Ніва № 51 (2484), 21 снежня 2003 г.

Беларускае — важнае і вартаснае

Аляксей МАРОЗ

Адкрыццём галерэі „НАР”, якое адбылося 5 снежня, распачалася рэалізацыя праекта стварэння ў Нараўцы рэгіянальнага музея. Будзе ён знаходзіцца ў пустуючым драўляным будынку былога дзіцячага садка.

З ідэяй стварэння побач Гміннага асяродка культуры міні-музея выступіў мастак Віктар Кабац, ураджэнец Нараўчанскай гміны. Яго прапанову падтрымалі ўправа Таварыства сяброў Нараўчанскай зямлі і войт Мікола Павільч. Праект падрыхтавалі выконваючая абавязкі дырэктара ГАК Анна Стульгіс і працаўнік асяродка Кацярына Бяляўская. За фінансавай дапамогай на рэалізацыю праекта гмінныя ўлады выступілі ў Міністэрства культуры. Зараз людзі прыносяць у прадшколле старыя прылады працы, вопратку і прадметы, якія выкарыстоўваліся ў мінулым.

— Калі я старалася па-беларуску размаўляць з гасцямі з Беларусі, чула ў адказ рускую мову. Гэта мяне падштурхнула зрабіць нешта дзеля захавання ў нас беларускай мовы, культуры і нашай тоеснасці. Трэба, каб нашы жыхары і турысты зразумелі, што беларускае таксама важнае і вартаснае. Нам добра ведаць нашы карані і сённяшняе становішча. Турыстаў цікавяць нашы адметнасці і не трэба іх саромецца. Варта, каб яны ведалі з якой культуры выводзяцца Лявон Тарасэвіч, Тамара Саланевіч ці Барыс Руско. Плануем прэзентаваць наведвальнікам тканне на кроснах і пячэнне хлеба. Кросны і хлебную гліняную печ прадбачваем паставіць у вялікім пакоі пераробленым на даўні вясковы лад, — заяўляе Кацярына Бяляўская.

Дзейнасць галерэі „НАР” адкрыў войт Нараўчанскай гміны Мікола Павільч. Паінфармаваў ён, што мастацкія выстаўкі будуць прэзентавацца пастаянна. Калі будзе дапамога з Міністэрства культуры, то музей будзе адкрыты ў 2004 годзе.

— Калі не будзе ўрадавай дапамогі перабудова прадшкольнага будынка на музей зацягнецца. Плануем пакрыць будынак гонтамі і нанава зрабіць вонкавую штукатурку сцен, каб хата была падобна на вясковыя дамы. Усе прылады не памесцяцца і таму манеж і сячкарню хочам паставіць на панадворку. Прадбачваем арганізаваць у будынку гастранамічную дзейнасць і прапанаваць турыстам мясцовыя бульбяныя стравы і „кашанку”, — кажа войт Мікола Павільч. Працаўнікі асяродка культуры прапануюць купіць вясковую хату, каб яе сцены ўставіць усярэдзіну будынка. Тады ўнутраны выгляд музея будзе натуральнай копіяй вясковых пакояў. Экспанаты, якія не памесцяцца ў доме, будзе можна вынесці ў гаспадарчы будынак каля музея-хаты. Ёсць чалавек, які хоча для музейных патрэб аддаць сваю клуню.

— Я задаволены месцам, у якім магу прэзентаваць свае працы, бо тут непаўторны клімат вясковай хаты і свая душа. Бываў я ў галерэях Санкт-Пецярбурга і Масквы, але там няма такой як тут інтымнасці, — гаворыць Пётр Гаган з Гайнаўкі, аўтар алейных карцін. Працы з карэнняў дрэў выканаў Уладзімір Мусько з Гайнаўкі. Яго сын Андрэй паказвае фатаграфіі пудзілаў для адпуджвання птушак. Славамір Кулік з Гайнаўкі і Ігар Пацэвіч з Нараўкі прэзентуюць здымкі пушчанскіх і прыпушчанскіх краявідаў. Віктар Кабац прывёз у Нараўку рысункі навеяныя пушчай.

— На выстаўцы прэзентуем працы людзей, якія выводзяцца з Нараўчанскай гміны або цікавяцца ёю, — інфармуе Віктар Кабац. — Я на пушчу не гляджу рэалістычна. Мяне не цікавіць выгляд дрэў, але клімат пушчы. Таму мае працы больш абстрактныя ад іншых.

На мерапрыемства прыйшлі жыхары Нараўкі і наваколля. Маглі яны паразмаўляць з аўтарамі прац.