Ніва № 4 (2489), 25 студзеня 2004 г.

Я актуалізаваў, інфармаваў, рассылаў...

Мацей ХАЛАДОЎСКІ

— Я нікому не перашкаджаў. Напэўна, — кажа праз год свае дзейнасці МАРЭК ЛІБЭРАДЗКІ, упаўнамочаны падляшскага ваяводы па справах нацыянальных і этнічных меншасцей. Тым часам большасць прадстаўнікоў меншасных арганізацый, як Ірэна Гаспэровіч, старшыня Wspolnoty Litwinow, не скрывае:

— Мы нават не заўважылі дзейнасці гэтага пана.

Мінае дакладна год ад моманту, як ваявода Марэк Стшалінскі пасля некалькігадовай вакансіі, назначыў упаўнамочанага па справах меншасцей. Стаў ім былы радыё- і тэлежурналіст, а да назначэння — працаўнік Падляшскай ваяводскай установы Марэк Лібэрадзкі. Нямаль адначасова з гэтым назначэннем, пасля гадоў перапынку, дайшло да першай сустрэчы ваяводы з прадстаўнікамі меншасных асяроддзяў. На 25 запрошаных арганізацый явіліся прадстаўнікі 22. Ваявода Стшалінскі ў той час паінфармаваў аб сваім рашэнні наконт назначэння Марка Лібэрадзкага:

— Мяне пераканалі ў гэтым рашэнні. Упаўнамочаны не будзе буферам, а мусіць працаваць у спосаб, які будзе адабрацца меншасцямі.

У размове з „Нівай” у той час сам Марэк Лібэрадзкі зазначаў:

— Я не заступнік нацыянальных меншасцей, толькі ўпаўнамочаны ваяводы. Стараюся даведацца, што адбываецца, але не ўключацца тады, калі не бачу такое патрэбы, альбо калі хтосьці не папросіць у мяне дапамогі ў канкрэтнай справе.

Тое ж паўтарае сёння.

На пачатку сакавіка мае адбыцца чарговая сустрэча ваяводы з меншасцямі. Дадаткова мае ў ёй удзельнічаць пяць меншасных арганізацый. Разам, значыць, трыццаць, бо, як кажа ўпаўнамочаны Лібэрадзкі, на працягу года ягоная baza informacyjna sie powiekszyla.

Ездзіў, размаўляў...

— Я асабліва нікому не перашкаджаў. Ну, хіба што, некаторым прадстаўнікам тэрытарыяльнага самаўраду, якія не вельмі прыхільна ставіліся да некаторых задач меншасных арганізацый, — успамінае.

У чым, канкрэтна, справа? Упаўнамочаны спрабуе тлумачыць:

— Гэта наконт бурмістраў Бельска-Падляшскага і Сейнаў. Пасля медыяцый удалося, аднак, шчасліва давесці да вырашэння праблем згодна з жаданнем меншасцей. У Бельску справа датычыла сарганізавання дзіцячага садка з навучаннем украінскай мовы. У Сейнах справа яшчэ не завяршылася, бо патрабуе адпаведных юрыдычных рашэнняў. Гэта датычыць змены прызначэння ў прасторавым плане горада тэрыторыі, якая была ўласнасцю аднаго з літоўскіх згуртаванняў і на якой літоўцы хочуць пабудаваць пачатковую школу і гімназію. У гэтым плане зямля была прызначана на іншыя мэты. Пастулаты былі ўлічаны.

На пытанне, які быў удзел упаўнамочанага ў гэтых медыяцыях, ён сам тлумачыць гэтак:

— Я ездзіў і размаўляў з аднымі і другімі, як у гэтым, так і ў другім выпадку.

Дастаткова добра?

Ірэна Гаспэровіч з Wspolnoty Litwinow у Сейнах ацэньвае:

— Ні аднаго разу нам не ўдалося сустрэцца. Ніякага кантакту. На сустрэчы з меншасцямі ў Беластоку год таму яго не было. Пазней я не бачыла пана ўпаўнамочанага на выязным пасяджэнні Сеймавай камісіі меншасцей. Не кантактаваўся з намі. Wspolnota Litwinow не ўдзельнічала ў ніякіх медыяцыях звязаных са зменай плану добраўпарадкавання горада. Ведаю, што да візіту міністр адукацыі пані Лыбацкай на Літве быў спадар Лібэрадзкі на сустрэчы ў бурмістра Сейнаў. Але, наколькі ведаю, нічога не аформіў.

Вельмі стрыманая ў ацэнках лідэрка Звязу ўкраінцаў Падляшша Марыя Рыжык. На пытанне, як складваліся на працягу мінулага года адносіны з ўпаўнамочаным, яна адказвае:

— Добра. Кантакты былі дастатковыя.

— Дастатковыя?

— Дастаткова хапаючыя.

— А, канкрэтна, чаго яны датычылі? У чым дапамог спадар упаўнамочаны?

