Ніва № 3 (2488), 18 студзеня 2004 г.

Палескі клін

Яўген МІРАНОВІЧ

Пасля падпісання ў 1921 г. паміж палякамі і саветамі Рыжскага дагавору і падзелу Беларусі і Украіны, сярод польскіх палітычных элітаў вялася інтэнсіўная дыскусія наконт палітыкі ў справе г.зв. крэсаў усходніх. Дыскусія ішла не ў справе асіміляваць ці не асіміляваць беларускае і ўкраінскае насельніцтва, а толькі якімі метадамі прывесці мясцовае грамадства да польскай нацыянальнай супольнасці. На фоне шматлікіх планаў і прапаноў наконт інтэграцыі ўсходніх ваяводстваў арыгінальнасцю вылучаўся праект палескага ваяводы Станіслава Даўнаровіча. Яго змест быў праявай вельмі характэрнага для палітычных элітаў ІІ Рэчы Паспалітай мышлення.

Даўнаровіч прадбачваў, што на ўсходзе будуць развівацца два антыпольскія нацыяналізмы — беларускі і ўкраінскі, і што Расія будзе імкнуцца вырваць гэтыя рускія землі з-пад польскага кантролю. Ключом для вырашэння польскай палітыкі на ўсходзе — паводле ваяводы — было Палессе, зямля, якую лічыў ён нічыёй па культурным характары. Крэсы, — пісаў, — будуць належаць Польшчы тады, калі першая прынясе сваю культуру на Палессе. Ад поўначы і поўдня набліжаліся на Палессе два нацыяналізмы. Кожны з іх меў магчымасць авалодаць душы мясцовага — „тутэйшага” — насельніцтва. Найгоршым варыянтам для польскіх дзяржаўных і нацыянальных інтарэсаў было б, калі б „гэтыя нацыяналізмы падалі сябе руку над Прыпяццю, — пісаў ваявода.

Беларускі нацыяналізм хаця, паводле Даўнаровіча, больш лагодны і горш арганізаваны, аднак надта трывалы і не трэба яго ігнараваць, — напамінаў польскім палітыкам. Украінскі, лепш арганізаваны, больш магутны і драпежны мог бы паўплываць на беларускі і ўчыніць яго больш дынамічным. Рэалізацыя асіміляцыйнай палітыкі магла б ажыццяўляцца толькі пры ўмовах дамінацыі польскай культуры на крэсах. Палессе зяўлялася адзінай правінцыяй, дзе не было перашкодаў дзеля збудавання польскай культурнай прасторы, раздзяляючай беларускую і ўкраінскую. Таму асноўнай мэтай дзяржаўнай палітыкі павінна быць імкненне завалодаць нічыёй зонай, каб не дапусціць да спалучэння суседніх, блізкіх сабе, нацыяналізмаў. Трэба аднак быць свядомым, — пісаў, — што замацаванню беларускага і ўкраінскага руху на Палессі будзе спрыяць расійскі нацыяналізм, вельмі слабы на гэтай тэрыторыі, аднак сваю імперыяльную палітыку можа ён ажыццяўляць, прыкідваючыся змаганнем за беларускія і ўкраінскія інтарэсы.

„Насельніцтва Палесся, — падкрэсліваў, — гэта, на шчасце для нас, маласвядомыя і малаактыўныя сялянскія масы. Гэту акалічнасць можна і трэба выкарыстаць”. Трэба аднак было ўсё пачынаць з нуля, таму што з даўняй польскай і апалячанай шляхты асталіся толькі астаткі, а Каталіцкі касцёл амаль перастаў тут існаваць. На Палессі, — пісаў ваявода, — патрэбны дзяржаўныя інвестыцыі, асаднікі, паланізацыя адміністрацыі, судовай сістэмы і гарадоў. Патрэбны таксама быў новы адміністрацыйны падзел крэсаў.

Даўнаровіч прапанаваў беларускі арэал, дзе існуюць беларускія арганізацыі, палітычныя эліты, нацыянальна свядомае грамадства, адміністрацыйна спалучыць з моцна спаланізаванай Вільняй. Дзеля гэтага павінна было быць ліквідаванае Навагрудскае ваяводства, а Баранавіцкі, Нясвіжскі, Стаўбцоўскі і Слонімскі паветы далучаны да Палескага ваяводства. З Валынскага ваяводства прапанаваў далучыць да Палесся рэдка заселеныя раёны, да якіх не дайша яшчэ хваля ўкраінскага нацыяналізму. На балотах, раздзяляючых Палессе і Валынь, прапанаваў не будаваць ніякіх дарог, ніякай інфраструктуры спрыяючай кантактам людзей гэтых правінцый. Украінскі рух, — лічыў, — трэба затрымаць на мяжы палескіх балотаў. Пашыранае на поўнач і поўдзень Палессе мела стаць зонай асіміляцыйных эксперыментаў.

