Ніва № 3 (2488), 18 студзеня 2004 г.

Утрымаць ліцэй

Размова з Уладзімірам КОЛАСАМ, дырэктарам Мінскага Нацыянальнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, які 25 чэрвеня 2003 г. быў ліквідаваны адміністрацыяй Аляксандра Лукашэнкі.

— Спадар дырэктар, як гэта так? Ліцэй не існуе, а я бачу вучняў, настаўнікаў, вядуцца ўрокі... Вы прыехалі ўсёй групай у Вільню.

— Гэта праўда, мы ўвесь час працуем. Можа трохі неафіцыйна, быццам у падполлі, але ўсё ж такі. Працэс навучання праходзіць нармальна, нашу праграму выконваем паводле плана, поўнасцю, хаця ў больш складаных умовах. Нягледзячы на ліквідацыю школы ўладамі і прэсінг з боку ўлад на вучняў і бацькоў, у школе засталося 120 вучняў з агульнага ліку 150. Гэта паказвае, што толькі невялікая група бацькоў нашых дзяцей пабаялася шантажу ўлад або вырашыла, што пасыланне дзяцей у нефармальную школу — рызыкоўная справа. Гэта радуе нас, бо гэта доказ таму, якую пазіцыю выпрацаваў у апошніх гадах наш ліцэй, які ён патрэбны і ў якой ступені вучні і бацькі гатовы рызыкаваць у яго абароне. Вядома, што наша супраціўленне мае служыць не толькі нам, але ўсім тым, якія разумеюць сэнс слоў свабода, незалежнасць, годнасць. За такія справы варта змагацца.

— Якія, на Вашу думку, былі прычыны ліквідацыі школы? Ці гэта сталася раптам, ці канфлікт паміж ліцэем і ўладамі мае сваю гісторыю?

— Пачыналі мы ў 1989 г. як нядзельная школка, але пасля году тадышняе Міністэрства адукацыі прапанавала нам стварыць сапраўдны ліцэй. Тады ў адукацыйнай сістэме адбываліся цікавыя змены, а міністэрствам кіравалі маладыя, адукаваныя, адкрытыя на свет людзі. Іх мэтай была беларусізацыя асветы, вызваленне яе з-пад таталітарнага менталітэту, камуністычнага спосабу мышлення. Таму яны падтрымоўвалі такія ініцыятывы, як нашая, якія засяроджваліся на распрацоўцы новых праграм заняткаў, падручнікаў. Праблемы з’явіліся з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Ужо ў жніўні 1994 г. выдаў ён распараджэнне аб выводзе са школ падручнікаў выдадзеных пасля 1991 г. Гэта перш за ўсё датычыла падручнікаў па гісторыі, літаратуры, беларускай мове. Міністэрства гэтае распараджэнне не выканала, бо неўзабаве пачынаўся новы школьны год і дзеці ўвогуле засталіся б без падручнікаў. Старыя падручнікі на практыцы выйшлі ўжо з абарачэння. У адказ Лукашэнка вызваліў з пасад двух віцэ-міністраў. Нашы праблемы абвастрыліся ў 1997 г., калі прэзідэнцкая адміністрацыя вырашыла забраць у нас будынак. Гэта нас узбударажыла і мы сталі супраціўляцца, арганізаваць акцыі пратэсту і пікеты. Дасягнуты кампраміс заключаўся ў тым, што права на ўласнасць будынка перайшло на адміністрацыю, а мы атрымалі права на бясплатную арэнду. Год пазней была зроблена спроба аб’яднаць нас з іншым ліцэем і стварыць навучальную установу, якая супрацоўнічала б з Педагагічным універсітэтам. Мы не хацелі на гэта згадзіцца, бо баяліся, што ў такой структуры мы не будзем мець рашаючага голасу і нашы каштоўнасці растворацца. Прыйшоў чарговы кампраміс. Міністэрства згадзілася пакінуць ліцэй у ранейшай форме, а мяне дэградавалі да функцыі віцэ-дырэктара. Пры тым пасада дырэктара заўсёды заставалася б вакантнай.

— Аднак тады можна было неяк дамаўляцца...

— Калісь так, сёння ўжо не. Ужо тады кампраміс даваўся штораз цяжэй. Памятаю, што тадышняя наша опцыя выгляда так: неяк датрываць да прэзідэнцкіх выбараў 2001 г., а тады можа штосьці памяняецца. Аднак, калі выбары адбыліся ў такі спосаб як адбыліся, нам стала ясна, што хутчэй ці пазней прыйдзе нам канец.

— Сталася гэта ў чэрвені 2003 года...

