, дзеяч Камісіі сацыяльнай палітыкі, выбраны са спіска Беларускага выбарчага камітэта. — Да снежня жыло тут нашых падапечных 71 асоба, ад снежня — 92, маем месца для наступнай 21 асобы. Адсвяткоўвалі мы тры разы стагоддзе нашых падапечных. Здаецца, добра служыць ім жыццё тут — маем нават маладую сям’ю: 94-гадовы спадар Кукоўскі з Ляўкова шэсць гадоў таму ажаніўся з каляжанкай. 43 асобы ў нас персаналу — медсёстры, апекуны, пакаёвыя, некаторыя мясцовыя, іншыя даязджаюць з Гайнаўкі. Займаюцца падапечнымі круглыя суткі. Да рамонту было ў нас 3 лекараў, цяпер няма ні аднаго, але маем кантракт з гайнаўскім лекарам; калі ёсць патрэба, возім падапечных да дактароў, на абследаванне... Падапечныя маюць занятак — займаюцца ў кружках зацікаўленняў, выступаюць у музычным гурце, праводзяць вечарынкі ўспамінаў, песні, займаюцца агародам.

Падапечныя — у большасці з Гайнаўскага павета, але трапляюцца і з іншых (па дамоўленасці з іншымі павятовымі цэнтрамі), а нават і з усяе краіны. Жыхары плацілі да снежня 70% сярэдняй свае пенсіі. Ад Новага года абавязвае

новая плата

за пражыванне ў дамах сацыяльнай апекі. Трэба мець 1 600 злотых, каб магчы жыць у доме спакойнай старасці. Калі не хопіць гэтых грошай пенсіянеру, рэшту абавязана заплаціць сям’я. Калі і ў яе няма такое магчымасці — самаўрад (войт ці бурмістр). І сапраўды, ёсць за што плаціць — хопіць пахадзіць па разбудаваным „Ракітніку”. Нацярпеліся людзі пасля пажару, ціснучыся па ўсіх памяшканнях, якія ўдалося дастасаваць на жыллё — у малых гасцінных пакойчыках, лекарскіх кабінетах, калідорах. На пяці паверхах, у вялікіх, выгадна абсталяваных пакоях (без нумароў, а з назвамі кветак), будуць жыць па дзве асобы. Там ёсць і адмыслова абсталяваныя кабінеты для розных аздараўляльных працэдур, нават з вялікай ляпмай Bioptron са спалярызаваным святлом, рэабілітацыйнымі роварамі і трэнажорамі, бібліятэка, святліца. Ёсць аддзельныя кухні, пральні.

Жыць можна

амаль як ва ўласнай хаце. І не самотна. Але ж, не так... У сябе ты быў гаспадар.

— Гадавала я 4-5 кароў. Бегала да васьмідзесяці гадоў, — расказвае зычным, дэкламатарскім голасам Надзея Руско, з усмешкай на прыгожым, шляхетным, хоць старэнькім твары. — Прызнацца вам, колькі мне гадоў? Спалохаецеся! Дзевяноста восем. І канца не відаць! Пальцы ў мяне да нічога, нагу за работай ды клопатам занядбала. Дачка і сын вельмі хварэюць, не могуць мне пасобіць. А я адна нядужая. А пячонка здаровая ў мяне, страўнік таксама. Ела няшмат, добра перажоўвала. Што не люблю, таго і не ем. Наведваюць мяне суседзі-белавежцы. Прыходзіць пані Ядзя папалітыкаваць. Як тут памрэш? Атачэнне добрае, усе добрыя для мяне. Жылі дагэтуль са мною дзве бабулькі, хворыя на псіхіку. Адна да аднае агрэсіўныя былі. А я іх супакоіла, растлумачыла, так, палюбілі адна адну, як сёстры. А спаткала мяне тут прыемнасць немалая, — смяецца бабулька. — Каталіцкі біскуп прыязджаў, гадоў яму з пяцьдзесят. Знеслі мяне ў нашу капліцу на столачку. Ён усіх блаславіў. Я сядзела на краёчку. А ён падышоў, блаславіў, і кажа, вось: „У гэтай асобы прыгожыя сімпатычныя вочкі!” Ну, ці не камплімент? Усе пасля пыталіся, ці праўда гэта, і прасілі паўтарыць, аж мне абрыдла... А хочаце, я вам падэкламую? Лермантава, Пушкіна... Мне няма каму дэкламаваць, а хочацца. Бывае, ноччу не сплю, сама сабе дэкламую... Уж не жду от жизни ничего я... От, а дом маем вялікі. Што згарэла, а што паказала, як адны адным могуць людзі людзям памагчы.

Змова небагатых

— так назваў справу адбудавання (а практычна разбудовы) „Ракітніка” на працягу двух з паловай гадоў старшыня Ваяводскага сейміка Збігнеў Кшывіцкі. Усё каштавала 3 млн. 600 тыс. злотых. Паўтара мільёна — уласныя сродкі ДСА. Рэшта — фонды, самаўрадавыя, гарадскія, таксама еўрасаюзныя, дары іншых дамоў для састарэлых (яны сабралі 128 тыс. 826 зл. — з уплат пенсіянераў і працаўнікоў). 26 траўня 2003 г. пачалася разбудова. Можа, ідуць лепшыя часы для сардэчных дзеянняў — падсумаваў амаль двухгадзінныя віншаванні і прамовы гасцей — спадарыні міністр, паслоў, сенатара, старосты, бурмістра, віцэ-ваяводы, дырэктараў дамоў апекі з усяе Польшчы Збігнеў Кшывіцкі. Затым наступіў выбух маладосці ў сценах новага дома — мастацкая частка, у якой верхаводзілі Гося Карпюк, Марта Грэдэль, юнакі і дзяўчаты ад Анны Баран з Гайнаўскага дома культуры са славянскімі танцамі. Увесь гэты глянц і свята вельмі спадабаліся ўрачыста апранутым жыхарам „Ракітніка”, тым, хто мог на ўласных сілах дабрацца ў новы флігель. Яны ўжо папакавалі свае пажыткі, збіраюцца перасяляцца ў камфартабельныя „макі”, „язміны”, „цюльпаны”, „нарцысы”... А на апошнім паверсе „Ракітніка” — гасцінныя шыкоўныя пакоі, названыя імёнамі дрэў, якія будуць зарабляць на турыстах. Цяпер час такі — не стой з працягнутай рукою. Жыць трэба, каб жыць.