Ніва № 1 (2486), 4 студзеня 2004 г.

Каляда, каляда...

Міхал МІНЦЭВІЧ

Ад якога часу калядоўшчыкі ходзяць ад хаты да хаты, дакладна невядома. Польскія пісаныя крыніцы падаюць, што гэты абрад склаўся ў сярэдневякоўі, а росквіт наступіў у XVII і XVIII стагоддзях. У праваслаўнай грамадскасці Польшчы калядаванне фарміравалася пад уплывам усходняй абраднасці.

У беларусаў слова „каляда” абазначае святочны цыкл ад Ражджаства Хрыстова да Вадохрышча. На Беласточчыне гэтае слова адносіцца выключна да вячэры напярэдадні Ражджаства, да Куцці.

На Падляшшы слова „каляда” абазначае таксама спецыяльна нарыхтаваны снапок жыта, які — згодна старому звычаю — стаўляецца ў Куццю ў кут вялікага пакоя пад іконай. Даўней гэты снапок — дзеля ўсялякага шанцавання і заможнасці ў доме — стаяў аж да Вадохрышча. Некаторыя гаспадары, як удалося мне даведацца ў Арлянскай гміне, саломай ад яго абвязвалі пладовыя дрэвы дзеля такога ўраджаю, як зярнят у калоссі. Іншыя гаспадары адрэзвалі каласы і давалі іх хатняй жывёле — курам, гусям...

Калядныя святы папярэджвае шасцітыднёвы пост Піліпаўка, у час якога даўней моладзь на вёсках вывучала калядныя песні адпаведныя для спявання ў пост і святочны калядны перыяд. Неад’емным атрыбутам народнай каляднай абраднасці ў праваслаўных з’яўляецца калядная гвязда — адзін з важнейшых сімвалаў Ражджаства, апавяшчаючы з’яўленне на свет малога Хрыста.

Выкананне каляднай гвязды з’яўляецца складаным дзеяннем, якім займаюцца малалікія асобы. Якуб Багацэвіч, пенсіянер з Крывятыч, пастаянна — ад звыш пяцідзесяці гадоў — штогадова ў снежні займаецца нарыхтоўкай такіх казачна каляровых папярова-драўняных гвязд. Ён выконвае іх пастаянна ў той самай манеры як і даўней, як рабіў гэта яго дзедка. Для гэтага патрэбнае старое рэшата, ліпавыя калочкі, каляровая папера і клей. Для асвятлення сёння заміж свечак устаўляюцца малыя электралямпачкі. Так нарыхтаваная гвязда, прыводзімая ў кручэнне рукою, стварае ўражанне мігцеючага нябеснага радаснага руху і свяціла абвяшчаючага Вялікую Навіну. Спадар Багацэвіч штогадова атрымлівае па некалькі заказаў на гвязды: ад прыватных асоб, прыходаў, народных калектываў, а быў заказ і ад „Праваслаўнага агляду”. Адна з ягоных шаснаццаціканцовых гвязд два гады таму перамагла ў конкурсным аглядзе і апынулася ў Этнаграфічным музеі ў Варшаве, а затым паехала ў Грэцыю. Гвязды Якуба Багацэвіча красуюцца таксама і ў замежных цэрквах — у Маскве, Роўным...

У Крывятычах, як расказалі мне найстарэйшыя жыхары вёскі — у санацыйны перыяд і зараз пасля вайны калядаваць хадзіла амаль уся вёска — уся кавалерка — па некалькі дзесяткаў чалавек разам са звыш дзесяццю гвяздамі. Праваднік (адзін з калядоўшчыкаў) спачатку пытаў гаспадара дазволу і толькі пасля згоды пачыналі спяваць. Пачыналі з прыпеўкі „Сёння Хрыстос нарадзіўся, усіх уцешыў. Мы Яго славіць хочам, вашу хату развесялім”. Калядоўшчыкі хадзілі ад хаты да хаты, але дадому не ўваходзілі — стукалі ў акно; сёння ў многіх хатах у вокнах цёмна... Калядоўшчыкам людзі заўсёды давалі грошы, так як і сёння. Калядавалі нават да поўначы, а пасля ладзілі да белай раніцы забаву пад гармонік і бубен, з гарэлкай. У неадлеглым Збучы за закалядаваныя грошы моладзь на другі дзень заказвала малебен у царкве, у якую ехалі на санях, і толькі пасля малітвы быў супольны абед і забава да раніцы.

Цяпер у Крывятычах калядуюць толькі нямногія малыя дзеткі — дзве групы. Жыхары вёскі чулліва прыгадваюць колішні вясёлы час, калі на вясковай вуліцы было столькі калядоўшчыкаў, як на ярмарцы. Сёння ў свята вуліца пустая, людзі святкуюць паасобку. І яшчэ сказалі мне ў Крывятычах, што хаця шануюць там традыцыю, аднак з палёгкай успрымаюць той факт, што ад некалькіх ужо гадоў маюць пасля свята зацішак ад старых калядоўшчыкаў з іншых прыходаў, нават з гор (!), якіх шмат хадзіла збіраць грошы для сваіх царкоўных спраў; мабыць забаранілі ім гэта зверху.

У Малінніках даўней у святочны час хадзілі з г.зв. Гэродам (Ірадам). Сёння тую традыцыю прадаўжае адно толькі фальклорны калектыў „Малінкі” і то толькі на абрадных аглядах у гарадах. Радуе ўсё ж такі тое, што традыцыйнае каляднае мастацтва пакланення Усявышняму ў нашым народзе яшчэ не звялося.