Ніва № 1 (2486), 4 студзеня 2004 г.
Нестандартная іконаМіра ЛУКШАБольш за сорак гадоў айцец Рыгор Сасна — святар. Усе гэтыя гады святарскую паслугу спалучае з навукова-даследчыцкай працай. Адкрывае праваслаўную гісторыю Падляшша, збірае бібліяграфію на гэтую тэму. З кожным годам папаўняе бібліяграфію Усходняга хрысціянства ў Польшчы. Перад доктарам айцом Рыгорам Сасной (доктарская дысертацыя Гісторыя праваслаўных прыходаў Беласточчыны ў межах сённяшняй Варшаўска-Бельскай епархіі) стаяць адкрытыя бібліятэкі ды архівы Падляшша, Мінска, Масквы. Разам з Дарафеем Фіёнікам выдаў чатыры манаграфіі праваслаўных прыходаў (Орлі, Бельска, Рыбалаў і Пасынак), з матушкай Антанінай — манаграфію прыхода ў Жэрчычах. Матушка Антаніна таксама ўключылася ў даследчыцкую працу айца Рыгора. Выйшлі з друку кніга пра святыя месцы і цудоўныя іконы на Беласточчыне, кніга пра былыя прыходы паміж Нарваю і Бобрай. Паявілася кніга пра лёс нашых ікон, якія ў выніку розных ліхалеццяў расцярушыліся па свеце — Swiete miejsca i cudowne ikony. Атрымалі яны разам Узнагароду імя брата Альберта (Адама Хмялёўскага) за 2001 год за дасягненні ў галіне дакументавання гісторыі і дзейнасці праваслаўнае Царквы. У 2003 г., разам з пяццю іншымі праваслаўнымі асобамі заслужанымі ў экуменічнай і грамадскай дзейнасці з рук шэфа кабінета прэзідэнта РП атрымалі ордэны і адзнакі: Афіцэрскі крыж Ордэна адраджэння Польшчы — настаяцель царквы ў Рыбалах (ад 1987 года), гісторык а. Рыгор Сасна, а Залаты крыж заслугі — Антаніна Троц-Сасна, адзначаная з мужам за навукова-выдавецкую дзейнасць у галіне прадстаўлення гісторыі праваслаўных парафій і храмаў на Падляшшы. „Наша жаданне, — казаў айцец Рыгор Сасна, — калі будзе Божае бласлаўленне, выкарыстаць сабраны архіў і бібліятэку дзеля перадачы сваім людзям і Царкве нашага даробку ў памяць нашай Царквы і праваслаўных людзей Беласточчыны”. Зазначае, што Божая воля наводзіла яго на спатканне добразычлівых людзей, якія спрыялі здзяйсненню яго зацікаўленняў. Удзячны ён прафесару Васілю Чачузе, у свой час старшыні Беластоцкага навуковага таварыства (з яго дапамогай выйшла ў 1984 г. першая кніга: Bibliografia parafii prawoslawnych na Bialostocczyznie. Czesc alfabetyczna), мітрапаліту Саву, навуковым супрацоўнікам Інстытута славяназнаўства Акадэміі навук у Маскве, супрацоўнікам Нацыянальнай бібліятэкі ў Мінску, рэдактарам Przegladu Prawoslawnego, працаўнікам „Orthdruku”, таксама і „Ніве” (ад 19.10.1980 г.), якая па інспірацыі Міколы Гайдука некалькі гадоў вяла бібліяграфічны куточак і занатоўкі пра цэрквы — цыкл „Помнікі культуры”. Сотні публікацый у розных выданнях. Справай, якой займаецца бацюшка Рыгор, не ў навуковым кабінеце, а побач сваёй душпастырскай службы, у іншых месцах гэта заданне для 10-15 чалавек у інстытутах. „Першы дарадчык і рэцэнзент” ягоных навуковых прац — матушка Антаніна...Самая свежая кніга а. Рыгора і м. Антаніны — манаграфія жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, якую выдала Царкоўнае брацтва трох святых іерархаў у Беластоку на дзесяцігоддзе Жаночага манастыра Нараджэння Прасвятой Дзевы Марыі ў Беластоку. Як заўважыў епіскап Беластоцкі і Гданьскі Іакаў, кніга — не ўвядзенне ў сутнасць праваслаўнага манаства, а ілюстрацыя найнавейшай гісторыі праваслаўя на Беласточчыне, сведчанне духоўнага ажыўлення і Божага бласлаўлення для нашай Царквы. Гэта таксама запіс балючага былога, якое так часта бывае зафальшаваным і скрыўленым. Кніга прыбліжае гісторыю Жаночага праваслаўнага манастыра Нараджэння Прасвятой Дзевы Марыі ў Краснастоку, лёсы таго прыхода, лёсы Краснастоцкай іконы Божай Маці. Такім чынам гэтая манаграфія — запіс бурлівай гісторыі нашага рэгіёна. Манастыр у Беластоку — непасрэдны спадчыннік традыцыі Краснастоцкага манастыра і стражнік памяці аб ім. Епіскап Іакаў мае надзею, што неўзабаве стане ён таксама важным паломніцкім цэнтрам і крыніцай духоўнага ўздыму. Дзякуе таксама аўтарам кнігі — айцу Рыгору і матушцы Антаніне — няўтомным хранікёрам нашага былога.
|