Ніва № 1 (2486), 4 студзеня 2004 г.

У Польшчы і Фінляндыі

Яўген МІРАНОВІЧ

Больш за дзесяць гадоў парламент ІІІ Рэчы Паспалітай рыхтуе Закон аб нацыянальных меншасцях. Прадбачваецца ў ім магчымасць карыстання роднай мовай грамадзянамі няпольскай нацыянальнасці ў кантактах з лакальнымі ўладамі. Але пакуль гэты закон стане фактам, невядома ці будзе каму дэманстраваць сваю іншасць сярод палякаў. Мабыць, беларусаў, немцаў ці літоўцаў стане столькі, колькі цяпер татараў ці караімаў. Гэтыя апошнія паказваюцца як праява шматкультурнасці нейкай правінцыі і талерантнасці пражываючага там люду.

У Беластоку тым часам карыстанне беларускай мовай на вуліцы, у аўтобусе ці краме некаторымі лічыцца праявай адвагі, іншымі — шаленства, а яшчэ іншымі — правакацыі, якая можа выклікаць агрэсію з боку найбольш талерантнай нацыі. Некаторыя маюць нават праблему, каб набыць доўгачаканую „Ніву” з календаром. Знаёмыя адкрыта заяўляюць, што баяцца рэакцыі крэсавых патрыётаў у некаторых газетных кіёсках, якія на лозунг „Ніва” пагардліва крычаць: „Nie ma”, або кідаюць у маўчанні. У іншых краінах Cярэдняй Еўропы пытанне карыстання нацыянальнымі меншасцямі сваёй роднай мовай вырашылі найчасцей ужо на пачатку дзевяностых гадоў. У Нямеччыне, у Саксоніі і Брандэнбургіі, у гмінах дзе пражывае сербская меншасць назвы мясцовасцей, дзяржаўных устаноў, аб’явы пра выбары, інфармацыйныя паведамленні друкуюцца на дзвюх мовах. На сербскай можна звяртацца ў адміністрацыйныя і судовыя ўстановы.

У Аўстрыі меншасцямі лічацца славенцы, харваты, італьянцы, чэхі, славакі і ромы. У мясцовасцях, у якіх меншасці складаюць прынамсі 25 працэнтаў насельніцтва, карэспандэнцыю з мясцовымі ўладамі можна весці на сваёй мове. Такое на практыцы адбываецца ў правінцыі Карынтыя, дзе на тэрыторыі трох паветаў славенская мова з’яўляецца афіцыйнай побач нямецкай. У правінцыі Бургеланд такія прывілеі маюць, мадзьяры а ў Штырыі — харваты.

У Славеніі дапаможнымі мовамі ў справаводстве з’яўляюцца венгерская і італьянская. Гэтыя меншасці маюць фактычна культурную аўтаномію. Тапаграфічныя назвы падаюцца, а лакальная адміністрацыя, судовыя ўстановы ў паветах, дзе пражываюць італьянцы і венгры, працуюць на мове гэтых народаў. У славенскім парламенце дэпутаты ад меншасцей могуць выступаць на сваіх мовах.

У 2000 годзе сваё дыскрымінацыйнае заканадаўства памянялі нават румыны, дазваляючы меншасцям, якіх у гміне прынамсі 20 працэнтаў, на поўнае карыстанне роднай мовай. Такім чынам дамінуючая ў Сямігорадзе венгерская нацыянальнасць атрымала ўмовы для стварэння культурнай аўтаноміі.

На тэрыторыі Венгрыі меншасці ад пачатку дзевяностых гадоў атрымалі шырокія правы для развіцця свае мовы і культуры, але там этнічныя супольнасці таксама невялікія і моцна асіміляваныя як у Польшчы. Фактычна пражываючыя сярод мадзьяраў балгары, румыны, сербы, славакі, украінцы ці немцы могуць выступаць у самаўрадах і парламенце на сваіх мовах, але гэта не адбываецца таму, што ніхто іх туды не выбраў.

У Славакіі закон дазваляе меншасцям, якіх у гмінах прынамсі 20 працэнтаў, карыстацца роднай мовай. Улады саставілі нават рэестр такіх мясцовасцей. На мадзьярскай мове павінны быць названы вуліцы і ўстановы ў 513 мясцовасцях, на карпата-рускай — 68, на ўкраінскай — 18, на ромскай — 58.

У Беларусі паводле закону ад 1995 года ўсе правы, большыя нават чым карэнная нацыя, мае расійская нацыянальная меншасць. Але гэта асаблівы выпадак у Еўропе, калі меншасць вызначае правы для большасці.

Найлепшая сітуацыя для ўсіх нацыянальных меншасцей у Фінляндыі. Як меншасці выступаюць там шведы, татары, жыды, рускія, ромы. Але фактычна толькі шведы выступаюць як рэальная супольнасць. У гмінах, дзе меншасці складаюць 8 працэнтаў, справаводства вядзецца на дзвюх мовах. Такіх двухмоўных гмін — 42. На тэрыторыі 5 гмін выступае толькі адна мова — шведская, паколькі пражывае там менш за 8 працэнтаў фінаў.

Фінляндыя — краіна, якая не маючы натуральных рэсурсаў, ні спрыяльных кліматычных умоў, развіваецца найхутчэй у свеце. Найменшая там карупцыя і найбольш сумленныя чыноўнікі. Фіны не баяцца таксама, што гміны, у якіх справаводства вядзецца на шведскай мове, захочуць далучацца да шведскай дзяржавы. Фіны зразумелі тое, чаго зразуменне зусім не пад сілу палякам.