Ніва № 3 (2488), 18 студзеня 2004 г.

Так не скончыцца

Мікола ВАЎРАНЮК

Солтыса Райска Аляксандра Тышука выклікалі ў Павятовую камендатуру паліцыі у Бельску. Яна Морданя — старшыню таварыства „Гай” — паліцыянты самі наведалі ў хаце ў Гацьках. Абодвум пагражае 193 артыкул Крымінальнага кодэксу — уварванне на чужую нерухомую маёмасць. Такі фінал сустрэчы з дырэктарам Сувальскага філіяла Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці Людгердам Рагоўскім, якая прайшла 9 снежня 2003 г. у вясковай святліцы ў Райску.

Сустрэча датычыла зямлі. Прынялі ў ёй удзел гаспадары з Райска, Гацькоў, Храбалоў і Парцава ды прадстаўнікі Гміннай управы ў Бельску.

— Нашы дзяды не даядалі, а нажывалі загоны, — кажа Валянцін Галушэўскі з Парцава. — Каб яны цяпер усталі і пабачылі, што мы махнулі рукою на тую спадчыну, то не адзін кіёчак трэснуў бы на нашых спінах.

Рэч ідзе пра зямлю абанкручаных сельскагаспадарчых камбінатаў у Райску, Гацьках (пісаў я пра гэта ў 41-м нумары „Нівы” за мінулы год) і Парцаве.

— У нас пад ПГР пайшлі землі гаспадароў, якія не змаглі справіцца з падаткамі і абавязковым кантынгентам, — гаворыць Дзмітры Артэмюк, солтыс Парцава ад 1969 года.

— І як нам цяпер яе вярнуць, калі не можам заплаціць столькі, што прыезджыя бізнесмены? — пытаецца Валянцін Галушэўскі.

Агенцтва сельскагаспадарчай нерухомасці правяло 23 верасня аўкцыён на арэнду гэтай зямлі. Ніхто з мясцовых не набыў ні гектара. Гаспадары палічылі, што не ў змозе плаціць за гектар цану дзвюх з паловаю тон пшаніцы ў год. Столькі за парцаўскую зямлю дала фірма „Адлер”.

Сяляне хацелі б, каб аўкцыён быў абмежаваны да іх мясцовасцей. Сталі шукаць падтрымкі ў палітыкаў. Пасол Сейма Яўген Чыквін запрасіў жыхароў Парцава ў парламент, на пасяджэнне Камісіі нацыянальных і этнічных меншасцей. І стаў лабіраваць калегаў парламентарыяў, каб у законах запісаць гарантыі ўласнасці зямлі на этнічна змешаных абшарах.

— Не ведаю, ці ўдасца ўвесці такі запіс у будучы Закон аб нацыянальных меншасцях, — гаворыць ён, — але можна навелізаваць Закон аб зямельнай маёмасці так, каб першы аўкцыён быў абмежаваны да тых мясцовасцей, на тэрыторыі якіх ляжыць зямля. І толькі, калі мясцовыя не будуць ёю зацікаўлены, выставіць на агульны аўкцыён.

Пасол Чыквін звярнуўся да старшыні Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці ў Варшаве з просьбай спыніць абарот зямлёю ў чатырох паветах: Беластоцкім, Бельскім, Гайнаўскім і Сямятыцкім да навелы Закона аб сельскагаспадарчай маёмасці. У гэтых паветах дзяржаве належыць каля 10 працэнтаў усіх угоддзяў.

— На нашу, беларусаў, тоеснасць найбольшы ўплыў маюць тры фактары, — кажа Яўген Чыквін: — мова, праваслаўная вера і зямля. Таму захаванне структуры ўласнасці на ўсходняй Беласточчыне вельмі важнае для будучыні нашай грамадскасці. Усім тым, якія кажуць, што я фаварызую беларусаў, адказваю, што скарыстаюць на тым і мясцовыя палякі. А такая законная развязка будзе спрыяць захаванню характару гэтай зямлі, апошняга шматка многанацыянальнай Рэчы Паспалітай, спадчынай якой палякі так ганарацца.

* * *

Снежаньская сустрэча ў Райску, гэта вынік так афіцыйнага звароту дэпутата Сейма, як і старанняў раенскіх ды гацькоўскіх гаспадароў. Закончылася яна пагадненнем. Галоўныя яго пункты наступныя:

— Агенцтва сельскагаспадарчай маёмасці спыніць абарот свабоднымі пакуль 200 гектарамі ў Гацьках, Райску, Храбалах, ды больш-менш такім участкам у Парцаве, Відаве і Леўках да высвятлення, ці аўкцыён на яе продаж або арэнду можа быць абмежаваны да гэтых мясцовасцей;

— Сувальскі філіял Агенцтва звернецца з такім запытаннем да свайго кіраўніцтва ў Варшаве;

— гаспадары падрыхтуюць праект падзелу свабоднай зямлі на ўчасткі, якую змогуць загаспадарыць;

— Агенцтва не будзе пакуль прадаваць арандаваных участкаў;

— гаспадарчыя будынкі былога камбіната ў Гацьках прызначыць для асобнага загаспадарання ў сувязі з зацікаўленнем імі таварыства „Гай”.

* * *

Карыстаючыся візітам рэдкіх гасцей з Сувалкаў, раенскія ды гацькоўскія гаспадары паказалі ім, што робіцца з нерухомай маёмасцю, якою ад імя дзяржавы Агенцтва адмініструе. Станіслаў Жахоўскі, які яшчэ не падпісаў дамовы на арэнду зямлі ў Райску, заараў не толькі той участак, але і 6-метровую дарогу. Войцех Пароўскі, які ў Райску гадуе гусей, дапусціўся дэвастацыі абораў, — гаварылі. Як ён гаспадарыць, відно ўжо каля брамы: у загарадзе два на два метры кідаецца на платы з ашчэранымі зубамі аграмадная каўказская аўчарка. Поўсць невядомага колеру ўся ў струках — сабака стаіць па калені ў гаўне.

Брама адчыненая. Работнікі вывозяць гной. У якім стане аборы і ў якіх варунках трымаюць там гусей — не напішу, бо не хачу мець дачынення з паліцыяй. Уваход на пляц былога ПГРа ў Райску стаў прычынай зацікаўлення органаў Аляксандрам Тышуком і Янам Морданем. Таму я лепш застануся сведкай падзей з-за плота. Але я выразна бачыў, як дырэктар Людгерд Рагоўскі хадзіў між гаспадарчымі будынкамі і круціў галавой з выразным незадавальненнем. А потым — у святліцы — гаварыў, што разважыць магчымасць датэрмінова скасаваць дамову з цяперашнім арандатарам.

Шаноўныя паліцыя і пракуратура! Прашу ўлічыць гэтую акалічнасць у ходзе справы.

PS. Я ўпэўнены, працяг будзе.