Ніва № 51 (2484), 21 снежня 2003 г.

Чыгуначны палац

— Давайце, калі ласка, білет у Бельск-Падляшскі, — звярнуўся да элегантнай і акуратна апранутай касіршы віцэ-прэм’ер Марэк Поль. Так і настаў гістарычны момант. 28 лістапада рушыла праца новага вакзала ПКП у Беластоку.

Раней віцэ-прэм’ер, у кампаніі м.інш. падляшскага віцэ-ваяводы Ежы Паўяновіча разрэзаў бела-чырвоную стужку перад новым вакзальным аб’ектам, які адкрылі пасля 14 гадоў рамонту. Працягвалася гэта так доўга, бо штогод бракавала грошай на гэту мэту. Толькі ў апошнім годзе праца набрала тэмпаў, а гэта дзякуючы міністру Полю, які асабіста ангажаваўся і знайшоў у бюджэце фінансавыя рэзервы на завяршэнне прац. Агулам — згодна з разлікамі рэгіянальнай дырэкцыі ПКП у Беластоку — рамонт паглынуў 25 млн. зл. (10 млн. у апошнім годзе). І гэта яшчэ не канец. Будынак, дзе былі калісьці білетныя касы, будзе разбураны, а на тым месцы паставяць большы. Тым часам вясной пачнецца рамонт пад’ездаў. Новы вакзал займае 3 тыс. м2. На яго тэрыторыі працуе сем кас, сярод іх адна для інвалідаў. Ёсць тут бар, крама з прэсай, нават інтэрнэт-клуб, ну, і, вядома, шыкоўныя туалеты (пакарыстацца можна імі не так і танна, бо аж за 2 злоты).

Вялікай папулярнасцю ў першыя дні карысталася цукерня са знакамітымі напалеонкамі. У дзень адкрыцця раздавалі пячэнне задарма! Гандлёвая частка размешчана на антрэсолі. Аб’ект знакаміта агучаны, абсталяваны ў сістэму камер. Забяспечвае яго таксама кругласутачная ахова. Ахоўнікі ў рамках пільнавання парадку займаюцца таксама тым, каб на тэрыторыі вакзала не начавалі бяздомныя.

У чакальні і ў гандлёвым цэнтры, аточаных крутымі лесвіцамі, ёсць некалькі дзесяткаў месцаў для сядзення. Некаторыя з пасажыраў, аднак, наракаюць: „Трохі зацесна гэтая чакальная зала...”

Пасажыры і госці адкрыцця заявілі амаль аднагалосна:

— Гэта фактычна візітная картачка Беластока.

Віцэ-прэм’ер Поль у сваю чаргу назваў новы беластоцкі вакзал „чыгуначным палацам”:

— Беласток стаў чыгуначнымі варотамі на ўсход.

І заявіў:

— У наступным годзе пачнецца новая эпоха фінансавання рэгіянальнай чыгункі. Будуць гэтым займацца самаўрады, якія на гэту мэту атрымаюць адпаведную колькасць грошай.

Акдрыццю спадарожнічала выстаўка, адлюстроўваючая чарговыя этапы рамонту вакзала, памятаючага царскі час, занесенага ў спісак помнікаў.

Беластоцкі „чыгуначны палац” можа абслужыць у суткі нават 30 тысяч асоб.

(холм)