Ніва № 1 (2486), 4 студзеня 2004 г.

Show must go on

Уладзімір ЛАПЦЭВІЧ

Новы год Беларусь сустракае з новым прэм’ерам і новым дзяржаўным бюджэтам, які быў прыняты настолькі хутка, што некаторыя дэпутаты, па іх уласных сведчаннях, не паспявалі сачыць за ходам абмеркавання. Хаця, калі шчыра, галоўны фінансавы дакумент краіны беларускія парламентарыі са спрынтэрскай хуткасцю прымаюць не першы год. Такая асаблівасць працы над бюджэтам усталявалася ад 1996 года.

Але ў чарговы раз кранаць гаротную, мала кім прызнаную Палату прадстаўнікоў і яе паўнамоцтвы няма ніякага жадання. Здаецца, толькі лянівы не наракаў на „кішэннасць” беларускіх парламентарыяў, цалкавітай падпарадкаванасці іхніх рашэнняў адміністрацыі А. Лукашэнкі.

Больш цікавай падзеяй апошняга месяца 2003 года стала прызначэнне 19 снежня Сяргея Сідорскага прэм’ер-міністрам. У чымсці яна знакавая.

Цягам амаль паўгода Беларусь існавала без кіраўніка ўрада. Пасля гучнай, але ў той жа час малаабгрунтаванай, ліпеньскай адстаўкі Генадзя Навіцкага, вышэйзгаданы С. Сідорскі быў прызначаны выконваючым абавязкі прэм’ера. За час свайго фактычнага кіраўніцтва ўрадам гэты спадар вызначыўся, як адзначаюць аналітыкі, жорсткім стаўленнем да розных сур’ёзных эканамічных пытанняў. Гэта, у першую чаргу, тычыцца пераходу Беларусі на расійскі рубель і прыватызацыі манапаліста газавай сістэмы краіны „Белтрансгазу”. Па вялікаму рахунку, жорсткасць у стаўленні вызначалася і вызначаецца не столькі адносінамі самога Сідорскага да гэтых праблем, колькі паслядоўным правядзеннем лукашэнкаўскай лініі на недапушчэнне ў Беларусь расійскага капіталу. Вядома, у разуменні набыцця расіянамі таго, што фармальна з’яўляецца дзяржаўным, а па сутнасці належыць цяпер дзеючаму прэзідэнту.

У прынцыпе, сам С. Сідорскі і не адмаўляе ў сваёй адданасці прэзідэнту. Нездарма менавіта яго А. Лукашэнка і прапанаваў на пасаду прэм’ера. Трэба адзначыць, што новы кіраўнік урада заняў сваю пасаду не толькі без наяўнасці ўласнай палітычнай праграмы дзеянняў, але нават і не даючы справаздачу перад дэпутатамі за пяць месяцаў працы на месцы выконваючага абавязкі. Гэтыя моманты, а таксама і забарона шэрагу журналістам праз прэзідэнцкую адміністрацыю прысутнічаць на пасяджэнні парламента, дзе адбывалася зацвярджэнне кандыдатуры новага прэм’ера, указваюць на фармальнасць усёй працэдуры. Больш таго, з выступлення Лукашэнкі трэба разумець, што за хібы ў эканоміцы разам з новапрызначаным кіраўніком прыйдзецца адказваць усяму ўраду.

Але ўсяму ці не ўсяму гэта яшчэ пытанне, бо калі зважаць на ліпеньскую прэзідэнцкую пагрозу адказу за правалы, усе адстаўленыя члены папярэдняга складу ўраду атрымалі не горшую дзяржаўную працу. Можа што значна спакайнейшую. Той жа Навіцкі стаў кіраўніком вышэйшай палаты парламента — Савета Рэспублікі.

Сярэдзіна снежня для эканомікі Беларусі вызначылася таксама ўзнаўленнем перамоў з расійскім урадам аб пастаўцы ў краіну таннага газу. Ідуць яны цяжка. Расія звязвае пастаўкі па ўнутрырасійскіх коштах з прыватызацыяй „Белтрансгазу” па сваёй цане. На момант напісання артыкулу невядома, якім стане вынік. Але па ўсяму відаць, што прызначэнне жорсткага правадніка лукашэнкаўскай лініі прэм’ерам указвае на дэманстратыўнае нежаданне ісці на саступкі расіянам. Каму ад гэтага будзе горш пакуль невядома. Рост цэн на газ і далейшыя негатыўныя вынікі кансервацыі адміністратыўна-камандных метадаў кіравання беларускай эканомікай прымусяць хутка знайсці „вінаватага”, каб гучна і ўсенародна яго пакараць.

„Усе будуць несці адказнасць перад народам, — сказаў А. Лукашэнка ў адрас новага складу ўраду, — у тым ліку і кіраўнік дзяржавы, які будзе даваць справаздачу на з’ездзе”. Што гэта за з’езд і калі ён адбудзецца — нікому невядома, але show must go on. Значыць — будзем чакаць з’езда.