Ніва № 1 (2486), 4 студзеня 2004 г.

Умець чакаць свята

Яўген ВАПА

Каляды, якія звычайна асацыююцца са снегам, марозам, сямейнай атмасферай і калядаваннем, зараз набылі перад усім спажывецкі характар. Нешта нядобрага дзеецца ў духоўнай сферы, калі ўвага засяроджваецца перад усім на цацках, падарках, а не на духоўным вобліку Хрыстовага Нараджэння. Ну што ж, лёгкае і прыемнае больш прываблівае. Відаць, усё гэта і не даспадобы Усявышняму, які мусіць дадаткова ўглядацца ў адвечную спрэчку на Беласточчыне наконт таго, чыё Ражджаство больш праўдзівае: каталіцкае ці праваслаўнае? Адным з сур’ёзнейшых доказаў кожнага боку была прысутнасць снегу і марознага надвор’я ў час святкаванняў. Відаць, вырашыў Ён пакараць і адну, і другую канфесію, таму што ад некалькіх гадоў так блытае з пагодай у час святаў, што найбольш зацятыя канфесійныя экстрэмалы не могуць ёю пакарыстацца ў сваёй місійнасці. У канцы снежня пабываў я ў Белавежы і на панадворку знаёмага пабачыў прыгожа цвітучыя сіне-жоўта-чорныя браткі. „Гэта праз спутнікі і самалёты, што нарабілі дзірак у небе” — так усе прыродныя анамаліі і дзівосы тлумачыла трыццаць гадоў таму мая светлай памяці бабуля Вольга.

Самы важны ўспамін з майго дзяцінства звязаны са святамі Нараджэння Гасподняга датычыць хрысціянскай сціпласці ў штодзённым жыцці бабулі Олькі і ейнай аўтэнтычнай радасці ад гэтых дзён. Умець чакаць святаў — гэта самая вялікая таямніца і праўда, якую паўтарала яна ўнукам. А пост — гэта не клопат пра тое, што ўваходзіць у рот, але пра тое, што з яго выходзіць. І мела яна рацыю. Як жа зараз справа маецца з умоўным тэрмінам посту ў Праваслаўнай царкве? Аказваецца, што калі ў нас святары на Беласточчыне заклікаюць трымацца посту ў час каталіцкіх свят і навагодніх баляў і цярпліва чакаць Ражджаства паводле „самага справядлівага календара”, то ўжо за Віслай абавязвае другое вымярэнне праваслаўнага часу і грэху. Там, аказваецца, святкуюць па-новаму, па-каталіцку, як у нас кажуць. То хто з нас грэшны ў гэтай справе: я ў Беластоку ці мой сябра ў Варшаве? Кожны тыдзень молімся ў храмах за адну і непадзельную праваслаўную веру, а ў поглядах на гэтую ж справу няма адной пазіцыі ў Свяцейшага Сінода. У мяне многа знаёмых звязаных з царкоўнымі коламі, якія з палёгкай едуць з Беласточчыны ў глыб Польшчы загуляць на пераломе снежня да знаёмых — зразумела, таксама праваслаўных. Рэлігійны рэлятывізм ці няўмеласць прыняць рашэнне наконт аднаго тэрміну святаў абавязваючага ўсіх вернікаў? Чаму ў нікога няма сумненняў наконт святкавання Пасхі паводле старога стылю?

І на канец яшчэ адна справа, якая ўпісалася ўжо ў святочны краявід. Ужо на першы дзень Ражджаства на вёсках, асабліва ў Гайнаўскім і Бельскім паветах з’яўляюцца групы дарослых калядоўшчыкаў, якія калядуюць на разбудову і пабудову новых храмаў. Прыязджаюць па грошы ў беларускія вёскі ўжо не толькі каляднікі з Падляшскага ваяводства, але і з глыбі Польшчы. Згодна з прынцыпам, што народ заўсёды мусіць быць з царквой, аддаюць нашыя дзядулі і бацькі апошнія грошы са сваіх мізэрных пенсій (гэта не дзеці-калядоўшчыкі, якім можна даць абы-што, і яны і так будуць задаволены) на хвалу і славу... праваслаўным палякам. У час святочнай рэфлексіі ўзнікае такое вось пытанне: калі на нас, як на беларусах Беласточчыны, абапіраюцца ў фінансавай сферы царкоўныя структуры ў Польшчы, то якія прымаюцца Царквой меры па падтрымцы і развіццю беларускасці сваіх старэйшых ці маладзейшых прыхаджан? Што перашкаджае таму, каб навучанне рэлігіі весці на беларускай мове? Аднак само духавенства і катэхеты ў пераважнай большасці карыстаюцца толькі пальшчызнай. Прыклад вернікам ідзе ад духоўных бацькоў. Не чую я з боку святароў заклікаў да народа, каб не цураўся свайго пісанага слова ў выглядзе „Нівы” ці „Часопіса”. Не гавару ўжо пра падпіску ў прыходах. Наадварот, калі гаворыцца пра беларускае, то зазвычай адмоўна. А хачу толькі нагадаць, што амаль 50 тысяч людзей на Падляшшы палічыла сябе беларусамі ў час перапісу насельніцтва. І ім належыцца пашана і павага з боку Царквы для культурна-асветна-грамадскіх імкненняў нашай меншасці. Інакш будаваныя цэрквы стануць пустымі ў наступных пакаленнях, праваслаўныя палякі адыдуць у касцёлы, а толькі жменькі беларусаў будуць трываць пры роднай мове і наведваць збудаваныя продкамі храмы. І заспяваюць калядкі, так як было на гэтай зямлі ад стагоддзяў.