Ніва № 51 (2484), 21 снежня 2003 г.

Даплаты да сельгаспрадукцыі

Размова з Міколам ЯНОЎСКІМ, кіраўніком Павятовага бюро Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі ў Гайнаўцы.

— Гаспадары з Махнатага ўжо у гэтым годзе выступалі за даплатамі да сельскагаспадарчай прадукцыі. Чаму так рана трэба было ім рашацца?

— У Махнатым арганізавана была праверка ўмеласцей гаспадароў, якіх мы вучылі яшчэ ў чэрвені. Запаўнялі яны дакументы, якія трэба будзе падаваць у наступным годзе дзеля атрымання даплат да сельгаспрадукцыі. Працаўнікі ваяводскіх структур Агенцтва рэструктурызацыі і мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі кантралявалі дзве вёскі ў Падляшскім ваяводстве. Былі гэта Махнатае Гайнаўскага павета і Снядова Ломжынскага павета. 42 гаспадары з Махнатага прынеслі да нас заявы на даплаты да сельгаспрадукцыі з адпаведнымі дакументамі. Зараз ідзе праверка гэтых прашэнняў працаўнікамі ваяводскіх структур нашага агенцтва. Прыязджалі яны ў Махнатае і правяралі плошчы лугоў і ўчасткаў пад збожжам.

— Ці вядомы ўжо вынікі кантролю?

— Пасля ўступных аналізаў аказалася, што большых памылак не было. Тыя гаспадары, якія дакладна памералі паасобныя ўчасткі засеяныя канкрэтнымі раслінамі, у 100% добра запоўнілі дакументы. У іншых гаспадароў, якія падалі прыблізныя плошчы ўчасткаў, ёсць невялікія розніцы ў параўнанні з сапраўднай велічынёй.

— Хто найчасцей памыляўся?

— Рабілі гэта найчасцей старэйшыя сяляне. У мяне просьба да гарадскіх дзяцей усіх гаспадароў. Прыедзьце да бацькоў і памажыце ім перамераць поле і запоўніць заявы на даплаты.

— Якія даплаты прадбачаны ў наступным годзе гаспадарам, якія беспамылкова запоўняць прашэнні?

— Прадбачваецца, што гаспадары з еўрасаюзнага бюджэту атрымаюць па 160 злотых да гектара расліннай прадукцыі. Калі будуць грошы, то ад 140 да 190 злотых даплаты павінна быць з дзяржаўнага бюджэту да кожнага гектара лугоў. Дадатковыя бюджэтныя даплаты да збожжа і іншай расліннай прадукцыі не будуць большымі за 290 злотых. Не прадбачваюцца даплаты да бульбы, агародніны, трускалак і некаторых іншых раслін. Каб была даплата да параніны, не можа быць яна зарослай пустазеллем.

— А як з даплатамі да жывёлагадоўлі?

— Яна ўлічана ў даплаты да лугоў і пашы.

— Што пагражае сялянам, якія дрэнна запоўняць дакументы?

— Калі розніца паміж прадстаўленай велічынёй поля і сапраўднай тэрыторыяй не будзе большай за 3%, то не будзе ніякіх пакаранняў. У выпадку розніцы ад 3% да 30%, трэба будзе заплаціць штраф, якога велічыня будзе залежаць ад працэнтнага размеру памылкі. У выпадку разыходжання большага чым 30% — забяруць даплаты на год, а перавышаючага 50% — забяруць дафінансаванне на 3 гады.

— Ці прадбачваеце адукаваць сялян з іншых вёсак, каб навучыліся рыхтаваць дакументы, з якімі будуць выступаць за даплатамі?

— Ужо праведзены спатканні і ў іншых вёсках, дзе вучылі мы рыхтаваць адпаведныя дакументы. Сарганізуем 160 сустрэч — ва ўсіх вёсках Гайнаўскага павета. Добра было б, каб на такія спатканні гаспадары прыходзілі з геадэзічнымі нумарамі, выпісамі з рэестру грунтаў і копіямі эвідэнцыйных картаў. Трэба таксама ведаць, якой велічыні паасобныя палеткі збожжа на адным геадэзічным участку.

— Куды павінны звяртацца асобы, якія не ведаюць геадэзічных нумароў або дакладнай плошчы свайго поля?

— Гаспадары павінны прыйсці за гэтымі інфармацыямі ў геадэзічныя аддзяленні сваіх старостваў. Калі людзі нешта не разумеюць, то запрашаем да нас, у Павятовае бюро агенцтва, якое знаходзіцца па вуліцы Пілсудскага ў Гайнаўцы. Будзем тлумачыць дакладней. Прадбачваем, што ў Гайнаўскім павеце могуць быць складзены каля 7 тысяч заяў на даплаты. Нават уласнікі ўчастка плошчаю звыш 1 гектара зямлі будуць маглі выступаць за даплатамі. Мне хацелася б, каб усе дакументы былі запоўнены правільна і не трэба было забіраць даплат.

— Дзякую за размову.

Гутарыў Аляксей МАРОЗ