— Агульна, ён нам дапамог.

Віцэ-бурмістр Бельска Міраслаў Галамбёўскі не памятае медыяцый у справе прадшколля, якое, як зазначае, рэалізавала б праграму „Ku tradycji” і якое б вяло заняткі на ўкраінскай мове:

— Я ад нядаўна намеснік бурмістра. Раней быў радным. Наколькі ведаю, ужо раней дзеці ў гэтым садку маглі вывучаць украінскую мову.

Беларусы мяне не патрабуюць

— У нас шмат патрэб. З боку спадара ўпаўнамочанага не было, аднак, ніякай ініцыятывы. Здаецца, дзейнічаў ён па прынцыпу: нейлепш рабіць, нічога не робячы, — прызнаецца Валянціна Ласкевіч, выканаўчы сакратар Беларускага грамадска-культурнага таварыства.

Упаўнамочаны Лібэрадзкі, на пытанне, ці меў дагэтуль веды аб праблемах беларускіх асяроддзяў, адказаў:

— Я сам здзіўлены, але атрымалася так, што гэтае асяроддзе мяне не патрабуе. Я рады, аднак, бо разумею, што ўсе справы неяк афармляюцца. Няма праблемаў.

Відаць, у беларускіх асяроддзях у мінулым 2003 годзе не было такіх спраў, у якіх упаўнамочаны па меншасных справах мог бы спатрэбіцца.

Валянціна Ласкевіч падкрэсліла:

— Мы ўвогуле не адчуваем вынікаў ад дзейнасці пана Лібэрадзкага. А патрэб — вельмі шмат, ды ён не выказаў ні разу ініцыятыву. Нават з намі не сустрэўся.

І дадае, не скрываючы расчаравання:

— Калісь дайшло да мяне, што хацеў бы ён яднаць наша асяроддзе. Калі б, усё ж, да гэтага ўключыўся — была б гэта абстракцыя. Што ж, відаць, ёсць грошы на ўтрыманне такой пасады, але на патрэбы меншасных арганізацый, сярод гэтага — на датацыю да імпрэз — ужо няма.

Марэк Лібэрадзкі тлумачыцца:

— Я, як упаўнамочаны, нічога не зарабляю.

Незалежна ад таго, што ён чыноўнік, якога заработная плата на просьбу кожнага грамадзяніна (таксама і журналіста) павінна быць рассакрэчана, адказвае:

— Колькі атрымліваю як старшы ваяводскі інспектар, хацеў бы я захаваць для сябе. Я — не публічная асоба. Мае заробкі, аднак, невялікія і не такія імпазантныя!

Служу дапамогаю, ды...

— Ваявода не распараджаецца грашыма. Гэта, аднак, не значыць, што меншасныя арганізацыі грошай не могуць здабыць. Могуць. Я служу ў гэтых справах разнавіднай дапамогай, калі хтосьці да мяне звернецца. Паказваю магчымасці. У выпадку ромскай праграмы то я не толькі падказваў на магчымасці, але і сам выйшаў да розных арганізацый, неабавязкова меншасных, з прапановай, каб маглі дзейнічаць дзеля справы гэтых грамадстваў. Інфармаваў аб магчымасцях здабыцця сродкаў.

Тым часам Станіслаў Станкевіч, старшыня найбольшай арганізацыі ромаў, кажа:

— Не адчулі мы нічога, калі гаворка аб супрацоўніцтве з панам Лібэрадзкім. Ні добрых, ні благіх адчуццяў у нас няма. Мелі мы толькі тэлефонны кантакт, які датычыў сустрэчы. Яна, аднак, не адбылася. Сэнс дзейнасці такога ўпаўнамочанага — калі ён штосьці робіць, вырашае.

І яшчэ гэтыя кантролі

— Мая функцыя ва ўстанове — старшы інспектар, — тлумачыць Марэк Лібэрадзкі. — У аддзеле грамадскай палітыкі справы звязаныя з нацыянальнымі і этнічнымі меншасцямі — ледзь частка маіх задач. Ад чэрвеня 2002 г. займаюся супрацоўніцтам з ветэранскімі асяроддзямі ў ваяводстве. Да нядаўна ў абсягу маіх задач быў дазор над староствамі ў пытанні рэалізацыі імі закону аб спартыўных згуртаваннях. Цяпер буду займацца таксама справамі звязанымі з законам аб арганізацыях грамадскай карысці і валанцёрства.

На працягу года сваёй дзейнасці як упаўнамочанага па справах меншасцей Марэк Лібэрадзкі пяць месяцаў быў на бальнічным лістку і месяц у водпуску. Адначасова стартаваў у конкурсе на пасаду прэзаса Радыё Беласток.

— Актуалізаваў я базу даных аб меншасцях. Інфармаваў іх аб розных справах. Разаслаў найнавейшы праект закона аб нацыянальных меншасцях, — пералічвае ў гадавіну сваёй паўнамочніцкай дзейнасці.