Ніва № 51 (2484), 21 снежня 2003 г.

На год старэйшы — але ці разумнейшы?

Яўген ВАПА

2003 год памаленьку завяршае свой зямельны прамежак часу. Хочам ці не хочам, у свае біяграфіі дапісваем чарговыя трыста шэсцьдзесят пяць дзён. Запісваем іх у нашай памяці як дні радасныя, сумныя, бурлівыя ці проста звычайныя. Але заўсёды застаюцца такія вобразы, якія памятаюцца больш выразна і гадамі; гэта проста падзеі, што пакінулі больш трывалы адбітак на нашых жыццёвых шляхах. І непазбежнае пытанне на адыход старога года: мы на год старэйшыя, але ці разумнейшыя? Ці не ёсць так, што мы абяцаем сабе штогод рабіць высновы з нашых памылак, абяцаем давесці пэўныя справы да канца, заракаемся пазмагацца з нашымі слабасцямі. А вынік нашых абяцанняў мізэрны і спадзяванні ў рэшце рэшт адтэрміноўваюцца на наступныя гады.

Тое ж самае адбываецца і ў грамадска-палітычным жыцці народаў і дзяржаў. Вельмі часта інтарэсы грамадства бываюць супярэчлівымі з інтарэсамі дзяржавы і наадварот. Адыходзячы 2003 г. для жыхароў Польшчы быў чарговым годам расчаравання і разыходжання поглядаў паміж звычайнымі грамадзянамі і палітычна-адміністрацыйнай групай, трымаючай уладу ў краіне. Сацыёлагі і палітолагі адзначаюць, што ізноў у грамадскай свядомасці выразна праяўляецца падзел: мы і яны. Падзел, які быў вельмі характэрны польскаму грамадству да падзення камунізму. Звычайныя людзі, якія распараджаюцца інструментам у выглядзе дэмакратычных выбараў, стомленыя непавагай да законаў з боку „іх” — кіруючых. Афёра Рывіна, „аднарукіх бандытаў” — ігральных аўтаматаў, адсочванне і супрацьдзеянне з боку спецслужбаў у дачыненні да незалежных СМІ — гэта ўжо не сігналы, але праявы хворай дзяржаўнай сістэмы.

Як можна марыць пра эканамічныя ініцыятывы звычайных людзей, калі чыноўнікі падаткавых і фінансавых кантрольных структур у любы момант па заказе, або і не, могуць давесці да руіны на аснове толькі ўласнай інтэрпрэтацыі законаў самую, лепшую фірму. А самі пры гэтым не нясуць ніякай адказнасці. Прыклад Рамана Клюскі і ягонай фірмы „Оптымус”, якому суд прызнаў рацыю, а не фінансавай палаце, паказальны сіндром з’явы „чыноўнік на паслугі”. Апраўдання дабіўся адзін з багацейшых людзей у Польшчы, які думаў наіўна рабіць бізнес без аглядкі на ўладныя палітычныя структуры. Але маральныя патраты Рамана Клюскі і ягоных супрацоўнікаў, калі з дня на дзень уласніка фірмы арыштоўваюць спецпадраздзяленні і з арышту адпускаюць за некалькімільённую каўцыю, несумненныя. Ягоны намеснік расплачваецца цяжкай хваробай за тое, што не хацеў пасведчыць няпраўду супраць свайго шэфа. Наступіў гвалтоўны абвал цаны акцый фірмы „Оптымус” на варшаўскай біржы. Фірма, якая была сімвалам здаровага польскага капіталізму дзевяностых гадоў, ледзь уцалела ад банкруцтва. Падобных спектакулярных дзеянняў з боку ўлады пад адрасам фінансавых кругоў у гэтым годзе было многа. Колькі з іх было апраўданымі? А колькі выконвала ролю ігрышчаў, каб на момант адвесці ўвагу грамадства ад сапраўдных прычын эканамічных клопатаў нашай дзяржавы. Некаторыя з гэтых дзеянняў жыўцом нагадваюць сцэнарый, рэалізаваны падаткавымі інспекцыямі і судамі ў беларускай дзяржаве, кіраванай Аляксандрам Лукашэнкам. Спадзяюся, што абяцаныя міністрам Гаўзнерам эканамічныя і адміністрацыйныя свабоды для прадпрымальнікаў не прайграюць з дрэнна зразумелымі „інтарэсамі дзяржавы”.

Калі гэты вобраз дапоўніць вынікамі назіранняў за самакіраваннем, то людзі інстынктыўна хочуць быць як найдалей ад улады і перастаць думаць пра сваю грамадзянскую адказнасць. Часова такая сітуацыя выгадная любой уладзе. Расчараванне дэмакратычнай працэдурай даводзіць да таго, што больш за палову грамадзян Польшчы не ўдзельнічае ў выбарах. Тады галоўную ролю адыгрываюць гэтак званыя „жалезныя электараты” кожнай партыі ці руху. Бо яны даюць галасы, якія перакладаюцца на мандаты ці рэальную ўладу. І ў залежнасці ад вагання грамадскіх настрояў уладу мае адна ці другая групоўка, але кола палітычных гульцоў тое ж самае. У гэтым годзе палітычныя функцыянеры перапалохаліся, калі трэба было, каб больш за 50% жыхароў Польшчы прыняло ўдзел у еўрасаюзным рэферэндуме. І смешна і жахліва было глядзець як прыхільнікі і праціўнікі еўрапейскай ідэі аб’ядналіся на адной платформе — выправіць нас, разгубленых прапагандай, на выбарчыя ўчасткі. Гэта ім удалося, але грамадства свой розум мае і чакае чарговай магчымасці пакарыстацца выбарчай карткай.

Таму вось, калі зіма завітала на наш панадворак, даючы нам знак, што на Беласточчыне зараз пачнецца звышмесячная імітацыя працы ўва ўсіх установах і ўсе ўсіх будуць абцалоўваць на гэтак званых „экуменічных сустрэчах”, то дзеля святочнага настрою жадаю, каб прынамсі за святочнай чаркай не разбірацца з аферыстамі. Маем на гэта час у іншыя дні 2004 і вельмі важнага ў выбарчым плане 2005 года.