Ніва № 1 (2486), 4 студзеня 2004 г.

Планы Беларускага асветнага таварыства

Віталь ЛУБА

Беларускае асветнае таварыства паўстала ў Беластоку ў 1999 годзе. Яго першым старшынёю быў Антон Мірановіч. Стараннем БАТ у 1999-2002 гадах у Падставовай школе № 11 па вул. Палескай вялося навучанне беларускай мовы, а разам з Цэнтрам праваслаўнай культуры ў 2000 г. арганізаваліся канікулярныя заняткі для дзяцей, якія наведвалі ўрокі роднай мовы.

2 красавіка 2003 г. адбыўся агульны сход членаў БАТ (налічвае яно больш за 30 сяброў), які выбраў новае праўленне і ўнёс дапаўненні ў статут. Старшынёю БАТ стаў Пятро Хомік, а яго намеснікамі — Пятро Юшчук і Міхал Стэльмашук. Членамі праўлення з’яўляюцца Галіна Сурыновіч (сакратар), Людміла Утрутка (скарбнік), Веслаў Іванюк і Дарыюш Малашэўскі. Дапоўнены статут зарэгістраваны быў у судзе 2 снежня 2003 г.

Мэтамі дзейнасці БАТ з’яўляюцца, між іншым, падтрымка навучання беларускай мовы, прапагандаванне традыцыі, культуры, асветы і гісторыі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, ахова беларускай культурнай спадчыны. Статут БАТ прадугледжвае магчымасць стварання садкоў, школ усіх узроўняў, асветна-выхаваўчых, асветна-апякунскіх і культурных устаноў, арганізацый па падрыхтоўцы і ўдасканальванні настаўнікаў. БАТ можа арганізаваць навучанне беларускай мовы, культурныя мерапрыемствы, конкурсы і адпачынак для дзяцей і моладзі. Статут БАТ дазваляе таксама вядзенне выдавецкай дзейнасці ды арганізаванне лекцый, семінараў і канферэнцый.

У планах на 2004 г. БАТ ужо намеціла на май канферэнцыю „Праваслаўныя выдавецтвы ў Рэчы Паспалітай”, а на восень — выхад кнігі аб праваслаўнай культуры ў той жа РП.

А 13 снежня мінулага года ўправа БАТ, супольна з Хрысціянска-дэмакратычным аб’яднаннем, выступіла суарганізатарам сустрэчы з вядомымі палітыкамі — сенатарам Збігневам Рамашэўскім і прафесарам Стэфанам Несялоўскім. Гэтае мерапрыемства — доказ таму, што два розныя асяроддзі могуць з сабою супрацоўнічаць. Затым 17 снежня кіраўніцтва БАТ сустрэлася з лідэрамі беларускіх суполак дзеля абмеркавання супольных дзеянняў.

Беларускае асветнае таварыства выказала намер далучыцца да Беларускага саюза ў Рэчы Паспалітай.