Ніва № 3 (2488), 18 студзеня 2004 г.

Беларускі ліцэй: сорам і гонар

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Гісторыя Беларускага нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа пэўна будзе ўпісана ў гісторыю развіцця беларускамоўнай адукацыі залатымі літарамі. І гэта абсалютна не залежыць ад далейшага развіцця падзей з навучальнай установай. Бо самае галоўнае — цвёрдасць духа, прага да свабоды самавыяўлення ды і проста жаданне „людзьмі звацца” — ужо праяўленыя на самым высокім узроўні. Настаўнікі, вучні і іх бацькі вартыя таго, каб быць узнагароджанымі самымі рознымі ордэнамі і медалямі. А саму гісторыю існавання ліцэя можна акрэсліць як гераічную.

У новай навучальнай сярэдняй спецыяльнай установе існавалі два падрыхтоўчыя курсы і два наступныя ўласналіцэйскія, дзе навучаліся падлеткі ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў. А ў Мінску яму быў афіцыйна перададзены будынак па вуліцы Кірава, 21 — выдатная пабудова ХІХ стагоддзя з высокай столлю і шырокімі сценамі. Але час ішоў. Перыяд пасляперабудовачнай беларусізацыі першай паловы 90-х гадоў скончыўся і хутка для ліцэя распачаліся праблемы. У 1997 годзе гэты самы будынак спрабавалі адняць, а пазней сам ліцэй перавесці пад юрысдыкцыю Белдзяржпедуніверсітэта. Навучэнцы і іх бацькі збіралі подпісы супраць гэтага, звярталіся да розных устаноў з патрабаваннямі і просьбамі пакінуць ліцэй у спакоі. Тым разам гэта дапамагло. Але праз год у сувязі са своеасаблівай рэарганізацыяй быў вымушаны пайсці са сваёй пасады Уладзімір Колас. Ліцэй пры цэнтры стаў насіць існаваўшую да мінулага году назву Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Былога дырэктара прызначылі намеснікам, але фактычна ён застаўся кіраўніком установы. Такім стаўся часовы кампраміс з мацнеючай барацьбой супраць беларускасці. Але акрэсленая і актыўная грамадзянская пазіцыя кіраўніцтва і выкладчыкаў працягвала выклікаць незадаволенасць правячай улады, якая цяпер змагаецца з „гнёздамі апазіцыі” ў сістэме адукацыі. І ліцэй з дапамогай атрада міліцыі асаблівага прызначэння разагналі. Пры гэтым не зважаючы ні на думку вучняў, бацькоў і саміх настаўнікаў-стваральнікаў установы. Не зважаючы на амаль стопрацэнтнае паступленне выпускнікоў ліцэя ў ВНУ, не зважаючы на ўсясветнае прызнанне высокай якасці навучання ў ім. Бо тое навучанне вялося на беларускай мове, а ці можна на ёй выказаць разумную думку?! Для гэтага, здаецца, існуюць толькі руская і англійская. Такое меркаванне калісьці прагучала з вуснаў цяперашняга кіраўніцтва краіны.

Пачынаючы з верасня ліцэісты, якіх больш за сотню, вучацца дзе прыйдзецца. Спачатку навучанне было на вуліцы, потым у розных канцах беларускай сталіцы. Калядныя канікулы вучні правялі ў Літве, дзе змаглі пазаймацца ў адпаведна прыстасаваных умовах Віленскага ліцэя.

Сёння змагары за Беларускі ліцэй зноў у Мінску і зноў у сваёй барацьбе за права вучыцца па-беларуску ў Беларусі.