Ваявода разлічваў, што працэс паланізацыі Палесся, пры адпаведнай каардынацыі дзяржаўнай палітыкі, можа прайсці вельмі хутка. Польскае па культурным характары Палессе магло б уклініцца паміж беларускі і ўкраінскі рух ды стаць базай для экспансіі польскіх уплываў на поўнач і поўдзень. Упершыню аднак трэба было ўпарадкаваць сітуацыю над Прыпяццю. Даўнаровіч прапанаваў узяць пад кантроль інфармацыйную сістэму і не дапускаць да любой крытыкі польскай улады ў прысутнасці „цёмнай, чужапляменнай масы”. Прапанаваў будаваць касцёлы і ўчыніць іх інструментам дзяржаўнай палітыкі. Дзеля гэтага, — лічыў, урад павінен мець вырашальны ўплыў на кадравую палітыку Каталіцкай царквы. Дарогай змены кадраў таксама прапанаваў расійскую па культурным характары Праваслаўную царкву пераўтварыць у польскую. Разлічваў, што па прычыне ўнутранай канструкцыі Праваслаўнай царквы можа стаць яна нават лепшым інструментам дзяржаўнай паланізацыйнай палітыкі, чым Каталіцкі касцёл.

Дзяржава, — паводле Даўнаровіча, — павінна засяродзіцца перш за ўсё на паланізацыі палескіх гарадоў. Брэст, Пінск, Кобрын, Пружаны, Лунінец, Сарны, Косава як яўрэйскія мястэчкі не маглі выканаць тую цывілізацыйную місію на ўсходзе, якую раней выканалі, напрыклад, Вільня ці Львоў. Прапанаваў кіраваць асаднікаў не ў вёскі, а толькі ў гарады, адкуль разыходзіліся ўплывы на гмінную правінцыю. Трапна заўважаў ваявода, што ніколі вёска не накідае свае культуры гарадам, а заўсёды бывала наадварот. Ішло аднак каб прыцягнуць да палескіх гарадоў не чыноўнікаў, якія прыязджалі і адязджалі, а толькі рамеснікаў, прадпрымальнікаў, купцоў, якія мелі б там моцнае фінансавае замацаванне, складалі б эліту, ад якой залежнае было б мясцовае грамадства. Патрэбныя былі аднак не дзесяткі, але сотні тысяч асаднікаў.

Гарадское асадніцтва выклікаць можа толькі супярэчнасць інтарэсаў з мясцовымі яўрэямі, але такі канфлікт не стварае ніякай небяспекі для дзяржаўных інтарэсаў. Вяскове асадніцтва, наадварот, выклікае антыдзяржаўныя і антыпольскія настроі сярод мясцовага сялянства, якое мела быць прадметам асіміляцыі. Таму зямлю, — лічыў ваявода, — трэба даваць палешукам так, каб былі перакананы, што атрымалі яе ад польскай улады.

Прапановы ваяводы Даўнаровіча сталі фундаментам мышлення палітычных элітаў пра Палессе. „Палескі клін” — гэта тэрмін, які часта выступаў ва ўрадавых дакументах. Толькі ў справе асадніцтва кіруючыя краінай групы не падзялялі яго прапаноў. Большасць каланізацыйных планаў прадбачвала не гарадское, а вясковае асадніцтва. У адным з праектаў каланізацыі крэсаў ад 1935 г., распрацаваным Міністэрствам унутраных спраў, фрагменты прысвечаныя Палессю паўтараюць асноўныя тэзісы ваяводы Даўнаровіча. Ідучы следам яго мышлення архітэктары ўнутранай палітыкі прыйшлі да вываду, што для інтарэсаў краіны неабходна таксама раздзяліць валынскіх і галіцкіх украінцаў. Дзеля гэтага планавалі будаваць чарговы клін, які меў займаць тэрыторыю Тарнопальскага ваяводства, Сокальскі павет Львоўскага і Уладзімірскі павет Валынскага ваяводстваў. У абодвух выпадках кліны мелі засяліць асаднікі-сяляне з цэнтральнай Польшчы.

З прычыны паслаблення беларускага руху ў 1930-х гадах, ліквідацыі большасці арганізацый, паводле ўрадавых аналізаў, знікла на Палессі небяспека замацавання беларускіх уплываў. Украінскі ўдалося таксама затрымаць на Валыні. Палессе ў планах дзяржаўнай адміністрацыі патраціла сваё стратэгічнае значэнне. Чыноўнікі і журналісты пісалі пра палешукоў: „польскі люд крэсовы”. Разам з саветамі восенню 1939 г. прыйшло вялікае расчараванне. Палескі люд аказаўся найбольшым на „ўсходніх крэсах” прыхільнікам „рэвалюцыйнага парадку”. Там дзе былі сляды беларускага нацыяналізму ніхто не атакаваў ні польскіх памешчыкаў, ні чыноўнікаў, ні настаўнікаў.