— Так, у гэты раз міністэрства вырашыла расправіцца з намі канчаткова. Перыяд кампрамісаў скончыўся, тым больш што мы заключалі іх некалькі гадоў раней з зусім іншымі людзьмі. На пасадзе дырэктара я перажыў чатырох міністраў адукацыі. Паралельна адбываліся кадравыя змены сярод чыноўнікаў ніжэйшых узроўняў. Тыя, што прыйшлі ў міністэрства ў апошні перыяд, не маюць маральных бар’ераў, яны — дзейсныя выканаўцы ўказанняў. Для іх, напрыклад, не мае значэння факт, што справа тычыцца дзяцей, што трэба было б дзейнічаць далікатна, двойчы падумаць, каб нічога не папсаваць. Яны не звяртаюць увагі на тое, што людзі маюць нейкія правы, што ўлада павінна забяспечваць патрэбы грамадзян, між іншым, іх адукацыйныя патрэбы. Мне здаецца, што тыя, у каго рашаючы голас, зацікаўлены ў ініцыяванні падобных канфліктаў, каб паказацца, заслужыць пахвалы, утрымацца на пасадзе, а можа і атрымаць павышэнне. Таму гэтым разам у нас не было ніякіх шанцаў.

— Прызначана была дырэктарка школы...

— Сам не ведаю, ці была гэта праява крайняга глупства, ці добра прыдуманай правакацыі. Гэта была найгоршая кандыдатура з магчымых. Не ведала яна беларускай мовы і вельмі любіла гэтым афішавацца, праяўляла варожасць, была несімпатычная і не скрывала мэты свайго прыходу. Яна хацела памяняць усё, зрабіць наш ліцэй такой жа ідэалагізаванай школкай, якіх у Беларусі сотні. Мы не маглі яе акцэптаваць, бо ведалі што яна сабой прадстаўляе і з якой мэтай прыйшла да нас. У выніку гэтага канфлікту ліцэй ліквідавалі.

— Як выглядае праца школы, якой няма?

— Намагаемся, каб усё адбывалася па меры нармальна. Заняткі пачаліся тэрмінова, 1 верасня і некалькі дзён вяліся пад адкрытым небам, паблізу стадыёна „Дынама”. Пазней прытулілі нас арганізацыі, з якімі мы дружым, але з іх памяшканняў прагнала нас міліцыя. З таго часу заняткі вядзем у 11 прыватных кватэрах у Мінску, нанятых на патрэбы школы. Цяпер у нас няма праблем з будынкам, якім мы карысталіся больш за дзесяць гадоў без сродкаў на рамонт, няма аварый, пастаянных інспекцый, затое з’явіліся праблемы з грашыма, з зарплатнымі фондамі, з арэндай памяшканняў. Многа дапамагаюць нам бацькі вучняў, а таксама беларуская дыяспара з ЗША і Еўропы. Мы вельмі ўдзячны Літве за магчымасць пабыўкі ў Вільні на працягу двухтыднёвага святочнага перапынку. Дзякуючы таму нашы дзеці маглі вучыцца ў нармальных умовах, з доступам да хімічнай і фізічнай лабараторый, спартыўнай залы, камп’ютэрнай майстэрні. Апрача таго ад паўгода мы ўпершыню сабраліся ўсе разам. Гэта вельмі моцна падмацоўвае нас духова і эмацыянальна. Такія перыяды нам усім вельмі патрэбныя.

— Якая, на Вашу думку, будучыня Ліцэя імя Якуба Коласа?

— Спакойнага жыцця ў нас ужо не будзе, хіба што ў Беларусі адбудуцца карэнныя змены. Калі зменіцца, будзе добра, значна лепш, калі не — чакае нас надта складаная будучыня. Адно пэўнае — ліцэй трэба ўтрымаць. Спрабуем школу зарэгістраваць нанава, прыдбаць ёй будынак. Збіраем на гэта сродкі. Важным будзе момант, калі вясною нашы матурысты прыступяць да экзаменаў. Закон дазваляе здаваць экзамены экстэрністычным спосабам. Аднак ці нашым вучням улады гэтага не забароняць, як да іх потым паставяцца экзаменацыйныя камісіі на ВНУ? Мабыць, прыйдзецца арганізаваць вучням экзамены за мяжой, можа ў Літве, або Польшчы? Дайшла да нас вестка з Чэхіі, што сем нашых вучняў атрымае стыпендыі на тамашніх ВНУ. Гэта вельмі важная падтрымка. Спадзяюся, што да гэтай акцыі далучацца іншыя краіны. Мы ж толькі хочам вучыць нашых дзяцей. У нашых дзеяннях няма нічога дрэннага. Цепліцца надзея, што тыя, якія давялі да такой сітуацыі, перадумаюць справу. Можа чыноўнікі, дэпутаты пашукаюць адказу на пытанне як гэта дзеецца, што здольныя дзеці непатрэбныя Беларусі, а патрэбныя Літве? Таксама грамадства павінна задумацца над тым, што дзеецца ў краіне. Трэба паставіць сабе пытанне пра годнасць. У які спосаб не стацца падпарадкаванай без канца істотай, як бараніць сваю чалавечнасць. Гэта напэўна выканае сваё заданне. Так думаем.

Гутарыў Марцін РЭМБАЧ